Уласны агарод год корміць

- 14:00Адукацыйная прастора

Патанненне дзіцячага харчавання — адзін з важных кірункаў работы Гарадзецкай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна. Яе дырэктар Святлана Ткачова адзначае, што ва ўстанове адукацыі апошнія два гады асабліва шчыльна займаюцца вырашэннем названай праблемы.

—У нашай чарнобыльскай зоне харчаванне бясплатнае. У школе вучацца 69 чалавек. Згодна з двухтыднёвым меню, бульбу выкарыстоўваем сем разоў у два тыдні, буракі — чатыры, цыбулю і моркву — штодня. Такім чынам, у год нам патрэбна 2,4 тоны бульбы, звыш тоны капусты, 280 кг буракоў і па 270 кг морквы і цыбулі, — расказвае Святлана Фёдараўна.

Яна адзначае, што школа мае ўласны агарод плошчай 0,25 га. Ураджай сёлета атрымалі значна меншы, чым у папярэднія гады. Сабралі 400 кг бульбы, па 110 кг буракоў і морквы, 55 кг цыбулі.

— Сваю бульбачку мы з’елі яшчэ ў жніўні ў час работы летняга аздараўленчага лагера для дзяцей i ў верасні. Тым не менш, дзякуючы агародніне, вырашчанай на сваім участку, эканомія за верасень склала 452 рублі за два тыдні, што дазволіла нам выканаць грашовыя і натуральныя нормы. Яшчэ адна крыніца паступлення агародніны — бязвыплатная дапамога суседзяў — Гарадзецкай дапаможнай школы-інтэрната. Ад іх мы атрымалі па 200 кг буракоў і морквы, 120 кг капусты. Дапамога ад нашых шэфаў — сельгаспрадпрыемства “Турская селекцыйная станцыя” — тона бульбы на суму 1160 рублёў.

Да таго ж, гаворыць кіраўнік вясковай школы, дадаткова заказалі і атрымалі дзве скрыні бульбы ад пастаўшчыкоў раённага аддзела адукацыі. Гэта выгадна, бо ў жніўні бульба каштавала ў два разы танней, чым цяпер.

Падвал школьнага будынка прыстасаваны пад сховішча для агародніны. Святлана Фёдараўна паказвае, як з выкананнем усіх санітарных патрабаванняў тут захоўваецца агародніна, якой навучэнцам павінна хапіць да сакавіка наступнага года.

— Наша задача — усё гэта заха­ваць, і тады мы можам быць спакойныя за паўнацэннае харчаванне вучняў Гарадзецкай сярэдняй школы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.