Украіна: у Кіеве стартавала ўступная кампанія ў школы

- 11:19Паралелі

У сталіцы Украіны пачалося залічэнне дзяцей у першыя класы. Пра гэта, спасылаючыся на Дэпартамент адукацыі і навукі, моладзі і спорту Кіеўскай гарадской дзяржадміністрацыі, паведаміў сайт Освіта.UA.

У прыватнасці, цяпер у школах усёй Украіны пры паступленні ў першыя класы не будуць праводзіцца конкурсы для будучых першакласнікаў. Сем’і могуць скарыстацца правам выбару школы без усялякіх абмежаванняў. “Дзяржава гарантуе кожнаму будучаму першакласніку права на першачарговае залічэнне ў школы па месцы жыхарства. Разам з тым бацькі могуць скарыстацца і правам асабістага выбару любой іншай школы для залічэння на вольныя месцы”, — адзначаюць у адміністрацыі. Залічэнне дзяцей у першыя класы будзе праходзіць у два этапы: першачарговы — па месцы пражывання і другі — па выбары (пры наяўнасці свабодных месцаў).

Прыём дакументаў для залічэння дзяцей у першыя класы па месцы жыхарства адбудзецца з 23 красавіка па 31 мая 2018 года.

Для гэтага бацькі павінны падаць у школу заяву ад аднаго з бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць, копію пасведчання аб нараджэнні і медыцынскую даведку дзіцяці. Пры гэтым у сталіцы не трэба дадаткова атрымліваць даведку аб рэгістрацыі, бо даныя пра дзяцей ужо ёсць у тэрытарыяльна гарантаванай школе, яны прадастаўлены з рэестра Кіева.

Выпіску з даведкі аб рэгістрацыі давядзецца прадставіць сем’ям першакласнікаў, якія маюць статус часова перамешчаных асоб, для пацвярджэння іх месца жыхарства.

Усе астатнія бацькі, якія хочуць скарыстацца правам выбару школы не паводле тэрыторыі абслугоўвання, з 1 па 15 чэрвеня 2018 года павінны падаць названыя дакументы ў выбраную імі ўстанову, і пры наяўнасці свабодных месцаў дзіця будзе залічана.