Уладзімір ГАСЦЮХІН: “…Але ўсё перамог тэатр!”

- 15:04Моя школа

Уладзімір Гасцюхін нарадзіўся 10 сакавіка 1946 года ў Свярдлоўску (зараз Екацярынбург) у рабочай сям’і. З дзіцячых гадоў бацькі — Васіль Паўлавіч і Аляксандра Іванаўна — прывучылі сына да працы. Сям’я Гасцюхіных жыла вельмі бедна. Бацька — інвалід вайны, а маці ўвесь час была з ім. Пасля заканчэння школы Уладзімір паступіў у радыётэхнікум. Удзень ён вучыўся, а вечарамі працаваў электрыкам на стадыёне.

— Уладзімір Васільевіч, якія ўспаміны ў вас засталіся пра школу, у якой вы вучыліся?
— Так выйшла, што я не вучыўся ў адной школе. Пачаў вучобу я ў 1953 годзе ў пачатковай чатырохкласнай школе Свярдлоўска (было вельмі зручна, што школа знаходзілася непадалёк ад дома). І застаў яшчэ той час, калі хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся паасобку (нас аб’ядналі толькі ў другім класе). Як ні дзіўна, я вельмі добра памятаю той перыяд і вельмі даражу гэтымі ўспамінамі. Памятаю, як у чацвёртым класе мы лічылі сябе дарослымі — бо і сапраўды мы ж былі “старычкамі” школы. Наша настаўніца Мар’я Паўлаўна вяла ў нас (як і зараз у пачатковай школе) абсалютна ўсе прадметы: і матэматыку, і рускую мову, і маляванне — а таксама была нашым класным кіраўніком, нешта накшталт школьнай мамы. Вельмі поўная, дабрадушная, але ў той жа час надзвычай патрабавальная і строгая. У тагачаснай пасляваеннай школе дух вайны адчуваўся вельмі добра.
У нашай школе адметнымі былі перапынкі. Мы не насіліся, як чэрці, як гэта адбываецца ў сённяшніх школах. Нас выстройвалі ў калону ў вялізным холе (па яго перыметры знаходзіліся класныя пакоі), і 10 хвілін мы хадзілі строем і спявалі песні, вядомыя тады савецкія ваенныя і пасляваенныя песні. А развучвалі іх спецыяльна на ўроках спеваў. Гэта канцэнтравала нашу ўвагу і настройвала на вучэбны лад. Акрамя таго, гэта было асабліва карысна для галасавых звязак (можа, менавіта з таго часу я не грэбую спевамі). Потым, калі служыў у арміі, я быў ротным запявалам — так што тыя трэніроўкі на перапынках не прайшлі дарма (смяецца).
Школа тапілася вуглём. Памятаю школьнага качагара— высачэзнага, з вялікім сінім носам, замкнутага ў сабе і крыху дзіўнаватага. Ён нас увесь час ганяў, бо не любіў дзяцей, а мы яму за гэта помсцілі і стараліся ўвесь час чым-небудзь насаліць.
За час навучання ў пачатковай школе мы сталі адной сям’ёй. Але пачатковая школа стала мне памятнай яшчэ і таму, што менавіта там я атрымаў свой першы сцэнічны вопыт: на выпускны ранішнік (тады для малых вечароў і дыскатэк не ладзілі) мы падрыхтавалі інсцэніроўку аповесці В.Катаева “Сын палка”. У гэтай пастаноўцы мне далі ролю ад’ютанта камандзіра атрада, і ў маю задачу ўваходзіла сказаць толькі адну фразу: “Соболев, лошадь!”. Я вельмі стараўся выгаварыць гэтую фразу так, каб усё было добра. Нам падабралі ваеннае адзенне — дзе яго толькі адшукалі? — і мы выглядалі, як сапраўдныя ваенныя, а на сцэне для інсцэніроўкі нават дэкарацыі пабудавалі. Па нашых мерках, усё ўдалося, і поспех быў каласальны: і ў малодшых, і ў бацькоў, і ў настаўнікаў. Ды і мы, безумоўна, стараліся.
А яшчэ ў чацвёртым класе мы пагалоўна сталі заляцацца да дзяўчат — увесь клас перамяшаўся ў любоўных гісторыях. Праўда, усё адбывалася даволі мірна і амаль незаўважна: мы з дзяўчатамі нават не размаўлялі. Але пісалі запіскі і перадавалі іх (пераважна на ўроках), а потым спрабавалі высветліць, ці сыходзіцца наш выбар (смяецца).

— І што, сыходзіўся?
— Бывала, што сыходзіўся. Мне падабаліся дзве дзяўчынкі, і я ім абедзвюм напісаў запісачкі. І з адной у мяне сышлося: я таксама ёй падабаўся. А вось другая была закахана ў іншага — сына папулярнага дыктара радыё, які таксама вучыўся ў нашым класе. Да яго — высокага, прыгожага — заляцаліся амаль усе дзяўчаты нашага класа, вынікам чаго была гара запісак на яго парце.
З той дзяўчынкай мы сябравалі нядоўга. Толькі пачалі асэнсоўваць нашу дружбу — чацвёрты клас скончыўся, і мы пайшлі ў розныя школы-дзесяцігодкі.
Развітвацца з пачатковай школай было сумна, бо яна была як сям’я. Я і зараз, калі прыязджаю ў Екацярынбург, абавязкова наведваю той будынак, дзе была наша школа (да рэвалюцыі там змяшчалася павятовая гімназія). Гэтае месца памятнае для мяне яшчэ і з іншай прычыны: прама насупраць школы ў аўтамабільнай аварыі загінула мая маці. Прыязджаю туды — і ахоплівае бура эмоцый!

— Як прыняў вас новы калектыў у іншай школе?
— Пасля чацвёртага класа я перайшоў у іншую школу. Там была ўжо зусім іншая спецыфіка, як і ў любой тагачаснай дзесяцігодцы: класны кіраўнік, на кожны прадмет — свой настаўнік.
У новай школе я трапіў у сфарміраваны калектыў — клас, у якім усе вучыліся з першага класа. Клас быў добры і дружны. Памятаю, у ім быў толькі адзін раздалбай — Вова Аліфераў. Ён быў абсалютна некіруемы, як кажуць, па-за асяроддзем, сам па сабе. І асаблівую ўвагу ў яго выклікалі дзяўчаты: то страляў ім па нагах з рагаткі, то імкнуўся ўшчыкнуць, за касу дзергануць… І мы, натуральна, дзяўчат ад яго абаранялі. Я нават верш тады напісаў:
Что за шум на первой парте?
То Володя. Он в азарте.
Вот полез под парту он,
В парте уж бумажек кучка…
…і гэтак далей. І гэты верш размясцілі ў насценгазеце… Але як мы не спрабавалі яго перавыхоўваць, у нас нічога не атрымлівалася.
А дзяўчаты былі ў нашым класе сімпатычныя, ды і хлопцы былі цікавыя. А першае маё вялікае каханне адбылося ў 6—7 класе. І закахаўся я… у настаўніцу малявання (у шостым класе яна вяла ў нас маляванне, а ў сёмым — чарчэнне). Ёй было 19 гадоў, маладзенькая і прыгожая… Нам было тады 13—14 гадоў, і мы ўжо нешта разумелі і больш сур’ёзна разглядалі дзяўчат. І вось я закахаўся ў гэтую абсалютна цудоўную настаўніцу і жанчыну. У мяне з маляваннем заўсёды сяброўства не было (ды і цяпер таксама няма), дарэчы, як і з чарчэннем — гэтыя навукі для мяне страшнейшыя за вышэйшую матэматыку. Але, тым не менш, гэтая закаханасць у настаўніцу прымусіла мяне пайсці ў гурток выяўленчага мастацтва, які яна вяла. Там мы выконвалі лепку з каляровага пластыліну на шкле. Я пацеў і стараўся, выхоўваючы сябе.
У гэтай школе, у адрозненне ад пачатковай, усе былі, нібы чумныя. Не было кругавога руху на перапынках, а была “насілаўка” і шум: усе крычалі і бегалі па школе, як маглі. А я стараўся выглядаць джэнтльменам, стараўся паводзіць сябе прыстойна і паходку выпрацоўваў — імкнуўся стаць больш дарослым, каб быць дастойным гэтай настаўніцы.

— І яна звярнула на вас увагу?
— Так, яна, відаць, адчувала мае асаблівыя адносіны да яе. І яна трапятліва ставілася да маіх пачуццяў. Нават аднойчы на дзень нараджэння падарыла мне прыгожую паштоўку і шакаладку. Я не еў гэтую шакаладку, яна доўга ў мяне ляжала, высахла, а потым, на жаль, недзе згубілася — так я яе і не з’еў. Неяк, памятаю, я ёй дапамагаў нешта несці са школы і трапіў да яе дамоў. З якім пачуццём я сядзеў у яе дома!.. Яна недзе хадзіла па кватэры, а я адчуваў водар юнацкай закаханасці і хвалявання. Гэта было дзівоснае пачуццё.
…Дык вось гэтыя “ляпніны” я імкнуўся рабіць добра. І, што б вы думалі, у мяне пачало атрымлівацца (хаця, паўтаруся, у мяне ніякай здольнасці да малявання і цяпер няма!). Слонікі, кракадзільчыкі выходзілі даволі нядрэнна, нават некаторыя мае работы трапілі на раённую выставу.

— …Чаго толькі каханне не зробіць з чалавекам!
— Так. Я стаў іншым. І так хацеў быць больш дарослым, што наважыўся паступаць у тэхнікум. І, паступіўшы, я прыходзіў у школу ўжо як студэнт. Адчуванне было зусім іншае: школьнікі — яны яшчэ школьнікі, а навучэнец тэхнікума ўжо самастойны чалавек. Прыходзячы ў школу, абавязкова заходзіў да настаўніцы малявання пабачыцца. Яна цудоўна да мяне ставілася, відаць, адчувала мае трапяткія адносіны. Я ж вельмі раўнаваў яе да дзесяцікласнікаў, што вучыліся ў школе — на перапынку яны цэлымі натоўпамі да яе хадзілі. (А што ім? Ёй дзевятнаццаць, а ім па сямнаццаць-васямнаццаць — амаль аднагодкі.) Тым не менш прыйшла бяда… Настаўніца вельмі моцна захварэла (у яе знайшлі рак крыві) і памерла ва ўзросце 21 года… Вельмі сумная гісторыя… І я нават калісьці пачаў пісаць апавяданне аб сваім першым пачуцці… Так атрымалася, што пахавана яна недалёка ад маіх бацькоў. І я, калі наведваю магілы бацькоў, абавязкова прыношу кветкі і ёй — Надзеі Барысаўне Суворавай… Адно ведаю: гэтае пачуццё да яе нешта ў маёй душы памяняла… Я быў вельмі гарэзлівым хлопцам, але нешта сур’ёзнае ў маёй існасці пачало абуджацца. Думаю, што крыніцы цягі да мастацтва менавіта яна і заклала…

— А як былі справы з вучобай?
— Вучыўся я так сабе, не быў стабільным вучнем. Я вучыўся з ходу. Мог хутка вывучыць, здаць і забыцца пра гэта, быў вельмі няўседлівым. А яшчэ я вельмі любіў смяшыць клас.

— Ці былі прадметы, якім вы аддавалі перавагу?
— Я вельмі любіў батаніку, і гэта пры тым, што ў нас былі своеасаблівыя адносіны з настаўніцай. Яна была надзвычай цікавая — поўная, салідная дама арыстакратычнага духу. Дужа скрытная, яна заўсёды трымала сябе ў руках і ніколі не выяўляла адкрытых эмоцый, а мне, канечне, заўсёды хацелася яе разварушыць. І на яе ўроках я выдумляў самыя разнастайныя глупствы, і клас, канечне, пачынаў рагатаць. Хто іншы, можа, пасмяяўся б разам з намі, а яна ўсё ўспрымала занадта сур’ёзна, выстаўляла мяне за дзверы, а назаўтра ў школу выклікалі майго бацьку… Па паводзінах у мяне былі амаль заўсёды чацвёркі, а неяк у шостым класе за чвэрць — нават тройка. І толькі мая закаханасць у Надзею Барысаўну з часам мяне крыху дысцыплінавала.
Вельмі добрая была настаўніца рускай мовы і літаратуры. Настолькі глыбока і цікава яна выкладала прадмет, што мы сталі чытаць кнігі. Я ў прынцыпе любіў чытаць, але асаблівыя кніжкі: пра вайну, шпіёнаў, пагранічнікаў і маракоў. А вось яна прывіла звычку чытаць Пушкіна, Блока, савецкіх паэтаў. Так я стаў чытаць вершы, і мне гэта стала падабацца. Пры тым што я быў вельмі гарэзлівы, у той жа час быў вельмі сарамлівы. Вывесці мяне на сцэну і прымусіць (менавіта прымусіць!) нешта зрабіць было немагчыма, бо я саромеўся, чырванеў, пачынаў заікацца і нічога не мог з сабой зрабіць. Але па-за межамі сцэны я вырабляў чорт ведае што. А вось яна, настаўніца літаратуры, вывела мяне на сцэну прачытаць верш М.А.Някрасава. Я зараз не памятаю, як гэта было, бо вельмі перапужаўся, але верш расказаў. Гэта быў адзін з маіх першых выхадаў на сцэну.
Да матэматыкі ў мяне душа асабліва не ляжала, але ў тэхнікуме прыйшлося вывучаць і вышэйшую матэматыку таксама. А якое там было чарчэнне!.. Я з-за гэтага чарчэння два разы вучыўся на трэцім курсе (з-за таго, што не здолеў здаць чарцёж чарвячнай перадачы, мяне пакінулі на другі год).
Вельмі любіў фізкультуру. Аднойчы да нас на ўрок фізкультуры прыйшоў трэнер, паглядзеў нашы заняткі і шасцярым хлопцам нашага класа (у тым ліку і мне) прапанаваў ісці ў школу вышэйшага спартыўнага майстэрства. Мы пайшлі, і я тры гады аддаў лёгкай атлетыцы, займаючыся побач, на цэнтральным стадыёне.

— Ці даўно былі ў сваёй школе? Ці падтрымліваеце сувязі са школьнымі сябрамі?
— Калі апошнім часам быў у Екацярынбургу, зайшоў у сваю школу. Яна практычна не памянялася: тая ж спартыўная зала, тая ж актавая зала. Атмасфера ў нас у класе была цудоўная, вельмі цікавыя былі і хлопцы, і дзяўчаты, але па жыцці нашы шляхі ніяк не перасякаліся, тым больш што правучыўся ў гэтай школе я толькі тры гады (з 5 па 7 клас), а потым пайшоў у тэхнікум, дзе таксама завязаліся сяброўскія адносіны… Мае ж аднакласнікі вучыліся разам 10 гадоў, і для іх школа стала другой сям’ёй.

— Цяжка было паступіць у тэхнікум? Вы ж вучыліся не вельмі добра?
— Свярдлоўскі радыётэхнікум быў саліднай і прэстыжнай навучальнай установай. Там рыхтавалі спецыялістаў, якія ўмелі працаваць з ракетнай тэхнікай. Туды было вельмі цяжка трапіць… Але я здолеў гэта зрабіць.

— Любоў да паэзіі вас ахапіла яшчэ ў школе. Ваша захапленне творчасцю Сяргея Ясеніна ідзе таксама з тых часоў?
— Гэта адбылося значна пазней, падчас вучобы ў радыётэхнікуме, калі я захапіўся тэатральным мастацтвам і пайшоў займацца ў тэатральны калектыў Дома культуры работнікаў гандлю імя Якава Свярдлова. І менавіта тады прыняў рашэнне кінуць тэхнікум (я скончыў толькі чатыры курсы), скончыў вячэрнюю школу і паступіў у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва (ГИТИС).

— У вас шмат што атрымлівалася, і, такім чынам, была множнасць выбару. Магчыма, куды б вы ні пайшлі, усюды змаглі б годна сябе праявіць?
— Так. Усюды: і ў радыёэлектроніцы, і ў спорце, думаю, я змог бы дабіцца значных вынікаў.
Нягледзячы на тое, што тэхнікум я так і не скончыў, яшчэ падчас вучобы ў другой палове дня працаваў на стадыёне электрыкам. А потым, калі начальнік цэха звальняўся, прапанаваў мяне пакінуць замест яго. Пасля я паўтара года Гостюхин+Пролич-2.jpg(сайт)з’яўляўся галоўным энергетыкам цэнтральнага стадыёна Свярдлоўска і справіўся з гэтым нядрэнна (нягледзячы на тое, што маляваць не ўмеў, у чарцяжах разбіраўся даволі добра). У той час упершыню на маім стадыёне прайшоў чэмпіянат свету па канькабежным спорце — гэта была вельмі адказная работа.
Лёгкая атлетыка таксама не стала маім жыццёвым выбарам, хаця я вельмі захоплена займаўся і ў мяне добра атрымлівалася. Спачатку ў дзесяцібор’і, потым у боксе…
Калі б мяне так не прывабіў тэатр, я, як і мае аднакурснікі, атрымаў бы спецыяльнасць тэхніка-электрамеханіка, пайшоў бы ў ВНУ і паспяхова працаваў у той сферы. Але ўсё перамог тэатр.
Менавіта тады з’явіўся ў маім жыцці Ясенін, Астравой, Лермантаў, ролі ў самадзейным тэатры (у двух спектаклях былі нават галоўныя), удзел і перамогі ў конкурсах мастацкай самадзейнасці. А потым паступленне ў тэатральную ВНУ.

— Ваш шлях на прафесійную сцэну быў доўгі і складаны. А што было ў ім самае складанае?
— Так, вельмі складаны. Я расказваў пра гэта вельмі многа. Самае складанае было чакаць і нарэшце дачакацца свайго часу: чатыры гады пасля заканчэння ВНУ і службы ў арміі я працаваў рабочым сцэны ў тэатры Савецкай Арміі. Я стаяў перад дылемай: пайсці з тэатра і шукаць для сябе нешта новае, іншую прафесію ці застацца ў тэатры і чакаць далей. Раней быў выбар, а тут ужо выбар адбыўся, і ў гэтым выбары я стаў сумнявацца, думаць, што памыліўся і што ў мяне няма ніякай перспектывы… Гэта на мяне вельмі ціснула, прыходзілася пераадольваць у сабе няўпэўненасць, верыць, што мой час прыйдзе. І гэтая вера мне дапамагла, бо нарэшце настаў час, калі перада мной адкрыліся ўсе шляхі.

— Вы апынуліся ў патрэбны час у патрэбным месцы?
— Думаю, што гэта проста такі збег акалічнасцей. Захварэў акцёр, і трэба было хутка ўводзіць замену ў спектакль “Невядомы салдат”. Сённяшні галоўны рэжысёр тэатра Барыс Марозаў (тады ён быў проста рэжысёрам тэатра), які адказваў за той спектакль, прапанаваў на ролю старшыны Бакарова мяне. На працягу дзвюх рэпетыцый я ўвёўся ў той спектакль, таму што быў гатовы да гэтага, бо неаднаразова прымяраў на сябе многія ролі са спектакляў, што ішлі на сцэне тэатра. Сыграў я добра, звярнуў на сябе ўвагу, мяне заўважыла і запрасіла на пробы асістэнт рэжысёра з Масфільма… і пайшло. Трэба было ў гэтай кропцы сысціся ўсяму…
Чаканне стала вельмі сур’ёзным выпрабаваннем, але я не зламаўся. Многія пыталіся, як у мяне атрымліваецца, калі іншы ўжо даўно апусціў бы рукі і спіўся… Вельмі многія спачувалі і пры магчымасці дапамагалі ўводзіцца ў спектаклі. Партнёрам у першым маім спектаклі на сцэне тэатра Савецкай Арміі быў выдатны акцёр Андрэй Пятроў, які вельмі многа патрабаваў ад мяне, але ж і дапамагаў таксама. Галоўнае было выцерпець і вытрымаць гэта…

— Вы лічыце, што калі лёс дае пэўныя выпрабаванні, то так яно і павінна быць?
— Ва ўсялякім выпадку, у мяне гэта так. Нехта ўваходзіць у прафесію вельмі лёгка, а ў мяне ніколі нічога не атрымліваецца проста: увесь час прыходзіцца пераадольваць нейкія цяжкасці, вырашаць праблемы. Праз гэтыя церні я дабіраюся да важных ісцін. Так склалася ў маім жыцці, але гэта цікава. Гэта не дае адпачываць, прымушае заўсёды быць напагатове, увесь час рыхтаваць сябе да новых выпрабаванняў.

— Які перыяд жыцця быў самым вырашальным, пераломным у вашым лёсе?
— Найперш той момант, калі я зрабіў выбар і вырашыў паступаць у тэатральны, калі да заканчэння тэхнікума заставалася ўсяго паўгода (пераддыпломная практыка і дыпломная работа). Другое выпрабаванне — той час, калі я чатыры гады служыў у тэатры Савецкай Арміі ў якасці рабочага сцэны.

— Ці ёсць што-небудзь, што вы не зрабілі, але чаго прагне душа?
— Шкадую, што мне не ўдалося рэалізаваць сябе як рэжысёра. Я зняў карціну “Батанічны сад”, але далей, на жаль, па большасці з-за фінансавых прычын, не рэалізаваўся ні адзін праект… Ідэя кінафільма “Момант ісціны”, які потым зняў Міхаіл Пташук, першапачаткова была мая, і ў мяне было крыху іншае бачанне, і ў цэлым канцэпцыю фільма я не прымаю.
А вось у тэатры свае рэжысёрскія амбіцыі я рэалізоўваю. Я тут паставіў чатыры спектаклі, зараз рыхтуюся да пятага. Гэта п’еса драматурга Жана Както “Свяшчэнная пачвара”.

— Якія фільмы з вашым удзелам выйшлі ў апошні час?
— Работы апошнім часам было многа. Нядаўна па расійскім тэлебачанні прайшла сямейная меладрама “Скрыня Пандоры” з цудоўным акцёрскім ансамблем. Хутка павінна выйсці ваенная драма “Тры дні лейтэнанта Краўцова”. Па ўкраінскім тэлебачанні прайшоў серыял “Дальнабойшчыкі-3”, а таксама знята сацыяльная гісторыя — 24-серыйны фільм “Участковы” — кінафільм пра людзей у пагонах, які вельмі адрозніваецца ад сённяшніх “ментоўскіх” серыялаў.
Работы было многа, а зараз зацішша, бо пакуль мне не падабаецца нічога з таго, што прапаноўваюць. Пакуль у кіно зацішша — займуся тэатрам.

— У вас тры дачкі. Скажыце, а які вы бацька?
— Думаю, што дрэнны. Усе сілы, усю энергію аднімала менавіта мастацтва, мая работа. Я ж выбраў сабе такую работу, што мяне з’ядала поўнасцю: усе сілы я аддаваў ёй і таму не мог прысвяціць многа часу сваім дзецям. Але я іх выхоўваў, купаў, прасаваў пялёнкі, стараўся, як мог, дапамагчы мамам маіх дзяцей, але потым прыходзілася з’язджаць, і таму мне не ўдалося перадаць ім захапленне мастацтвам. Так яны і жывуць — простыя, светлыя, добрыя людзі. Канечне, каб я аказваў большы ўплыў на іх асобаснае станаўленне, яны б, магчыма, знайшлі сябе ў нечым іншым.

— Як вы лічыце, адкуль у чалавеку можа з’явіцца прага да творчасці, ці можна яе выхаваць?
— У чалавеку гэта запальваецца раптам, незалежна ад кагосьці. У маёй існасці гэта запальвалі выпадковасці: прымусілі мяне ўдзельнічаць у тэхнікуме ў тэатральнай пастаноўцы, а я не хацеў, адбіваўся, як мог, на што мне сказалі, што пазбавяць стыпендыі, і прыйшлося ўдзельнічаць. Спачатку не спадабалася, а потым захапіўся.
А бацька і маці хацелі, каб я скончыў радыётэхнікум і меў нармальную па іх мерках спецыяльнасць… Яны былі ў шоку, калі я сказаў, што буду паступаць у тэатральны. Я свае рашэнні прымаў сам і лічу, што кожны сам павінен выбіраць свой шлях, ніхто яго не павінен падштурхоўваць.
Калі б у якой-небудзь з маіх дачок адкрыўся акцёрскі талент, безумоўна, я ёй дапамог бы абавязкова.

— Можа, унукі ці праўнукі працягнуць вашу тэатральную сцяжыку…
— Магчыма, калі-небудзь гэта дзе і праклюнецца. Дай бог!

— Вялікі дзякуй за размову! Плёну вам у творчасці!

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва часопіса “На экранах”.