Улады накіруюць армію на ўзмацненне паліцыі

- 11:17Інфармацыйная гадзіна

Кабінет бяспекі Ізраіля зацвердзіў серыю мер па барацьбе з тэрарызмам. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні канцылярыі прэм’ер-міністра яўрэйскай дзяржавы Біньяміна Нетаньяху.

У прыватнасці, падраздзяленні арміі абароны Ізраіля будуць накіраваны на ўзмацненне ізраільскай паліцыі ў гарадах і ўздоўж дарог, пастанавілі ключавыя міністры. Пры гэтым арміі будзе неадкладна аддадзены загад развярнуць падраздзяленні ў найважнейшых раёнах уздоўж сцяны бяспекі (што аддзяляе заходні бераг ракі Іардан). Адначасова Ізраіль прадоўжыць будаўніцтва самой сцяны.
У Іерусаліме паліцыі будзе дазволена блакіраваць раёны беспарадкаў. “Ізраільскай паліцыі дазволена ажыццяўляць загароджванне або акружаць цэнтры сутыкненняў і падбухторвання ў Іерусаліме зыходзячы з меркаванняў бяспекі”, — пастанавіў кабінет бяспекі Ізраіля. Пры гэтым у дапаўненне да разбурэння дамоў тэрарыстаў будзе забаронена новае будаўніцтва на ўчастках, дзе стаялі знішчаныя будынкі, вырашылі міністры.
У якасці дадатковай меры яны пастанавілі, што прыватная ўласнасць экстрэмістаў, якія ажыццявілі тэракты, будзе падлягаць канфіскацыі, а дазвол на пастаяннае жыхарства (ва Усходнім Іерусаліме) тэрарыстаў будзе ануляваны.
Становішча ў Ізраілі, у прыватнасці ў Іерусаліме, а таксама на заходнім беразе Іардана і ў сектары Газа, рэзка абвастрылася за апошнія два тыдні. У серыі тэрактаў за гэты час загінулі сем ізраільцян, былі забіты 29 палесцінцаў, уключаючы 10 радыкалаў, якія ажыццявілі тэракты.