Уладары модных вятроў

- 11:36Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Каб перамагчы ў прэстыжным конкурсе, толькі добрых ведаў і ўменняў цырульніку ці візажысту недастаткова. Справа ў тым, што журы чакае ад канкурсанта не проста майстэрства, а палёту фантазіі, неардынарных ідэй, сапраўднага прафесійнага мастацтва. Затое, калі зоркі сыходзяцца, пад рукамі майстра ажывае казка і можна па-добраму пазайздросціць не толькі творцам, але і сведкам гэтага дзіва. Так было і падчас выступленняў навучэнцаў Віцебшчыны на XII Міжнародным фестывалі прыгажосці “Ружа вятроў HAIR — 2019” і чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь “Стыль і прыгажосць — 2019”.

Работа М.Яцук у намінацыі “Вясельны макіяж”.

Індустрыяльна-педагагічны каледж Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта прадстаўлялі каманды па цырульніцкім майстэрстве і візажы пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Вольгі Уласевіч і Алены Талсташэевай. Навучэнцы ўдзель­нічалі ў дзевяці намінацыях па цырульніцкім майстэрстве і ў сямі намінацыях па дэкаратыўнай касметыцы. Улічваючы, што канкурэнцыю ім складалі лепшыя цырульнікі і візажысты Беларусі і краін блізкага замежжа, вынік дастойны: сярод навучальных устаноў, школ і студый 4-е месца — у цырульнікаў і 2-е — у візажыстаў.

— Для нашых навучэнцаў удзел у конкурсе — гэта найперш абмен прафесійным вопытам, умацаванне і пашырэнне кантактаў сярод творчай моладзі, развіццё эстэтычнага густу, асобасна-прафесійных якасцей майстроў у напрамку распрацоўкі цэласнага вобраза і генерацыі модных ідэй у свеце прыгажосці, — адзначае Алена Сямёнаўна.

Работа Т.Шлапаковай у намінацыі “Фантазійны макіяж”.

— Кожны канкурсант выконваў работу, а яго дасягненні ўлічваліся ў агульным камандным заліку, — дадае Вольга Іванаўна. — Варта сказаць, што многія навучэнцы паспяхова справіліся з дзвюма і трыма работамі. Напрыклад, Таццяна Шлапакова стала ўладальніцай двух 1-х месцаў у намінацыях “Фантазійны макіяж” і “Крэатыўны макіяж”, Аляксандра Вярлова заваявала 2-е месца ў намінацыі “Фотаработа “Макіяж з вокладкі Art make-up” і была чацвёртай у “Вясельным макіяжы”. Канкурсантам трэба было выканаць заданне на конкурснай пляцоўцы за строга адведзены час. Вобраз павінен быць прадуманы цалкам (касцюм, аксесуары, манікюр) і ў цэлым раскрываць ідэю майстра, адпавядаць актуальным тэндэнцыям моды ў гэтай галіне. Вялікай цікавасцю карысталіся фантазійныя і крэатыўныя работы ўдзельнікаў. Усяго мы папоўнілі скарбонку каледжа васьмю дыпломамі.

Удала выступілі і навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа. Яны таксама штораз бяруць удзел у конкурсе, і гэты год не стаў выключэннем. У Ганны Бабровай — дыплом І ступені ў намінацыі “Гатовая пасціжорная работа”, у Ганны Філонавай — дыплом ІІ ступені ў той жа намінацыі, у Аліны Тарасавай — дыплом ІІІ ступені ў намінацыі Stret style, у Валерыі Савінай — дыплом ІV ступені ў намінацыі “Жаночая модная стрыжка з укладкай”. Рыхтавалі ўдзельніц майстры вытворчага навучання Святлана Панасенка і Вольга Фаміна.

Самы высокі вынік сёлета прадэманстравалі палачане. У склад каманды Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа ўвайшлі 6 навучэнцаў пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Таццяны Харытонавай і Валерыі Прасняковай. Паліна Новік, Юлія Шарковіч, Эльміра Мірхайдарава, Аляксандра Кароўчанка, Людміла Скавародка і Вікторыя Максімовіч паўдзельнічалі ў 17 намінацыях і прывезлі са сталіцы 30 дыпломаў, 10 кубкаў і 6 медалёў! Паліна і Юлія заваявалі званне чэмпіёнаў Рэспублікі Беларусь 2019 года па жаночых, Эльміра і Вікторыя — па мужчынскіх відах работ. Паказальна, што Вікторыя — першакурсніца і для яе гэта быў першы вопыт удзелу ў конкурсе. Адпаведна ў Полацка — 1-е каманднае месца сярод навучальных устаноў, школ і студый па цырульніцкім мастацтве. Кіраўнікі каманды ўдастоены звання лепшага трэнера 2019 года Рэспублiкi Беларусь па цырульніцкім мастацтве.

— Наш поспех абумоўлены карпатлівай падрыхтоўкай і сумеснай работай навучэнцаў і педагогаў, асабістай зацікаўленасцю і падтрымкай дырэктара каледжа Ганны Станіславаўны Бурэнь, — падкрэсліла загадчык аддзялення “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” Юлія Коршунава. — Перамогі заўсёды матывуюць да пакарэння больш высокіх вышынь. Пастараемся ўтрымаць лідарства і будзем рухацца далей у прафесійным развіцці!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Індустрыяльна-педагагічным каледжам ВДТУ.