Украіна: распачаў работу анлайн-сэрвіс праверкі дыпломаў

- 12:26Паралелі

Ва Украіне распачаў работу сэрвіс праверкі дакументаў аб вышэйшай адукацыі. Ён дазваляе пацвярджаць сапраўднасць дакументаў, выдадзеных з 2000 года, аб вышэйшай адукацыі дзяржаўнага ўзору.

Работу сэрвісу забяспечвае дзяржаўнае прадпрыемства “Інфарэсурс”. Платформа дазваляе атрымліваць юрыдычнае пацвярджэнне сапраўднасці дыплома непасрэдна на электронную пошту.

Па словах кіраўніка галіновага ведамства Ганны Навасад, Мінадукацыі актыўна працуе над стварэннем зручных сэрвісаў для прадастаўлення адміністрацыйных паслуг. “Такім чынам мы фарміруем культуру ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў з ключавымі стэйкхолдарамі — звычайнымі грамадзянамі. Цяпер яны, не выходзячы з дому, у два клікі могуць атрымаць дакумент, які пацвярджае сапраўднасць дыплома”, — адзначыла міністр.

Для пацвярджэння сапраўднасці дакументаў дастаткова запоўніць форму на сайце адзі­най дзяржаўнай электроннай базы па пытаннях адукацыі, паказаўшы рэквізіты дыплома і персанальныя даныя яго ўладальніка. Сістэма фарміруе пацвярджэнне, накладае на яго электронны подпіс і пячаць і адпраўляе на зазначаны ў запыце электронны адрас на працягу трох рабочых дзён.

Звяртацца з такім запытам могуць не толькі фізічныя асобы, якія з’яўляюцца ўладальнікамі дыпломаў. Гэта могуць рабіць уста­новы вышэйшай адукацыі, народныя дэпутаты, афіцыйныя ўстановы, журналісты і іншыя зацікаўленыя асобы, якія маюць даныя дакумента аб адукацыі.

Аднак недаступнай застаецца інфармацыя пра выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і ваенных навучальных падраздзяленняў вышэйшых навучальных устаноў, як паведамляе Ocвіта.ua.