Украіна: у Міністэрстве аховы здароўя знізілі прахадны бал экзамену “Крок” для студэнтаў-медыкаў

У Міністэрстве аховы здароўя запэўніваюць, што знізілі прахадны бал экзамену “Крок-­1” для медыкаў, таму што хацелі падтрымаць студэнтаў у нялёгкі навучальны год. Пра гэта са спасылкай на каментарый намесніка міністра Ірыны Мікічак паведамляе “Освіта.ua”.

Экзамены “Крок” ацэньваюць вялікую працу студэнтаў на працягу ўсяго навучальнага курса. “Крок­ -1” — гэта экзамен па агульнанавуковых дысцыплінах, здаюць яго па праграме 1—3 курсаў. “Крок-­2” ацэньвае веды па практыка-­арыентаваных прадметах. Штогод мяжа экзаменаў “Крок” і ацэнкі ведаў пераглядаецца міністэрствам, устанаўліваецца пэўны працэнтны цэнз”, — адзначыла І.Мікічак.

Паводле яе слоў, сёлета былі вельмі складаныя ўмовы для вучэбнага працэсу. “Таму міністэрства адрэагавала на прапанову Цэнтра тэсціравання навукова­педагагічных работнікаў. Мы лічым, што можам знізіць працэнтны цэнз экзамену, каб зняць псіхалагічную нагрузку на нашых студэнтаў і падтрымаць іх маральна ў гэтай сітуацыі”, — сказала яна.

Акрамя таго, у ведамстве адзначаюць, што “Крок-­1” не вызначае прафесійную гатоўнасць медыка. “Варта звярнуць увагу на тое, што сам па сабе “Крок­-1” не вызначае прафесійную гатоў­насць выпускніка медыцынскага ўніверсітэта. Далей навучанне ва ўніверсітэце працягваецца, і, акрамя тэарэтычных ведаў, вельмі важная ацэнка практычных навыкаў”,— патлумачыла чыноўніца.

Яна таксама выказала ўпэўненасць, што на якасць ведаў уплывае не столькі экзамен, колькі свядомасць і гатоўнасць кожнага студэнта да саманавучання.

“Мы цяпер працуем з міжнароднымі агенцтвамі для таго, каб гэты тэставы ліцэнзаваны экзамен ва Украіне праходзіў па тых жа прынцыпах, што і ў еўрапейскіх краінах. Гэта значыць, каб гэта быў адзіны экзамен, які б прымаўся ў замежных універсітэтах і сапраўды належным чынам ацэньваў тэарэтычную і практычную падрыхтоўку нашых выпускнікоў”, — дадала Ірына Мікічак.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.