Украіна: падрыхтавана серыя відэаролікаў па інклюзіўнай адукацыі

Міністэрства адукацыі і навукі Украіны апублікавала першую серыю відэарастлумачэнняў пра інклюзіўнае навучанне. З іх бацькі змогуць даведацца пра тое, што такое інклюзіўна-рэсурсныя цэнтры, як у іх звярнуцца і атрымаць дапамогу спецыялістаў.

У далейшым міністэрства апублікуе яшчэ тры асобныя ролікі пра механізмы залічэння і адкрыцця інклюзіўных груп на ўсіх узроўнях адукацыі — ад дашкольнай да ВНУ.

У роліках з бацькамі будзе размаўляць дзяржаўны эксперт дырэктарата інклюзіўнай і пазашкольнай адукацыі Вольга Набочанка.

“Мы разумеем, наколькі важная роля бацькоў дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі ў вучэбным працэсе. Менавіта таму падрыхтавалі для іх у фармаце відэа пакрокавую інструкцыю па пытаннях, якія цікавяць іх больш за ўсё. Што рабіць, куды і калі звяртацца — усё гэта мы тлумачым”, — адзначыла міністр адукацыі і навукі Ганна Навасад.

Яна таксама дадала, што ролікі будуць карыснымі не толькі для бацькоў, але і для ўсіх, хто цікавіцца тэмай інклюзіўнага навучання.

У далейшым серыю будуць абнаўляць, сярод наступных тэм — дашкольная, прафесійна-тэхнічная і вышэйшая адукацыя.