Украіна: пачаўся конкурс на стварэнне вучэбна-практычных цэнтраў ва ўстановах прафесійнай адукацыі

Міністэрства адукацыі і навукі абвясціла пра пачатак прыёму ад устаноў прафесійнай адукацыі заявак на конкурс для стварэння вучэбна-практычных цэнтраў.

Агульны бюджэт праграмы складае 259 млн грн., выдзеленых кабінетам міністраў Украіны на ўладкаванне цэнтраў у 2020 годзе.

Па словах Ганны Навасад, яе ведамства ўпершыню атрымала ад урада такую падтрымку на вучэбна-практычныя цэнтры, таму ведамства павінна патраціць гэтыя сродкі эфектыўна.

“Менавіта таму іх атрымаюць толькі тыя ўстановы, дзе займаюцца як мінімум 400 навучэнцаў і дзе маюць цэласнае бачанне, як выкарыстоўваць рэсурсы цэнтра з максімальнай карысцю. Зараз кіраўнікі ўстаноў і мясцовыя ўлады могуць дапрацоўваць свае праектныя заяўкі і падавацца на конкурс. Гэта рэальная магчымасць палепшыць якасць адукацыі ў найбольш магутных і здольных установах”, — адзначыла міністр.

Падаць дакументы можна да 12 сакавіка 2020 года. Удзел у конкурсе могуць прыняць усе ўстановы прафесійнай адукацыі, незалежна ад таго, ці ёсць ужо ва ўстанове вучэбна-практычны цэнтр.

Закупка абсталявання будзе адбывацца на ўмовах сумеснага фінансавання. Пры гэтым Мінадукацыі не будзе абмяжоўваць пералік прафесій, па якіх можна адкрыць вучэбна-практычны цэнтр. Установы прафесійнай адукацыі сумесна з мясцовымі ўладамі могуць самастойна вызначыць, якіх спецыялістаў не хапае на рэгіянальным рынку працы, і адкрыць цэнтр па гэтай прафесіі.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.