Украіна: у краіне створана 145 практычных цэнтраў

- 11:46Паралелі

За апошнія 4 гады ў краіне створана 145 вучэбна-практычных цэнтраў за кошт дзяржаўнага бюджэту. Пра гэта, як паведамляе Освіта.ua, расказаў намеснік міністра адукацыі і навукі Пётр Каржэўскі падчас нарады стэйкхолдараў праграмы EU4Skills.

Паводле яго слоў, сетка вучэбна-практычных цэнтраў пачала перабудоўвацца з 2016 года. “Яны з’яўляюцца асяродкамі сучаснага абсталявання і матэрыялаў, якія дапамагаюць вучням зразумець практычны складнік прафесіі падчас вучобы. Цяпер за кошт дзяржбюджэту створана 145 такіх цэнтраў па 9 напрамках, такіх як лёгкая прамысловасць, ручная апрацоўка металу, сантэхніка, зварачныя і электратэхнічныя тэхналогіі. Вучэбна-практычныя цэнтры ёсць амаль у кожным рэгіёне”, — расказаў П.Каржэўскі.

Ён таксама дадаў, што з-за высокага кошту тэхнікі цэнтры па прафесіі трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці з’яўляюцца найбольш дарагімі. Уладкаванне аднаго такога цэнтра каштуе больш за 10 млн грыўняў.

Таксама падчас нарады ўдзельнікі абмеркавалі еўрапейскі праект прафесійнай адукацыі EU4Skills, які бу­дзе рэалізоўвацца ва Украіне. Яго мэтай з’яўляецца абнаўленне інфраструктуры, стварэнне новых цэнтраў дасканаласці, а таксама змяненне зместу прафесійнай адукацыі.