Украіна: у першыя класы павінны залічваць без экзаменаў

- 13:57Паралелі

Міністэрства адукацыі і навукі Украіны накіравала рэгіянальным дэпартаментам і ўпраўленням адукацыі і навукі тлумачэнне парадку прыёму дзяцей у першы клас агульнаадукацыйных навучальных устаноў. У дакуменце падкрэсліваецца, што правядзенне тэсціравання або ўступных выпрабаванняў, якія маюць на мэце ўстанаўленне адпаведнасці ўзроўню падрыхтоўкі дзіцяці да школы, не дапускаецца.

У прыватнасці, у тлумачэнні адзначаецца, што, у адпаведнасці з артыкулам 18 Закона “Аб агульнай сярэдняй адукацыі”, залічэнне дзяцей у першы клас пачатковай школы агульнаадукацыйных навучальных устаноў дзяржаўнай і камунальнай формы ўласнасці, у тым ліку ліцэяў, гімназій , калегіумаў, каледжаў, ажыццяўляецца на пазаконкурснай аснове.
“Таму правядзенне тэсціравання, уступных выпрабаванняў, гутарак, іншых мерапрыемстваў, якія маюць на мэце ўстанаўленне адпаведнасці ўзроўню падрыхтоўкі дзіцяці да школы, не дапускаецца”, — адзначаюць у Міністэрстве адукацыі і навукі.
Таксама ў ведамстве, спасылаючыся на Інструкцыю аб парадку конкурснага прыёму дзяцей у гімназіі, ліцэі, калегіумы і спецыялізаваныя школы, падкрэсліваюць, што на конкурснай аснове арганізоўваецца прыём у першы клас толькі ў спецыялізаваных школах. Аднак падчас правядзення гутаркі ў спецыялізаваных школах забаронена праверка ведаў дзяцей па матэматыцы, чытанні, пісьме і замежнай мове.
“Мэтай такой гутаркі можа быць выключна праверка дастатковасці ўзроўню агульнага развіцця дзіцяці, яго функцыянальнай гатоўнасці да сістэматычнага навучання і здольнасці да вывучэння дысцыплін у адпаведнасці са спецыялізацыяй установы, напрыклад, праверка наяўнасці фанематычнага слыху”, — адзначаюць у Мінадукацыі.
У міністэрстве падкрэслілі: дзецям, якія паступаюць у першы клас школы, што абслугоўвае мікрараён, у якім пражывае дзіця, не можа быць адмоўлена ў залічэнні.
“У выпадках, калі колькасць заяў аб паступленні дзіцяці ў першы клас агульнаадукацыйнай навучальнай установы не па месцы жыхарства перавышае колькасць свабодных месцаў, перавага аддаецца тым, чыя заява была зарэгістравана раней. Інфармацыя аб прымацаванні (або адсутнасці прымацавання) да пэўных агульнаадукацыйных навучальных устаноў мікрараёна (пэўнай тэрыторыі абслугоўвання) абавязкова павінна размяшчацца на сайтах школ і інфармацыйных стэндах для бацькоў будучых першакласнікаў”, — патлумачылі ў міністэрстве.
Для прыёму ў першы клас бацькі павінны падаць наступныя дакументы: заяву на імя дырэктара школы, копію пасведчання аб нараджэнні дзіцяці, медыцынскую карту ўстаноўленага ўзору. Іншых дакументаў для залічэння дзіцяці ў 1 клас не прадугледжана. Таксама не могуць патрабавацца звесткі аб месцы працы, пасады бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць, і іншая інфармацыя, не прадугледжаная дзеючым заканадаўствам.
Таксама ў Міністэрстве адукацыі і навукі паведамілі, што пытанне аб наведванні навучальнай установы дзецьмі, бацькі якіх адмаўляюцца ад прышчэпак, вырашаецца ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй у адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя ад 29.11.2002 № 434 і зацверджаным гэтым загадам прыкладным Палажэннем аб падрыхтоўцы дзяцей на педыятрычным участку да наведвання дашкольнай і школьнай агульнаадукацыйнай навучальнай установы.
Інфармацыя аб парадку прыёму дзяцей у першы клас агульнаадукацыйных навучальных устаноў павінна быць даведзена да ведама ўсіх кіраўнікоў украінскіх школ.