Уладары робатаў

- 14:21Навіны рэгіёнаў, Рознае

На тры дні Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці сабраў удзельнікаў І Абласнога адкрытага турніру робататэхнікі “Робафэст”. Арганізатарамі мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел 22 каманды, выступілі ўпраўленне адукацыі і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў.

— Турнір праводзіўся з мэтай распрацоўкі і ўкаранення ў практыку работы ўстаноў адукацыі вобласці інавацыйных і эфектыўных форм і метадаў развіцця навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў, далучэння моладзі да заняткаў тэхнічнай творчасцю, навукай і вынаходніцтвам, пошуку таленавітых дзяцей і іх падтрымкі ў рэалізацыі творчых ідэй, — расказаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.
Навучэнцы выраблялі робатаў у аб’яднаннях па інтарэсах і хатніх умовах з прапанаваных набораў і заяўлялі іх на турнір у завершаным выглядзе і рабочым стане. Для гэтага патрабавалася валодаць асновамі электронікі, праграмавання і радыёаматарскай тэхналогіі.
Турнір праходзіў у два этапы. Першы этап уключаў стэндавую ацэнку робатаў, другі — спаборніцтвы на хуткасць праходжання трох трас. Падчас стэндавай ацэнкі журы звяртала ўвагу на дызайн робата, яго знешні выгляд, канструктыўную прапрацоўку, якасць вырабу і мантажу, арыгінальнасць выкарыстаных тэхналагічных, канструктыўных і праграмных рашэнняў. Спаборніцтвы на хуткасць праходзілі паслядоўна на трох трасах з павелічэннем узроўню складанасці. Кожны ўдзельнік праходзіў 10 кругоў на кожнай з трох трас.
Па выніках турніру ў камандным заліку перамаглі прадстаўнікі Мірскай і Цешаўлянскай сярэдніх школ Баранавіцкага раёна і Зарэчкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Драгічынскага раёна. У асабістым заліку лепшымі сталі Мікалай Андрэйчыкаў і Уладзімір Скрабец з Мірскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, а таксама Дзяніс Паціявец з Зарэчкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Драгічынскага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.