Украіна: руская мова з'явіцца ў школах у якасці другой замежнай

- 11:58Паралелі
З новага навучальнага года ўступае ў сілу распараджэнне Міністэрства адукацыі і навукі пра абавязковае вывучэнне ў школах другой замежнай мовы. Паводле новых правіл, з 5 класа ўводзіцца абавязковае вывучэнне другой замежнай мовы. Ёй можа быць любая замежная мова, руская, ці іншая мова нацыянальных меншасцей.

Паводле гэтых даных, 52% школ абралі нямецкую мову, 23% — рускую, 14% — французскую, 8% — англійскую, 2% — польскую, 1% — іспанскую.
Па інфармацыі кіраўніка парламенцкага камітэта па пытаннях навукі і адукацыі Ліліі Грыневіч, толькі ў Кіеўскай вобласці рускую як замежную будуць вывучаць 50% навучэнцаў, а ў Барыспальскім раёне такіх школьнікаў 62%.
Фота з сайта www.uim5.ruЯк адзначае аглядальнік “Люстэрка тыдня” па пытаннях адукацыі Аксана Анішчанка, для некаторых школ выбар рускай мовы ў якасці другой замежнай можа стаць адзіным выйсцем. “Уявім сабе сітуацыю: паводле новых вучэбных планаў, школа абавязана ўвесці другую замежную мову. Якую ж? У спецыялізаваных школах з паглыбленым вывучэннем замежных моў такое пытанне не з’яўляецца праблемай — і кадры, і матэрыяльная база для ўвядзення другой мовы ў іх на месцы. А што рабіць іншым, асабліва сельскім, школам, дзе і так не заўсёды хапае прадметнікаў-“замежнікаў”? Выйсце адно — руская, выкладаць якую можа ледзь не кожны настаўнік-філолаг”, — піша ў сваім артыкуле Аксана Анішчанка.
У той жа час некаторыя спецыялісты сцвярджаюць, што вывучаць рускую мову ў якасці замежнай незаконна. Такой думкі, у прыватнасці, прытрымліваецца дырэктар Цэнтра тэставых тэхналогій і маніторынгу якасці адукацыі Ігар Лікарчук. У эфіры “5 канала” ён заявіў: “Ёсць закон аб асноўных прынцыпах моўнай палітыкі, артыкул 7 гэтага закона вызначае, што руская з’яўляецца рэгіянальнай мовай. Такім чынам, з пытаннем, ці можна яе адносіць да катэгорыі замежнай мовы, трэба звяртацца не да лінгвістаў, а да дзеючага заканадаўства”, — сказаў ён.
“Замежная мова дакладна вызначаецца законам. І дырэктар школы, які будзе ўкараняць вывучэнне сярод замежных моў рускай мовы, рызыкуе натрапіць на такую рэч, як нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў”, — дадаў Лікарчук. Ён растлумачыў, што калі ў вучэбным плане, які з’яўляецца фінансавым дакументам, гаворка ідзе пра вывучэнне другой замежнай мовы, то толькі на замежную кіраўнік школы і можа выдаткоўваць грошы. “Мы тут ставім пад удар дырэктара школы”, — лічыць Лікарчук.