Уласная творчая тэрыторыя

- 15:11Актуально
Днямі ў прэс-цэнтры “Настаўніцкай газеты” адбыўся творчы семінар-практыкум, арганізаваны рэдакцыяй для ўласных карэспандэнтаў газеты па Брэстчыне, Віцебшчыне, Гомельшчыне і Магілёўшчыне. Тэма размовы журналістаў  — асаблівасці практычнай рэалізацыі рэгіянальнага праекта “творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў галіне адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”.

У рабоце семінара прынялі ўдзел галоўны рэдактар газеты Вадзім Аляксандравіч Кнышаў, намеснікі галоўнага рэдактара Вераніка Іванаўна Саламевіч, Уладзімір Уладзіміравіч Фалалееў, Наталля Аляксееўна Кастэнка, рэдактар аддзела рэгіянальнай адукацыі Генадзь Міхайлавіч Ешчанка, уласныя карэспандэнты газеты Сяргей Уладзіміравіч Грышкевіч (Брэсцкая вобласць), Таццяна Віктараўна Бондарава (Пруднікава) (Віцебская вобласць), Наталля Анатольеўна Лутчанка (Гомельская вобласць), Ганна Аляксандраўна Сінькевіч (Магілёўская вобласць).
Названы праект “Настаўніцкай газеты”, які, дарэчы, адобраны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, стартаваў напрыканцы 2011 года. Актыўная сумесная работа рэдакцыі і ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў у рамках практычнай рэалізацыі праекта стварыла перадумовы для адкрыцця карэспандэнцкіх пунктаў: напрыканцы мінулага года адкрыты карпункт на Гомельшчыне, сёлета — на Магілёўшчыне і Віцебшчыне. Вядзецца падрыхтоўчая работа для адкрыцця карпункта “Настаўніцкай” на Гродзеншчыне.
— Сённяшнюю нашу сустрэчу па праве можна лічыць знакавай падзеяй у развіцці “Настаўніцкай газеты”. За ўсю гісторыю існавання галоўнае педагагічнае выданне краіны не мела ўласных карэспандэнтаў. Цяпер у абласных цэнтрах адкрыты паўнавартасныя карэспандэнцкія пункты, і сёння наша першая сустрэча з вамі, калегі, нашымі ўласнымі карэспандэнтамі, — зазначыў галоўны рэдактар В.А.Кнышаў. — Важнасць падзеі абумоўлена сітуацыяй на агульным інфармацыйным рынку СМІ, калі па розных прычынах інфармацыйная прастора звужаецца, а “Настаўніцкая газета” наадварот імкнецца пашырыць яе, змястоўна напоўніць інфармацыйную нішу, так бы мовіць, сваім кантэнтам. Аб’ектыўна сітуацыя складваецца так, што на рэспубліканскім рынку “Настаўніцкая” замацоўваецца трывала, ёсць рэсурсы для далейшага развіцця выдання.
Не ў апошнюю чаргу гэта абумоўлена нашай сумеснай работай з упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў у рамках практычнай рэалізацыі праекта. Пэўныя спадзяванні мы ўскладаем і на актыўную, творчую і якасную работу карпунктаў, што і далей дазволіць захаваць станоўчую дынаміку ў адносінах з нашымі партнёрамі. І таму стратэгічным кірункам вашай дзейнасці, работы карпункта ўвогуле, мы лічым, па-першае, усталяванне партнёрскіх узаемаадносін з кіраўніцтвам упраўлення адукацыі, а па-другое, напаўненне газеты якаснымі матэрыяламі з рэгіёна. І па-трэцяе, неабходна выбудоўваць сістэму інфармацыйнага ўзаемадзеяння з нашымі асноўнымі інфармацыйнымі партнёрамі: упраўленнем адукацыі, абласнымі ІРА, аддзеламі і ўстановамі адукацыі рэгіёна, актыўнымі аўтарамі.
Таксама важна асэнсаваць свой статус: вы з’яўляецеся прадстаўнікамі газеты ў рэгіёне, пастарайцеся ўстанавіць асабістыя творчыя кантакты найперш з кіраўніцтвам упраўлення адукацыі. Тады вы будзеце дакладна ведаць, куды рухаецца сістэма адукацыі вобласці, праблематыку рэгіёна, тое, як і якія праблемы вырашаюцца, чым жыве настаўніцтва і г.д. Адпаведна статусу, і матэрыялы павінны быць “статуснымі”, не другараднымі: актуальнымі, змястоўнымі і цікавымі не толькі для свайго рэгіёна.
Пакуль мы не ставім мэтай для вас напаўненне газеты праблемнымі матэрыяламі, гэта будзе пазней. Больш увагі рэгіянальнаму інфармацыйнаму складніку.
Мы чакаем ад вас плённай, творчай працы. І яшчэ — у разумных межах! — творчай, як кажуць, здаровай канкурэнцыі. Варта помніць, што “пад карпункты” мы атрымалі ад педагогаў краіны своеасаблівы крэдыт даверу: істотнае павышэнне падпіскі на нашы выданні. І калі нашы калегі будуць бачыць у газеце вашы змястоўныя і актуальныя матэрыялы аб арганізацыі адукацыйнага працэсу ў рэгіёне, мы ўпэўнены, што заўсёды знойдзем у іх падтрымку.
На асаблівасцях арганізацыі творчага ўзаемадзеяння карпунктаў непасрэдна з рэдакцыяй засяродзілі ўвагу калег у сваіх выступленнях В.І.Саламевіч, У.У.Фалалееў, Н.А.Кастэнка, Г.М.Ешчанка.
Цікавымі падаюцца меркаванні ўласных карэспандэнтаў аб ролі карпунктаў “Настаўніцкай”, іх месцы ў рэгіянальнай адукацыйнай прасторы і ўвогуле — у адукацыйнай прасторы рэспублікі, якімі нашы калегі падзяліліся падчас творчай дыскусіі.

Сяргей Грышкевіч, Брэстчына:
— Уласны карэспандэнт — гэта не штатная адзінка ў абласным упраўленні адукацыі, функцыя якой — напісанне хвалебных справаздач і матэрыялаў, а надзейны памочнік у прапагандзе лепшага кіраўніцкага і педагагічнага вопыту, выяўленні пэўных праблем і іх шырокім абмеркаванні ў інтарэсах настаўніцтва, а таксама ў правядзенні дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі. Задача кіраўнікоў і педагогаў — працаваць прафесійна і вынікова, а мая задача — прафесійна і цікава расказваць пра гэта на старонках газеты. Лепшых абавязкова павінны ведаць. А такіх на Брэстчыне нямала, у чым пераканала работа “адукацыйнага летапісца рэгіёна” на працягу ўжо больш як 8 гадоў.

Таццяна Бондарава (Пруднікава), Віцебшчына:
— Кажуць, поспех множыцца дзяленнем. На мой погляд, гэтае выказванне найбольш выразна ілюструе сітуацыю ўзаемадзеяння “чытач — галіновае перыядычнае выданне”. Асабліва гэта датычыцца кантактаў паміж газетай і рэгіянальнай чытацкай аўдыторыяй. У нас на Віцебшчыне (адразу адзначу: безумоўна, тое ж можна сказаць і пра іншыя вобласці рэспублікі) працуюць, без перабольшання, сотні таленавітых і паспяховых настаўнікаў і выкладчыкаў, назапашаны каласальны педагагічны вопыт — і менавіта старонкі “Настаўніцкай газеты” могуць і павінны стаць своеасаблівым кандэнсатарам, а яшчэ — крыніцай распаўсюджання і, потым, зацікаўленага плённага абмеркавання аўтарскіх методык, цікавых праектаў і ініцыятыў. У сваю чаргу рэлевантнасць у наш час — адзін з галоўных складнікаў поспеху любога выдання, і мне прыемна бачыць, што “Настаўніцкая” мэтанакіравана імкнецца прадастаўляць чытачу менавіта тую інфармацыю, якая адпавядае яго запытам. Калі ж вярнуцца да пачатку нашай размовы, то хочацца прывесці яшчэ адну аксіёму (хаця яна, здаецца, зноў супярэчыць законам матэматыкі. Спадзяюся, прыхільнікі дакладных навук не будуць на мяне ў крыўдзе): любая, нават самая складаная праблема аднімаецца… складаннем. Сумесных намаганняў, вопыту, розных — нават дыяметральна супрацьлеглых меркаванняў, напрацовак. Думаю, што газета і ў гэтым плане запатрабавана. Спадзяюся, што кола нашых сяброў і аднадумцаў будзе шырыцца і далей — разам мы зможам больш.

Наталля Лутчанка, Гомельшчына:
— Адукацыйная прастора Беларусі вельмі вялікая, і ахапіць яе амаль немагчыма. Мяркуйце самі: толькі на Гомельшчыне працуе звыш тысячы школ, гімназій, ліцэяў і дзіцячых садоў, больш за шэсцьдзясят устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, восем устаноў вышэйшай адукацыі. Дададзім сюды яшчэ ўстановы дадатковай і спецыяльнай адукацыі… Гэта вялізны пласт. Вось чаму такім важным было адкрыццё карэспандэнцкіх пунктаў нашай газеты ў рэгіёнах. Журналіст працуе на месцы, ён заўсёды знаходзіцца ў гушчы падзей, якія адбываюцца на тэрыторыі, ён бліжэй да педагогаў і дзяцей, якія тут працуюць і вучацца.
Прызнаюся, на пачатку работы ўласным карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”, я была вельмі ўражана, як шмат цікавага і карыснага робяць нашы педагогі, колькі побач таленавітых і здольных дзяцей. І пра гэта абавязкова трэба расказваць. Не толькі дзеля стымулу для далейшай дзейнасці, а перш за ўсё дзеля абмену вопытам.

Ганна Сінькевіч, Магілёўшчына:
— Адкрыццё на Магілёўшчыне карэспандэнцкага пункта “Настаўніцкай газеты” стала значнай падзеяй для ўсёй сістэмы адукацыі вобласці. Магілёўскае настаўніцтва даўно чакала гэтага, бо ў сферы адукацыі рэгіёна сапраўды ёсць што паказаць і пра што расказаць.
Сёння выкладчыкі, настаўнікі і навучэнцы Прыдняпроўскага краю па праве могуць ганарыцца багаццем важкіх дасягненняў. Гэта і шматлікія перамогі школьнікаў і студэнтаў у рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, і пераход навучальных устаноў вобласці на новыя адукацыйныя стандарты, і многія іншыя аспекты дзейнасці, пра якія я з задавальненнем буду распавядаць на старонках галіновай газеты.
Але ўсебаковае і поўнае асвятленне работы сістэмы адукацыі вобласці немагчыма без дапамогі саміх педагогаў. Таму мае тэлефоны заўсёды адкрыты для ўсіх званкоў і навін, а я спадзяюся на плённае супрацоўніцтва з кожнай установай адукацыі рэгіёна…

Карэспандэнцкія пункты “Настаўніцкай газеты” — новая структура на адукацыйнай прасторы краіны. Іх арганізацыйнае, творчае станаўленне і сталенне працягваецца. Уласныя карэспандэнты настойліва асвойваюць сваю творчую тэрыторыю, якая неўзабаве паслужыць трывалым падмуркам для плённай працы. Зразумела, што партнёрам — рэдакцыі, ўпраўленням адукацыі аблвыканкамаў — належыць нямала яшчэ папрацаваць у гэтым кірунку, каб карпункты сталі сапраўднымі інфармацыйнымі штабамі галіновых выданняў.

Генадзь ЕШЧАНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.