Уладзімір ШАНТАРОВІЧ: “Маё хобі — гэта мая работа”

Наш сённяшні госць за 40 гадоў трэнерскай работы выхаваў не адну плеяду знакамітых спартсменаў-весляроў. У яго скарбонцы шмат дзяржаўных і ганаровых узнагарод, але ёсць і самая каштоўная: алімпійскае золата яго выхаванцаў Рамана Петрушэнкі і Вадзіма Махнева. У праекце “Мая школа” — галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ заслужаны трэнер Беларусі Уладзімір Шантаровіч.

— Уладзімір Уладзіміравіч, што найбольш запомнілася вам са школьных гадоў?
— У першы клас пайшоў я ў старую школу. Яе так называлі, бо ў Рагачове тады было дзве школы — старая і новая, адпаведна № 1 і № 2. А маю першую настаўніцу звалі Клаўдзія Паўлаўна Масальская. Вельмі добра памятаю сваіх школьных настаўнікаў, кіраўніцтва школы. Але ролю першага настаўніка пераацаніць немагчыма, у жыцці чалавека вельмі важнай з’яўляецца асоба чалавека, які вучыць цябе нечаму новаму: як цябе пасадзілі за парту, як навучылі трымаць ручку, як навучылі чытаць ці лічыць — ад гэтага залежыць тое, як ты далей будзеш развіваць свае навыкі і ўменні.

Школа была недалёка, і на аўтобусе ў школу я ніколі не ездзіў — 20 хвілін туды, 20 хвілін назад пешшу. Па дарозе праходзіў праз рынак, прыхапіўшы ў бабуль, якія гандлявалі на рынку, семачак. А потым для нашай школы ўзвялі новы будынак, час на дарогу скараціўся да 5—6 хвілін.

— Асабліва добрымі паводзінамі вы, я разумею, не вызначаліся?
— Я не быў добрым вучнем. Сёння б мяне назвалі бандытам. Жыў, як звычайны падлетак таго часу: бойкі, чужыя агароды і сады… Але калі пачаў займацца спортам, усе мае прыгоды, чужыя сады, у якія лазіў па яблыкі, цыгарэты, віно — усё гэта адразу скончылася.

— Як лічыце, калі б не спартыўная кар’ера, у чым бы вы яшчэ маглі сябе праявіць?
— Думаю, каб мне пасля пачатковай школы трапіліся такія настаўнікі, як Клаўдзія Паўлаўна, можа, я стаў бы вялікім біёлагам. Мне гэта вельмі падабалася, да таго ж люблю жывёл. Мог бы стаць хімікам. Думаю, з мяне мог бы атрымацца неблагі дыпламат. А вось урачом я б ніколі не стаў. Але ўсё роўна я знайшоў сябе, бо сённяшні спорт высокіх дасягненняў — гэта, акрамя ўласна спорту, яшчэ і фізіялогія, і біяхімія, і нават дыпламатыя.

— Што вас прывяло ў веславанне?
— Калісьці існавала добрая традыцыя: кіраўнікі спартыўных секцый хадзілі па школах і выбіралі здольных юнакоў і дзяўчат. Так было і са мной. “Ніякі ты не хуліган! Кідай курыць і прыходзь займацца!” — сказалі мне, і я прыйшоў. Трапіў да цудоўных трэнераў Віктара Станібулы і яго вучня Мікалая Гаўрыленкі. Калі я пачаў хадзіць у спартыўную секцыю, канечне, не ўсё адразу атрымлівалася. Пасля таго, як некалькі разоў я перавярнуўся ў лодцы, некаторы час не прыходзіў на трэніроўкі. Але трэнер аказаўся больш настойлівым, чым я: прыйшоў за мной яшчэ раз. І тады я зразумеў, што гэта маё. Праз дзве зімы на спартакіядзе школьнікаў, якая праходзіла ў мяне дома, у Рагачове, я стаў чэмпіёнам у эстафеце.

— Існуе міф, што спартсмены дрэнна вучацца. Што думаеце наконт гэтага?
— Калі стаў трэніравацца, і вучыцца я стаў лепш — спорт дысцыплінаваў. Сярод маіх выхаванцаў ёсць такія, якія “са скрыпам” трапляюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, таксама “са скрыпам” здаюць першую сесію, а потым, разумеючы, што адступаць ужо няма куды, пачынаюць вучыцца. На трэцім курсе яны ўжо трапляюць на Дошку гонару, а пяты заканчваюць з чырвоным дыпломам і прыцэлам на магістратуру. Спартыўная методыка дае ім магчымасць арганізоўвацца. Нехта з іх стане трэнерам, а нехта звяжа свой лёс з нечым іншым, але яны будуць несці ў грамадства здаровы лад жыцця. І тое, што іх дзеці будуць актыўна займацца спортам, гэта адназначна.

— Каго б вы прывялі ў прыклад з вашых сённяшніх выхаванцаў?
— У гэтым годзе вельмі цікавай была абарона выпускной магістарскай работы двухразовага чэмпіёна свету Паўла Мядзведзя. Таксама ў гэтым годзе Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.Шамякіна скончылі алімпійскія прызёры Марына Літвінчук (Палтаран), Вольга Худэнка, Надзея Папок (трэнер Генадзь Міхайлавіч Гальскі, які з імі зараз працуе, таксама мой вучань). І, спадзяюся, гэтыя дзяўчаты стануць вельмі добрымі трэнерамі. Калі ўспомніць, як яны пачыналі вучыцца… Марыну Палтаран на першым курсе адлічылі за непаспяховасць з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, бо там яна не змагла спалучаць трэніроўкі з вучобай. А ў Мазыры сканцэнтравана падрыхтоўка весляроў, таму тут ім больш камфортна. Акрамя таго, у Мазыры пабудавана цэльная сістэма падрыхтоўкі спартсменаў ад школы да алімпійскага п’едэстала.

— Такім чынам, у вас расце дастойная трэнерская змена.
— Думаю, праз некаторы час будзе. Калі нехта з іх захварэе на тую самую хваробу, на якую я хварэю ўжо 40 гадоў (а некаторыя з іх у лодках ужо правялі паўжыцця), яны стануць цудоўнымі трэнерамі. Галоўнае захацець і жыць гэтым жыццём. Трэнер-прафесіянал павінен быць ва ўсім прафесіяналам.

— Як склаўся ваш шлях пасля школы?
— Пасля школы паступіў у інстытут. Там лёс звёў мяне яшчэ з адным цудоўным чалавекам — Уладзімірам Кузьмічом Паўлючко, які потым стаў маім асабістым трэнерам. Гэты чалавек вельмі многа зрабіў не толькі для мяне, але і для ўсіх сваіх студэнтаў. Пра яго можна сказаць, што ён выдатны спецыяліст і выдатны настаўнік-трэнер. Ён быў вельмі чэсным і справядлівым, і я стараюся працаваць так, як ён. Многія сённяшнія вядомыя беларускія трэнеры прайшлі праз яго рукі. Сярод іх і мой калега Мікалай Мікалаевіч Банько.

Размеркаванне пасля інстытута ў мяне было персанальнае: у Мазырскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу патрабаваўся спецыяліст па веславанні на байдарках і каноэ. Менавіта тады вярнуўся з арміі мой сябар Віталь Скрыган, які ўжо меў за плячамі інстытут фізічнай культуры, і я прапанаваў яму паехаць са мной.
Прыехалі мы ў Мазыр. Я, зайшоўшы да начальніка гарана, сказаў, што прыехаў з сябрам, майстрам спорту з вышэйшай адукацыяй. І нас абодвух узялі на работу трэнерамі ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу № 2 (нават адным загадам аформілі), дырэктарам якой тады быў Анатоль Баранчук. Так пачалося наша жыццё ў Мазыры.

— І завіравала…
— Сапраўды завіравала. Па-ўсякаму бывала. Нам здавалася, што мы былі сумленнымі і прыстойнымі, але збоку, калі глядзелі на нас, відаць, думалі, што мы нейкія бандыты — мы былі вельмі шустрымі, шмат што паспявалі… Потым мяне прызвалі ў армію, а пасля дэмабілізацыі запрасілі ў спартыўнае таварыства “Спартак”, і з таго часу маё жыццё звязана з ім.

— Якая самая вялікая ваша перамога?
— Самая вялікая мая перамога ў тым, што ў складаны час распаду СССР і балючага раздзялення і заняпаду ўсіх спартыўных структур я застаўся ў спорце вялікіх дасягненняў — многія мае калегі ў той час пайшлі ў бізнес, нехта ў бандыты. А я выжыў (трэнеры тады атрымлівалі каля дзесяці долараў у месяц) і застаўся ў спорце.

— Відаць, хто-ніхто з былых калег зайздросціць вам?
— Можа і зайздросцяць. А большасць лічыць: тое, што я зараз раблю, вельмі проста, і я з імі не спрачаюся. Навошта спрачацца? Мае выхаванцы заваёўваюць прызавыя месцы на спаборніцтвах, але за гэтымі прыгожымі, падчас феерычнымі перамогамі стаіць цяжкая ўпартая праца і спартсменаў, і трэнераў.

— Якая перамога вашых выхаванцаў самая дарагая для вас?
— У вялікім спорце самая галоўная перамога — вяршыня алімпійскага п’едэстала, і ў мяне яна ёсць. Нават калі ты другі, ты ўжо прайграў.

— Які момант спаборніцтваў найбольш сагравае душу?
— Той момант, калі ў гонар пераможцы гучыць Дзяржаўны гімн тваёй краіны. І калі спартсмен сыходзіць з п’едэстала, ён разам з трэнерам адразу пачынае планаваць далейшую работу: усё пачынаецца нанова. Спыняцца нельга. Як толькі спыніўся, ты пераможаны. Зараз мае хлопцы і дзяўчаты заваявалі сем алімпійскіх медалёў, але хачу давесці колькасць алімпійскіх медалёў да дзесяці. Дзесяць алімпійскіх узнагарод для трэнера, які працуе 40 гадоў, няблага. Я не кажу, што гэтыя медалі — заслуга толькі Шантаровіча. Гэта перамогі ўсяго калектыву, з якім я працую: біёлагаў і біяхімікаў, урачоў і масажыстаў, арганізацыйнага персаналу і, канечне, саміх спартсменаў.

— Веславанне досыць відовішчны від спорту, і ўвага гледачоў — найперш прыцягнута да весляроў. Што адчувалі вы, калі былі ў лодцы?
— Паверце, сядзець і назіраць больш складана, чым знаходзіцца на дыстанцыі. Здаецца, лепш бы самому некалькі разоў прайсці дыстанцыю, чым чакаць гэтай перамогі, — трэнер на беразе перажывае ў некалькі разоў мацней. І калі парушаецца стратэгія праходжання дыстанцыі, “адрэпеціраваная” на трэніроўцы, ты разумееш, што гэта менавіта твая, трэнерская недапрацоўка.

Вельмі прыемна, што перамогі не паўтараюцца, а з’яўляюцца новыя чэмпіёны. У гэтым годзе ў нас кваліфікаваліся тры чэмпіёнкі Еўропы: Маргарыта Цішкевіч, жаночая байдарка-двойка Грышына і Міхейчык.

— Як забяспечаны ваш тыл?
— Вельмі часта ў мяне запытваюцца, дзе я жыву. “У Еўропе, у Беларусі”, — адказваю я. Але калі сур’ёзна, то дома я знаходжуся на працягу года, можа, месяцы тры. Многа гадоў побач са мной мая жонка Марыя Мікалаеўна. Яна таксама былая спартсменка, чэмпіёнка Еўропы і шматразовая чэмпіёнка СССР. І калі б на маім жыццёвым шляху сустрэлася, напрыклад, артыстка ці ўрач, мы б, відаць, доўга не пражылі разам. Яна ведае, што я раблю, таму цярпліва мяне чакае і разумее маю работу.

Зараз мяне вельмі радуе сын, які з’яўляцца галоўным трэнерам зборнай Казахстана па веславанні. Ён выкарыстоўвае маю методыку, пра якую я, не хаваючыся, расказваю ўсяму свету, і мне гэта таксама вельмі грэе душу.

— Ці ёсць у вас якое-небудзь хобі?
— Маё хобі — гэта мая работа. Пасля спаборніцтваў прыйду дадому, вып’ю віскі з колай, раніцай пайду на работу, пахаджу па кабінеце і зноў пачну нешта пісаць, закрэсліваць, зноў пісаць і зноў закрэсліваць…

— У чым, з вашага пункту погляду, сутнасць работы педагога?
— Добры педагог можа “перахрысціць” свайго вучня ў любую “веру”: ён можа стварыць цудоўнага чалавека, а можа і злачынцу, можа выхаваць выдатнага сем’яніна, а можа зрабіць так, што чалавек усё жыццё правядзе ў адзіноце, можа спрыяць узлёту выхаванца, а можа назаўсёды пакінуць у душы дзіцяці балючы след. Гэта ўсё мастацтва, божы дар.
І вельмі важна ўбачыць і раскрыць талент вялікага педагога. Такія людзі вельмі ранімыя, іх трэба аберагаць і ахоўваць.

— Якая якасць для педагога, на вашу думку, самая важная?
— У жыцці не павінна быць катэгарычнасці мыслення. Кім бы ні быў чалавек, якой бы дзейнасцю ён ні займаўся, ён не павінен дзяліць усё на белае і чорнае. Асабліва гэта тычыцца педагогаў. Вельмі часта бесталковыя і, здаецца, ні на што не здатныя вучні потым становяцца геніямі — у гісторыі мноства такіх прыкладаў. І для педагога адсутнасць катэгарычнасці мыслення павінна быць самай галоўнай якасцю. А яшчэ педагог павінен умець чуць і слухаць, бо вельмі часта, пагадзіцеся, мы не чуем (ці не хочам чуць?) нашых вучняў, а гэта бывае вельмі небяспечна. Педагог павінен выслухаць і скарэкціраваць думкі і імкненні вучня так, каб яго далейшая дзейнасць дала плён. Калісьці на пачатку кар’еры са сваімі выхаванцамі я выйграваў усе маладзёжныя спаборніцтвы. Мне казалі: “Ты вельмі добры трэнер!”, але пры гэтым дадавалі: “…Але ў спорце высокіх дасягненняў ты яшчэ нічога не зрабіў”.
Спорт высокіх дасягненняў — гэта палітыка. Ніхто не хоча быць пераможаным — усе прыязджаюць перамагаць, і іх трэба перамагчы ў чэснай барацьбе, якая заснавана на методыцы.

Я знаёмы з многімі знакамітымі людзьмі, якія працуюць у розных сферах. І кожны, хто дабіўся поспеху ў сваёй галіне, заўсёды раіў мне: “Валодзя, трэба працаваць і цярпець. Тады ў жыцці ўсё атрымаецца!”

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.