Уласны стыль

Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну трэці год удзельнічае ў конкурсе WorldSkills Belarus. У гэтым годзе гонар навучальнай установы на конкурсе адстойвалі два навучэнцы — Дзмітрый Стральцоў у кампетэнцыі “Вэб-дызайн і распрацоўка” і Юлія Маркевіч у кампетэнцыі “Тэхналогія моды”. Як працаваў калектыў для ўдзелу ў конкурсе, расказала загадчыца швейнага аддзялення эксперт конкурсу М.С.Сазанкова.
— Падрыхтоўка да самага адказнага прафесійнага конкурсу — справа калектыўная, — гаворыць Маргарыта Сяргееўна. — У яе ўцягнуты ўсе: дырэктар каледжа Святлана Сяргееўна Шока, якая ўдзяляе вельмі вялікую ўвагу і заўсёды аказвае падтрымку пры ўдзеле нашых навучэнцаў у розных конкурсах, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання, педагог-псіхолаг. Лічым, што толькі такі камандны падыход дае вынікі.

Гаворачы пра каманду, хачу сказаць пра людзей, якія дапамагалі ў падрыхтоўцы канкурсантаў. Юлію рыхтавалі Надзея Пятроўна Дзехцярэнка, майстар вытворчага навучання, спецыяліст па макетаванні; Людміла Міхайлаўна Шупікава, майстар вытворчага навучання, спецыяліст па эскізаванні; Вольга Мікалаеўна Сазоненка, выкладчык спецыяльных дысцыплін, трэнер па канструяванні і вырабе лякал; Галіна Валянцінаўна Асіпюк, майстар вытворчага навучання, трэнер па пашыве вырабаў. Педагог-псіхолаг Валянціна Ігнатаўна Лукошка дапамагае нашым удзельнікам справіцца з хваляваннем, настроіцца на перамогу. З Дзмітрыем займаюцца загадчык інфармацыйна-эканамічнага аддзялення Наталля Іосіфаўна Вашчылава і майстар вытворчага навучання Сяргей Станіслававіч Страха.

На конкурсе буду выступаць у ролі эксперта. Галоўным экспертам у кампетэнцыі “Тэхналогія моды” з’яўляецца выкладчык спецыяльных дысцыплін нашага каледжа Наталля Іванаўна Юхневіч. Яе вучаніца Вольга Кушнер у конкурсе WorldSkills Belarus — 2016 заняла першае месца, а ў мінулым годзе ў складзе рэспубліканскай каманды ўдзельнічала ў Сусветным чэмпіянаце WorldSkills у Абу-Дабі. Майстар вытворчага навучання Сяргей Станіслававіч Страха — эксперт у кампетэнцыі “Вэб-дызайн”.

За знешняй сціпласцю хаваецца моцны характар. Вось такая яна — Юлія Маркевіч. Як і да кожнай справы, да чэмпіянату Юлія паставілася вельмі сур’ёзна і адказна.

— Юля, ты амаль два гады вучышся ў каледжы і шмат ужо умееш у прафесіі. А што дае табе конкурс WorldSkills?

— Удасканальванне ва ўсіх працэсах і навыках маёй спецыяльнасці “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў”. Эскізаванне, макетаванне, выраб лякал, выраб гатовай мадэлі адзення, работа з эскізам і манекенам, стварэнне ўласнай мадэлі і пашыў яе — такія этапы будуць на конкурсе, але пры падрыхтоўцы да іх трэба мець вельмі вялікі аб’ём ведаў і па іншых кірунках. У каледжы мы вывучаем гэтыя кірункі, а таксама матэрыялазнаўства, гісторыю стылю, малюнак, тэхналогію вырабу адзення. Мне гэтыя прадметы вельмі падабаюцца. Я разумею, што ўд зел у конкурсе прафесійнага майстэрства — гэта адказнасць не толькі за сябе, але і за свой каледж, усю Гродзенскую вобласць.

У каледжы створана вельмі якасная тэхнічная база і творчая атмасфера, што дапамагае навучэнцам удасканальвацца, быць творцамі. У красавіку гэтага года Юлія Маркевіч разам з Анжалікай Амбражук, якая рыхтавалася да ўдзелу ў WorldSkills Belarus — 2018 як запасны ўдзельнік, пабывалі на конкурсе моды “Бурштынавая іголка” ў польскім Гданьску. Юля да ўдзелу ў ім пашыла камбінезон, а Анжаліка — сукенку.

Юлія Маркевіч і на нашай сустрэчы была ў блузцы, якую змадэлявала і пашыла сама. Блузка выглядала вельмі стыльна. На маю думку, гэты элегантны дызайн падкрэсліваў характар дзяўчыны — вытрыманы, моцны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.