Уласная АЭС — гэта зусім іншае аблічча беларускай нацыі

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 кастрычніка на сустрэчы з калектывам БелАЭС. 

Сёння, на думку Аляксандра Лукашэнкі, няма сумненняў, што ў Беларусі зрабілі правільна, пачаўшы будаўніцтва ўласнай атамнай электрастанцыі. “У нас павінна быць станцыя. Гэта танная электраэнергія, новыя тэхналогіі. Гэта зусім іншае аблічча беларускай нацыі”, — сказаў прэзідэнт. “Мы робім правільна, што будуем такое магутнае прадпрыемства”, — перакананы ён.
“Мы павінны пабудаваць за аптымальныя тэрміны, не расцягваючы іх, але і не на шкоду бяспецы, аптымальна танную станцыю”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Такая дамоўленасць была дасягнута з расійскім бокам.
Калі нацыя хоча развівацца, то трэба ісці наперад, асвойваць новыя праекты, сказаў кіраўнік дзяржавы. Будаўніцтва БелАЭС дае магчымасць рушыць наперад па многіх напрамках, лічыць ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі яшчэ захаваўся так званы постчарнобыльскі сіндром, калі з аварыяй на ЧАЭС звязваюць, напрыклад, рост анказахваральнасці. “Каб больш эфектыўна працаваць у гэтым напрамку, а мы тут не адстаём ад вядучых краін, мы пастаянна падцягваем сваю ахову здароўя”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, гэтымі днямі ў Беларусі адкрыўся пазітронна-эмісійны цэнтр у РНПЦ анкалогіі, які забяспечвае раннюю дыягностыку анкалагічных захворванняў.
У Беларусі будуецца самая бяспечная і сучасная АЭС у свеце, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што рашэнне аб будаўніцтве АЭС у Беларусі прымалася ў няпростай сітуацыі, калі яшчэ жывая памяць аб трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. “І мы дамовіліся, што пабудуем самую лепшую станцыю. І будзем яе будаваць як прыклад іншым на найвышэйшым узроўні”, — сказаў беларускі лідар.
“Спецыялісты, якіх мы запрасілі не толькі з Беларусі, а з усяго свету, робяць адно заключэнне: нідзе так не будавалася станцыя, як у нас”, — адзначыў ён.
Прэзідэнт падзякаваў генеральнаму дырэктару дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энергіі “Расатам” Сяргею Кірыенку за чулае стаўленне да Беларусі і абавязковасць. “Думаю, што беларусы атрымаюць цудоўную станцыю. І гэта будзе нават нейкі новы этап у будаўніцтве атамных станцый і для Расійскай Федэрацыі, якая з’яўляецца вядучай краінай па мірным атаме”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі задзейнічаны не толькі будаўнічыя арганізацыі, але і прамысловыя прадпрыемствы, што з’яўляецца для іх добрай падмогай у няпросты час. Сяргей Кірыенка, у сваю чаргу, пацвердзіў, што Беларуская АЭС будзе ў першую чаргу самая бяспечная і самая сучасная атамная станцыя пакалення 3+. “Аналагаў гэтай станцыі няма пакуль у свеце, гэта самая сучасная, самая бяспечная, — сказаў ён. — Абсалютны прыярытэт аддаецца бяспецы, якасці”.
Сяргей Кірыенка адзначыў добрую работу беларускіх падрадных арганізацый. “Гэта цяжкая работа, але яны моцна набралі кваліфікацыю, вопыт”, — канстатаваў ён. Пры гэтым кіраўнік “Расатама” дадаў, што беларускія арганізацыі — і будаўнічыя, і тыя, якія вырабляюць абсталяванне, — будуць запатрабаваны ў далейшым пры будаўніцтве іншых атамных электрастанцый у свеце, заказы на якія ўжо існуюць у гэтай расійскай кампаніі.
Работы па будаўніцтве Беларускай АЭС вядуцца строга па графіку, далажыў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання пляцоўкі будаўніцтва БелАЭС віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.
Аляксандр Лукашэнка цікавіўся пытаннямі бяспекі. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што пры ўзвядзенні Беларускай АЭС ні ў якім разе не трэба спяшацца. Прэзідэнта запэўнілі, што пры ўсіх работах захоўваюцца чатыры этапы кантролю. Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што будаўніцтва вядзецца ў адпаведнасці са строгім рэгламентам захавання якасці.
Беларускія спецыялісты будуць удзельнічаць у будаўніцтве АЭС дзяржкарпарацыі “Расатам” па ўсім свеце, паведаміў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з калектывам БелАЭС.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што такая дамоўленасць дасягнута на сустрэчы з генеральным дырэктарам “Расатама” Сяргеем Кірыенкам. “Нашы людзі сёння запатрабаваны тут, і кіраўнік “Расатама” мне паабяцаў, што яны будуць запатрабаваны па ўсім свеце”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У “Расатама” заключаны кантракты ў 12 краінах свету на будаўніцтва такіх жа бяспечных атамных станцый, як і беларуская. Прэзідэнт падкрэсліў, што вопытам будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі цікавяцца за мяжой і мы ўжо маем магчымасць падключыць сваіх людзей для будаўніцтва такіх станцый.
Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы, у тым ліку наконт таго, ці магчыма стварэнне прэферэнцый пры працаўладкаванні для членаў сем’яў замежных спецыялістаў, якія прыехалі будаваць атамную станцыю. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, гэтыя людзі ўжо не іншаземцы. Ён паабяцаў, што калі замежныя спецыялісты, якія працуюць на АЭС, унясуць прапановы па гэтым пытанні праз свайго кіраўніка, то “мы па ўсіх канкрэтных пытаннях прымем рашэнне”.
Удзельнікі сустрэчы таксама пацікавіліся ў прэзідэнта, як будзе развівацца інфраструктура Астраўца ў сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС, гаворачы, у прыватнасці, аб развіцці спартыўнага комплексу. Кіраўнік дзяржавы гарантаваў, што такія аб’екты будуць пабудаваны. “Без спартыўных аб’ектаў і аб’ектаў для адпачынку не можа быць горада”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што ў Астраўцы чакаецца прыток вялікай колькасці моладзі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС.
Нагадаем, што, згодна з генеральным кантрактам, узвядзенне першага энергаблока павінна завяршыцца ў 2018 годзе, другога энергаблока — у 2020 годзе. Цяпер вядуцца работы на асноўных будынках і збудаваннях энергаблокаў № 1 і № 2, а таксама дапаможных аб’ектах электрастанцыі. У 2016 годзе плануецца пачаць мантаж ядзернага рэактара, турбіны, парагенератараў, зварку галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода. Цяпер усё абсталяванне працяглага цыкла вырабу выбрана і заключаны кантракты на яго вытворчасць. Для Беларускай АЭС закантрактавана абсталяванне на суму крыху больш за $2 млрд. Асноўная пастаўка абсталявання плануецца з 2016 года.