Нацыянальны ўніверсітэт Дзяржаўнай падатковай службы (ДПС) Украіны можа атрымаць статус базавай навучальнай установы для падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі супрацоўнікаў органаў падатковых (фінансавых) расследаванняў краін СНД. Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні ДПС Украіны — начальнік падатковай міліцыі Андрэй Галавач.
“Адным з вынікаў 2012 года з’яўляецца значная актывізацыя міжнароднага супрацоўніцтва падатковай міліцыі Украіны, — адзначыў Андрэй Галавач. — У прыватнасці, у верасні наша краіна ўзначаліла Каардынацыйны савет кіраўнікоў органаў падатковых (фінансавых) расследаванняў краін СНД, што з’яўляецца пацвярджэннем прызнання аўтарытэту ўкраінскай падатковай міліцыі сярод замежных калег”.
Па словах Андрэя Галавача, пытанне аб стварэнні адпаведнай навучальнай установы на базе нацыянальнага ўніверсітэта ДПС Украіны будзе разгледжана на нарадзе Каардынацыйнага савета падатковых органаў краін СНД. Таксама падчас гэтага мерапрыемства прадстаўнікі падатковых праваахоўных органаў СНД і Еўропы абмяркуюць пытанні стварэння і функцыянавання адзінай базы даных па назапашванні і абмене інфармацыяй, што датычыцца фігурантаў, якія трапляюць у поле зроку органаў падатковых (фінансавых) расследаванняў. Акрамя таго, удзельнікі нарады разгледзяць механізмы арганізацыі стажыроўкі супрацоўнікаў для абмену практычным вопытам.
У 2012 годзе Украіна таксама ўвайшла ў склад арганізацыі CARIN (The Camden Asset Recovery Inter-Agency Network), якая з’яўляецца міжнароднай сеткай, мэта якой — супрацоўніцтва паміж краінамі па выяўленні, арышце і канфіскацыі незаконна атрыманай маёмасці.
Зусім нядаўна адбыліся змяненні і ў струкруры органаў дзяржанага кіравання сферай падаткаў і збораў. Указам Прэзідэнта № 726/2012 ад 24.12.2012 створана Міністэрства даходаў і збораў Украіны шляхам рэарганізацыі Дзяржаўнай падатковай службы Украіны і Дзяржаўнай мытнай службы Украіны.