Украіна: у Луцку хочуць увесці плату за наведванне школы

Калі бацькі, чые дзеці не зарэгістраваны ў Луцку, вымушаны будуць плаціць за адукацыйныя паслугі садоў і школ, гэта дазволіць разгрузіць чэргі ў навучальныя ўстановы ў горадзе. Пра гэта паведамляе мясцовае выданне “Волиньскі новини” са спасылкай на праведзенае пасяджэнне пастаяннай камісіі Луцкага гарадскога савета па пытаннях планавання сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і фінансаў.

У прыватнасці, па інфармацыі выдання, кіраўнік упраўлення адукацыі Зіновія Лешчанка нагадала, што, згодна з пераходным палажэннем да Закона “Аб адукацыі”, з 1 сту-дзеня “грошы павінны хадзіць за дзіцем”, таму быў распрацаваны праект рашэння “Аб устанаўленні платы за прадастаўленне адукацыйных паслуг ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі камунальнай формы ўласнасці для бацькоў, чые дзеці не зарэгістраваны ў Луцку”.

Чыноўніца адзначыла, што бацькі дзяцей, якія не зарэгістраваны ў Луцку, будуць пакрываць толькі тыя сродкі, якія вылучаюцца на ўтрыманне вучня з гарадскога бюджэту. Гаворка ідзе пра бацькоў, якія не плацяць падаткі ў гарадскі бюджэт.

Паводле яе слоў, цяпер каля 2500 дзяцей з суседніх рэгіёнаў вучацца ў Луцку. У выпадку, калі бацькі будуць плаціць за іх адукацыйныя паслугі, гарадскі бюджэт можа атрымліваць каля 5 млн грывень у год, якія можна будзе выдаткаваць на патрэбы школ і дзіцячых садкоў.

Так, цяпер на адно дзіця, якое вучыцца ў школе, у сярэднім прыпадае 21,5 грыўні ў дзень (без харчавання), а на дзіця, якое знаходзіцца ў садку, — 51,2 грыўні (з улікам харчавання).

Дэпутат і кіраўнік камісіі Барыс Смаль адзначыў, што Канстытуцыяй Украіны гарантуецца бясплатная адукацыя, аднак на практыцы без сродкаў бацькоў школы і садкі не могуць існаваць.

“Нам трэба нешта рабіць у Луцку. З нагоды гэтага праекта рашэння, то я яго разглядаю як заяву пра намер неяк урэгуляваць гэтае пытанне”, — сказаў ён.

На пасяджэнні камісіі дэпутаты абмеркавалі магчымасць аплаты адукацыйных паслуг, якія атрымліваюць дзеці, не зарэгістраваныя ў Луцку, дзякуючы міжбюджэтным трансферам. Таксама было вырашана стварыць рабочыя групы, каб правесці перамовы з суседнімі рэгіёнамі па гэтым пытанні, а разгляд праекта рашэння да моманту яго дапрацоўкі адкласці.