Украіна: Уладзімір Зяленскі падпісаў закон аб мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі

- 12:13Паралелі

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў Закон “Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Украіны адносна ўдасканалення адукацыйнай дзейнасці ў сферы вышэйшай адукацыі”, прыняты Вярхоўнай Радай Украіны 18 снежня 2019 года.

Закон скіраваны на ўрэгуляванне ліцэнзавання адукацыйнай дзейнасці, паступлення для атрымання вышэйшай адукацыі, рэалізацыю міждысцыплінарных адукацыйных праграм.

Акрамя таго, дакумент рэгулюе пытанні, якія тычацца забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі, форм атрымання адукацыi, патрабаванняў да кіраўнікоў вышэйшых навучальных устаноў, стандартаў адукацыі і г.д. Закон стварае ўмовы для ўмацавання еўрапейскіх прынцыпаў функцыянавання сістэмы вышэйшай адукацыі, што будзе спрыяць яе збліжэнню з сістэмамі іншых краін Балонскага працэсу, а таксама павелічэнню празрыстасці, паважнасці, аўтаноміі, адказнасці галоўных удзельнікаў адукацыйнага працэсу за вынік.

Прадугледжана стварэнне перадумоў для больш роўнага доступу да адукацыі і якаснага вымярэння вынікаў навучання дзякуючы пашырэнню сферы выкарыстання знешняга незалежнага ацэньвання.

Закон уступае ў сілу з дня, які ідзе следам за днём яго публікацыі.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.