Уладзімір Рогаў — пра тое, як функцыянуе сістэма адукацыі Крупскага раёна

- 12:15Планерка

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Крупскага райвыканкама Уладзімір Рогаў — адзін з самых маладых кіраўнікоў у галіне. На адказнай пасадзе ён крыху больш за год. Як функцыянуе сістэма адукацыі раёна? Якія поспехі радуюць педагогаў і навучэнцаў? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася з першых вуснаў.

— Уладзімір Іванавіч, якія значныя падзеі, поспехі, дасягненні запомніліся педагогам і навучэнцам у мінулым навучальным годзе?

Мабыць, адна з найважнейшых па­дзей — завяршэнне рэканструкцыі крупскай сярэдняй школы № 1 імя У.М.Марцінкевіча, найстарэйшай установы адукацыі раёна. Рэнавацыя, падчас якой школа зведала глабальныя змяненні, была пачата ў маі мінулага года, а ўжо ў гэтым студзені ўстанова зноў адчыніла дзверы для 220 навучэнцаў. Зараз праводзіцца капітальны рамонт Халопеніцкай сярэдняй школы імя М.Багдановіча.

У канцы ліпеня, дзякуючы супрацоўніц­тву Крупскай раённай гімназіі і Хацюхоў­скай сярэдняй школы імя У.У.Кавалёнка з фізіка-матэматычным ліцэем № 93 Уфы, пяць навучэнцаў Крупскага раёна наведалі міжнародную аэракасмічную школу ў Рэс­публіцы Башкартастан. Падобны абмен вопытам вельмі карысны для школьнікаў. Навучэнцы — актывісты, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў — наведвалі лекцыі па касманаўтыцы, авіяцыі, астраноміі, выхо­дзілі на сувязь з супрацоўнікамі Міжнароднай кас­мічнай станцыі, прымалі ўдзел у хуткаснай алімпіядзе па касманаўтыцы. Дарэчы, навучэнка гімназіі Сабіна Мазай сёлета заняла на гэтай алімпіядзе 1-е месца.

Ульяна Шчаўроўская, вучаніца 11 класа Крупскай раённай гімназіі, прайшоўшы сур’ёзны адбор, гэтым летам стала ўдзельніцай адукацыйна-патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці”. А таксама заняла 2-е месца ў конкурсе твораў, які праводзіўся падчас гэтага праекта. Вольга Дрангоўская з сярэдняй школы № 3 Крупак сёлета стала вучнем года Мінскай вобласці ў намінацыі “Вучэбная дзейнасць”.

Сярод педагогаў, якія паспяхова рыхтуюць навучэнцаў да розных інтэлектуальных конкурсаў і спаборніцтваў, настаўніца інфарматыкі, фізікі і астраноміі сярэдняй школы імя У.А.Крыштопенкі пасёлка Крупскі Кацярына Пятроўна Алюцёнак. Некалькі яе вучняў штогод паспяхова займаюцца алімпіяднай і праектнай дзейнасцю, праходзяць навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, дзе ўдзельнічаюць у конкурсе даследчых работ і рэгулярна заваёўваюць дыпломы пераможцаў. Так, сёлета Дзяніс Батук па рэкамендацыі тэхнапарка без экзаменаў стаў студэнтам БДУІР.

— Якія асабістыя ініцыятывы ўдалося рэалізаваць за першы год работы на пасадзе кіраўніка ўпраўлення?

— Сёлета мы наладзілі ўзаемадзеянне з Бярэзінскім раёнам па рабоце з маладымі спецыялістамі. У ходзе ўзаемных паездак дзелімся і знаёмімся з вопытам работы ўстаноў адукацыі раёнаў, праводзім спартыўныя і культурна-масавыя спаборніцтвы. Такія паездкі пашыраюць адукацыйны кругагляд педагогаў-пачаткоўцаў, а таксама спрыяюць іх згуртаванню. Не забываем і пра тых, хто дзясяткі гадоў прысвяціў настаўніцтву. Працягваем закладваць алеі памяці ветэранаў педагагічнай працы. Гэта традыцыя зара­дзілася мінулай вясной. Першая такая алея з’явілася ў Хацюхоўскай сярэдняй школе імя У.У.Кавалёнка, другая — у Худавецкай сярэдняй школе Крупскага раёна.

— Канец жніўня — час падводзіць вынікі і ставіць планы на новы навучальны год. Што ў планах?

— 28 жніўня ў раённым цэнтры культуры пройдзе раённая педагагічная канферэнцыя, на якой мы пазначым тыя траекторыі адукацыйнай дзейнасці, якія будуць актуаль­нымі ў новым навучальным годзе, а таксама прадставім лепшы педагагічны вопыт. Так, свае напрацоўкі прэзентуюць навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі” сярэдняй школы №1 імя У.М.Марцінкевіча, дзе функцыянуе пакуль адзіны ў раёне STEM-клас. З работай дзіцячай мультыстудыі азнаёмяць педагогі дзіцячага сада № 1 Крупак. Удзельніца праекта “Цягнік Памяці” падзеліцца ўражаннямі ад незабыўнага падарожжа. Будзе таксама прадстаўлены раённы праект “Гісторыя Крупшчыны ў альбоме роднага краю”: кожная ўстанова адукацыі прэзентуе адзін з каштоўных экспанатаў музейнай экспазіцыі або школьнага музея. Таксама будзе створана выстава фатаграфій, на якіх адлюс­траваны вядомыя лю­дзі Крупшчыны або значныя падзеі і памятныя моманты з жыцця крупчан.

На Крупшчыне налічваецца 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 9 устаноў дашкольнай адукацыі, 2 установы дадатковай адукацыі.

Таксама мы плануем паказаць вынікі новага праекта па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дашкольнікаў “Я прыгожы ў беларускай адзёжы”, які рэалізоўваўся ва ўсіх 9 садках раёна. Гэта мадэлі касцюмаў з на­цыянальным каларытам, якія педагогі і выхаванцы распрацавалі і пашылі самі. Дарэчы, гэтая ідэя ўзнікла пад уплывам поспехаў і перамог аб’яднання па інтарэсах “Чараўніца” Крупскага цэнтра дзіцячай творчасці. Калекцыі адзення, якія ствараюцца пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Аксаны Аляксандраўны Коваль, высока ацэньваюцца на рэспубліканскіх конкурсах. Апошняя калекцыя педагога і яе выхаванак “Беларусь святая” прэзентуецца на абласной жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі ў Жодзіне. Элементамі дэкору 5 жаночых убораў з лёну, выкананых у тэхніцы батык, сталі выявы такіх знакавых і памятных месцаў Беларусі, як Брэсцкая крэпасць, Сафійскі сабор, Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Худаўцы, кафедральны сабор Уваскрасення Хрыстова ў Барысаве.

Марына КУНЯЎСКАЯ