Украіна, Егіпет, Сенегал, Уругвай і Японія выбраны 15 кастрычніка непастаяннымі членамі Савета Бяспекі ААН на 2016—2017 гады. На галасаванні, якое праходзіла ў Генеральнай Асамблеі ААН, усе яны заручыліся падтрымкай неабходных 2/3 дэлегацый 193 краін, якія прысутнічалі ў зале.
Егіпет набраў 179 галасоў, Сенегал — 187, Уругвай — 185, Японія — 184, Украіна — 177.
Пяць краін 1 студзеня зменяць у СБ ААН Чад і Нігерыю, Літву, Чылі і Іарданію, чый двухгадовы тэрмін падыдзе да завяршэння, і далучацца да Анголы, Венесуэлы, Іспаніі, Малайзіі і Новай Зеландыі, паўнамоцтвы якіх завяршаюцца ў канцы 2016 года.
Савет Бяспекі — асноўны орган ААН, на які статут арганізацыі ўскладае адказнасць за падтрыманне міру і міжнароднай бяспекі. СБ складаецца з 15 членаў. Пяць краін прадстаўлены ў ім на пастаяннай аснове (Расія, Кітай, Злучанае Каралеўства, ЗША і Францыя), а астатнія 10 штогод папаўняюцца напалову.