Уладзімір ШАНТАРОВІЧ: “Стаў чэмпіёнам, прагучаў гімн… забудзься пра гэта”

- 11:50VI Чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ, Рознае

Менш за два тыдні застаецца да VI чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ, удзельнікаў якога зусім хутка чакаюць у Беларусі, і ўсяго дзень да чэмпіянату свету па веславанні на байдарках і каноэ, які пройдзе сёлета з 6 па 10 жніўня на вяслярным канале ў Маскве. Плануецца, што многія ўдзельнікі маскоўскага чэмпіянату завітаюць у старажытнае Заслаўе, каб памерацца сілай у студэнцкім веславанні.
Нам удалося застаць прадстаўнікоў беларускага веславання, у прыватнасці, наваспечанага чэмпіёна Еўропы Алега Юрэню і сярэбнага прызёра чэмпіянатаў свету Паўла Мядзведзева, на вяслярным канале ў Брэсце, дзе спартсмены разам са сваім трэнерам Уладзімірам Шантаровічам рыхтуюцца да стартаў.

— Алег, віншуем вас з перамогай на чэмпіянаце Еўропы!
— Дзякую! На самай справе нічога звышнатуральнага я не прадэманстраваў, проста выйшаў на старт і зрабіў тое, што ўмею. Гэта мая работа. Цяпер актыўна рыхтуемся да чэмпіянату свету ў Маскве і, канечне, да чэмпіянату свету сярод студэнтаў, які пройдзе ў нашай краіне. У Маскве я не буду выступаць у адзіночцы. Мы разам з Паўлам Мядзведзевым заяўлены ў двойцы. Таксама разам з Паўлам, Раманам Петрушэнкам і Віталем Бялько будзем змагацца ў чацвёрцы.
Чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ — падзея вельмі значная для Беларусі. У нашай краіне ён пройдзе ўпершыню. Для мяне гонар прымаць удзел у ім. Спадзяюся, што я парадую усіх, хто будзе хварэць за нашу каманду. У Заслаўі буду выступаць у адзіночцы на 1000 метраў і ў двойцы на 1000 м і 500 м з Паўлам Мядзведзевым.
У гэтым годзе я атрымаў стыпендыю Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкага спорту (FISU), што стала для мяне нечаканасцю. Трэба сказаць, я неаднойчы намініраваўся на розныя прэміі, але ўсё заканчвалася на ўзроўні выстаўлення кандыдатуры. (Усміхаецца.) Урэшце пашанцавала!

— Уладзімір Уладзіміравіч, як ідзе падрыхтоўка да студэнцкага чэмпіянату?
— Асноўная каманда ўжо адабрана, ідуць апошнія зрэзы ў трэніровачным працэсе. У адзіночцы на 1000 м будзе выстуць лідар еўрапейскага веславання Алег Юрэня. У двойцы за лідарства пазмагаюцца Юрэня і Мядзведзеў. Думаю, гэта будзе вельмі сур’ёзная канкурэнцыя для ўсяго свету веславання. У адзіночцы на 500 м зноў выступіць Мядзведзеў і двойка Юрэня — Мядзведзеў.
У чацвёрках будуць выступаць прызёры чэмпіянату свету Іван Цуранаў, Андрэй Царыковіч, Ігар Байчэўскі. Чацвёртага пакуль не вызначылі. Сярод дзяўчат будзе прадстаўлены амаль увесь асноўны склад нацыянальнай жаночай зборнай: Марына Літвінчук, Вольга Худзенка, Маргарыта Цішкевіч, Соф’я Юрчанка і Аляксандра Грышына. Сярод канаістаў вы зможаце ўбачыць алімпійскага чэмпіёна Андрэя Багдановіча, Максіма Пятрова, які падае надзеі. Улічваючы такі сур’ёзны склад каманды, мы разлічваем на прызавыя месцы.
Разам з тым ужо сёння ведаем, што ў жаночым веславанні моцную канкурэнцыю нам складзе каманда з Польшчы. Таксама высокі ўзровень расійскай каманды. Асобны экіпаж выставіць Новая Зеландыя, Аўстралія, магчыма, Кітай. Увогуле, спорт вельмі непрадказальны. Чакаць можна чаго заўгодна. Самая важная канкурэнцыя для нас тая, якая існуе ўнутры каманды. Я заўсёды гаварыў, што толькі яна нараджае сапраўдны вынік.

— На якія моманты ў падрыхтоўцы звяртаеце ўвагу ў апошнія некалькі дзён?
— Цяпер мы робім стаўку на фарміраванне мадэлі праходжання дыстанцыі. Развіццё якасцей практычна завершанае. Працуем над стратэгіяй на дыстанцыі, над засяро-джанасцю і вытрымкай. Трэба вытрымаць тэмпавыя характарыстыкі, адпрацаваць энергетычны кошт праходжання дыстанцыі.
Цяпер вельмі сур’ёзная ўвага ўдзяляецца энергазабеспячэнню спартсменаў. Разам са мной працуе наш штатны дыетолаг, яна ўрач. На гэты момант для нас вельмі важны пітны рэжым.

— Вы сказалі пра засяроджанасць і вытрымку на дыстанцыі. Ёсць нейкія асаблівыя сакрэты псіхалагічнай падрыхтоўкі?
— ”Трэнер лепш за ўсіх ведае “хваробу” спартсмена і ведае, як яе лячыць. Напрыклад, важна навучыць яго не быць метэазалежным, веславаць у любых умовах. Толькі тады спартсмен з весляра ператвараецца ў байца. Вось вам і ўся псіхалогія!

— Уладзімір Уладзіміравіч, вядома, што вы адзін з тых трэнераў, які знаходзіць спартыўна адораных дзяцей у сельскай глыбінцы. Будзе ў сённяшніх зорак новая змена?
— У нас увогуле вельмі шмат таленавітых дзяцей. Дзе яны потым губляюцца — вось у чым пытанне! У спорце вышэйшых дасягненняў прабіваюцца не самыя перспектыўныя напачатку спартсмены. Таленты мы страчваем пры пераходзе з дзіцячай спартыўнай школы ў школу алімпійскага рэзерву і потым у школу вышэйшага спартыўнага майстэрства. Сістэма не спрацоўвае.
І, канечне, самыя значныя страты пачынаюцца на ўзроўні ўстановы вышэйшай адукацыі. Калі спартсмен не ў нацыянальнай зборнай, ён сацыяльна не забяспечаны так, як неабходна спартсмену вышэйшага класа, у яго няма матывацыі. Выжываюць фанаты, у якіх трэнеры на самым пачатку закладваюць адданасць гэтаму віду спорту.

— Што наконт прафесійнага выгарання юных спартсменаў? Магчыма, ёсць пэўныя мінусы і ў трэнерскай рабоце?
— І такое бывае. Таму я заўсёды гавару, што мне чэмпіёны ў юнацкім спорце не патрэбныя. Трэці ў свеце, пяты, шосты… Але не ніжэй. І ўжо ў больш дарослым узросце такі спартсмен можа саспець і прадэманстраваць узровень. Алег Юрэня пачынаў з 9 месца на чэмпіянаце Еўропы. Ён быў дзявятым два гады запар. Сёння гэта лідар сусветнага веславання. Мядзведзеў пачынаў з 4 месца ў свеце. Тут важны настрой!

— А як захаваць запал тых, хто пакаштаваў чэмпіёнства?
— Сёння нярэдкая такая ўстаноўка: плаціце грошы — буду веславаць. У маёй камандзе можна ўвогуле не плаціць, усе адданыя свайму віду спорту. Я заўсёды жартую, што ў веславанні трэба мучыць сябе і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Калі ты гоншчык — ты вясляр!

— І апошняе пытанне. Як вам удаецца выхоўваць такіх сціплых спартыўных зорак?
— Я сапраўды іх вучу ўмець захоўваць сціпласць і прыстойнасць. Ты чэмпіён свету, алімпійскі чэмпіён? Узнялі сцяг, прагучаў гімн, сышоў з п’едэстала… забудзься пра ўсё гэта. Узнагароджваюць, віншуюць, запрашаюць да стала? Памятай, вельмі важна ў належны час пайсці. Думаю, нешта ў іх застаецца.
Нягледзячы на спартыўныя дасягненні, я ацэньваю кожнага з іх штодзённа. Ты прыйшоў на завод, стаў да станка, не вытачыў дэталь… Брак! А брак ён усюды брак: хоць на заводзе, хоць у веславанні. Не можаш сёння — не можаш заўтра. Не чакай выніку!

— Дзякуй за размову. Поспехаў на чэмпіянаце!

Наталля АЛЁХІНА.