Уладары слова

- 11:13Адукацыйная прастора, Алімпіядны рух

54 дыпломы (11— І ступені,16 — ІІ ступені, 27  — ІІІ ступені) заваявалі вучні на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. 

Спецыяльны прыз міністра адукацыі навучэнцу з сельскай мясцовасці, які прадэманстраваў найлепшы вынік, уручаны дзевяцікласніцы Саснаваборскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна Кіры Цурко. Прызам старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама адзначана навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 43 Мінска Дзіяна Дзьолаг, якая трэці год запар з’яўляецца пераможцай алімпіядных спаборніцтваў. Па колькасці заваяваных дыпломаў першынство падзялілі каманды Мінскай, Гомельскай абласцей і Мінска (па 9 дыпломаў).

Сёлета юных знаўцаў рускай філалогіі гасцінна прымалі ў сталічнай гімназіі № 56. Усяго ў алімпіядзе прынялі ўдзел 117 навучэнцаў з усіх абласцей, Мінска і Ліцэя БДУ. Алімпіядныя выпрабаванні складаліся з двух тураў: напісання водгуку на твор і комплекснай работы па рускай мове і літаратуры. Для водгуку былі прапанаваны вершаваныя творы: у  9 класе — “Мы на земле живем нелепо” А.Дзяменцьева, у 10 класе — “Ожидание” І.Кобзева, у 11 класе — “Откуда вы приходите, слова…?” Ю.Левітанскага. Вучні паспяхова справіліся з гэтай творчай работай. Яны правялі шматузроўневы аналіз тэксту. Па словах навучэнцаў, заданні для 9 і 10 класа былі пад’ёмнымі, нават лёгкімі, таму і канкурэнцыя была вялікая. А ў 11 класе заданні былі больш складанымі, у выніку перамаглі веды і вопыт. 

Адзінаццацікласніца Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Юлія Васіленка стала ўладальніцай дыплома І ступені. Сакрэт такога поспеху, лічыць дзяўчына, у стараннай працы: пажадана займацца кожны дзень, удзяляць мове і літаратуры ўвесь свой вольны час. 

— Заданні сёлетняй алімпіяды аказаліся рашальнымі, — расказала Юлія. — Звычайна мне літаратура даецца цяжэй, але сёлета асаблівых праблем не ўзнікла. У мяне былі самыя высокія балы за ўсю гісторыю алімпіядніцтва — 84,95. Дасягнуць гэтага было складана, але ж нездарма я ўдзельнічала ў алімпіядным руху з 4 класа. У Крукавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, дзе я вучылася, у мяне была цудоўная настаўніца Алена Пятроўна Драпеза, якой я вельмі ўдзячна. У Мазырскім ліцэі мне таксама пашанцавала на настаўнікаў: Таццяну Іванаўну Чарняк і Ірыну Мікалаеўну Клусовіч. У вольны час люблю маляваць, чы­таць як рускую, так і замежную літаратуру. Апошняя прачытаная кніга — “Маленькія жанчыны” Луізы Мэй Алкот — выклікала незабыўныя ўражанні. Пасля ліцэя хачу паступіць на факультэт міжнародных адносін БДУ. Праўда, пакуль не вызначылася са спецыяльнасцю. 

Кіраўнік каманды Гомельскай вобласці настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 14 Гомеля Жанна Фёдараўна Жа­дзейка ў алімпіядным руху ўжо больш за 30 гадоў. Гэта чалавек, які да дробязей ведае, як вырасціць пераможцу інтэлектуальных спаборніцтваў. На яе думку, многае ў падрыхтоўцы зале­жыць ад настаўніка, яго эрудыцыі, умення ненавязліва зацікавіць дзяцей, абудзіць іх імкненне ду­маць, аналізаваць, асэнсоўваць. Сваіх гімназістаў Жанна Фёдараўна вядзе з 5 класа, бо толькі тады ёсць магчымасць укласці ў іх усё неабходнае, даць сістэмныя веды. 

Найбольшую колькасць балаў набралі дзевяцікласніца Паліна Мялешчанка з сярэдняй школы № 1 Гомеля (настаўніца В.У.Гуцава), дзесяцікласніцы Дар’я Вайцюк з сярэдняй школы № 3 Асіповіч (настаўніца Г.У.Вайцюк) і Вікторыя Шадзько з сярэдняй школы № 1 Шуміліна (настаўніца Н.С.Інц), адзінаццацікласніца Маргарыта Команава з сярэдняй школы № 14 Полацка (настаўніца Т.У.Забела).

Ж.Ф.Жадзейка выступленнем каманды задаволена. У скарбонцы гомельскіх школьнікаў два дыпломы І ступені, тры — ІІ ступені і чатыры — ІІІ ступені. Гэта стала магчыма ў многім дзякуючы стварэнню ў вобласці інстытута трэнераў. Перадалімпіядныя зборы мабілізуюць, дазваляюць сістэматызаваць матэрыял, сабрацца з думкамі, матываваць на перамогу. Важным з’яўляецца таксама згуртаванне каманды, каб была ўзаемавыручка, узаемадапамога.

— Акцэнт на сёлетніх зборах рабіўся на шматлікіх аспектах, бо ўзровень лінгвістычнай пад­рыхтоўкі школьнікаў розны, ды і алімпіядныя туры розныя. Прагаворвалі, як правесці комплексны аналіз твора, на што звяр­таць увагу ў тэксце, на чым рабіць акцэнты. Што тычыцца комплекснай работы, то разглядаліся ўсе раздзелы мовы. Імкнуліся, як гаворыцца, абняць неабдымнае, бо ніколі не ведаеш, што трапіць. На мой погляд, алімпіяднік павінен цудоўна ве­даць школьную праграму. Толькі пры гэтай умове можна пашы­раць яго веды, паглыбляць і выхо­дзіць за межы вучэбнай праграмы. Акрамя таго, трэба вучыць дзіця мысліць. Вучу дзяцей углядацца ў слова ці сказ, аналізаваць яго, супастаў­ляць, бачыць міжпрадметныя і метапрадметныя сувязі, выкарыстоўваць веды, атрыманыя па розных вучэбных прадметах, — заўважае настаўніца. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.