«Улічваем кожную дробязь». Як адбываецца пераход да новаўвядзенняў у арганізацыі школьнага харчавання?

- 9:00Главная, Новости

Як на практыцы адбываецца пераход да новаўвядзенняў у арганізацыі школьнага харчавання, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў дырэктара гімназіі № 1 Старых Дарог Святланы Валчэцкай. 

Нагадаем, у пілотным праекце Міністэрства адукацыі па вывучэнні смакавых пераваг школьнікаў у бягучым годзе прымалі ўдзел 23 школы краіны. Галоўная задача — зрабіць харчаванне дзяцей ва ўстановах сярэдняй адукацыі карысным і смачным. Вынікі аказаліся станоўчымі. Новыя стравы прыйшліся школьнікам даспадобы. Таму з 1 верасня яшчэ частка беларускіх школ далучылася да новаўвядзенняў. Сярод іх — і гімназія № 1 у Старых Дарогах.

Не паспела я пераступіць парог гімназіі, як адразу адчула смачны водар свежазгатаванай ежы. Далучыўшыся да вераніцы дзяцей, якія на чале з настаўнікамі дружна накіроўваліся ў сталовую, апынулася ва ўтульным і прыгожым памяшканні. На сталах — гарачы абед: на першае — ячны крупнік, на другое — бульбяное пюрэ і катлета з курынага мяса, салат “Чайка” і кампот з асарці садавіны. Дзяжурныя старшакласнікі сочаць за парадкам, дапамагаюць прыбіраць. Гімназісты з задавальненнем абедаюць.

На сёння тут вучацца больш за 590 дзяцей. Аднак колькасць порцый, якія павінны згатаваць кухары кожны дзень, перавышае 800.

— У нас ёсць дзеці, якія наведваюць групу прадоўжанага дня. А гэта каля 120 чалавек. Іх кормім тры разы на дзень: снеданне, абед і падвячорак. Прычым калі раней на падвячорак давалі пячэнне, пернік з сокам, то зараз гэта могуць быць бліны з джэмам, біточкі з грэчкай, дранікі са смятанай, — расказвае Святлана Валчэцкая.

На кухні рупліва і старанна працуюць галоўны кухар Святлана Сухан і два яе падначаленыя. Таксама ў штаце ёсць тры кухонныя рабочыя. Іх працоўны дзень пачынаецца а палове 5-й. З самай раніцы яны вараць, смажаць, пякуць. І асвойваюць гатаванне страў з новага меню, якое ўведзена ў гэтым годзе.

— Шчыра кажучы, яшчэ ў апошняй чвэрці мінулага навучальнага года мы пачалі ўво­дзіць новыя стравы. Усяго было дванаццаць асноўных і дзесяць, якія падаваліся дзецям эпізадычна. Найбольшай папуляр­насцю карысталіся нагетсы, біфштэксы і шашлыкі. Палюбілася гімназістам запечаная бульба “Антошка” і “Залатыя долькі”, якія сталі доб­рай альтэрнатывай пюрэ з бульбы. Тады ўжо мы адзначылі, што вучні сталі лепш есці і колькасць адходаў значна паменшылася, — падкрэслівае Святлана Мар’янаўна.

Пераход установы на новы рэжым харчавання — на асаблівым кантролі. На днях падчас бацькоўскага сходу ў гімназіі было праведзена анкетаванне, каб высветліць, што любяць дзеці, перавагу якім стравам аддаюць. Праз пару тыдняў такое ж апытанне арганізуюць і сярод гімназістаў.

— На першым месцы аказаліся катлеты з бульбяным пюрэ, біфштэкс і біточкі. На другім — стравы з курыцы і нагетсы. А вось расольнік, амлет, тушаная капуста, малочны суп і рыбныя катлеты набралі зусім мала галасоў. Толькі 24 бацькі напісалі, што дзіця есць усё. Цікава, якія вынікі будуць пасля апытання школьнікаў. Дарэчы, анкетаванне плануем праводзіць яшчэ два разы: у сярэдзіне навучальнага года і ў канцы. Такі падыход дасць магчымасць дэталёва прааналізаваць арганізацыю харчавання, прасачыць, наколькі мяняюцца густы дзяцей, — тлумачыць дырэктар.

Абавязковыя атрыбуты

Вялікую ўвагу ў сталовай гімназіі ўдзяляюць эстэтычнаму моманту — ніякага металічнага посуду, гранёных шклянак. Сурвэткі, кошыкі для хлеба — абавязковы атрыбут сервіроўкі стала.

— Тут яшчэ і практычны момант улічваецца, — заўважае дырэктар і з усмешкай узгадвае гісторыю са сваіх школьных гадоў: — Першыя два класы я вучылася ў сельскай школе ў Акінчыцах. Добра памятаю, як на вялікім перапынку нам давалі пячэнне і чай. Налівалі яго ў жалезны кубак. І ён быў настолькі гарачы, што я не магла ўзяць яго ў рукі. І таму кожны раз толькі ела пячэнне і ішла далей на ўрокі. Калі стала дырэктарам гімна-
зіі, найперш паклапацілася аб кубках. На самай справе дзеці звяртаюць увагу на ўсё: як выглядае кухар, які посуд, як арганізавана падача. Мы ўлічваем кожную дробязь.

Прыемна, што дзеці самі падыходзяць і дзеляцца сваімі думкамі наконт згатаваных страў, шчыра расказваюць, што ім спадабалася, а што не.

Сама Святлана Мар’янаўна ў сферы адукацыі — з моманту заканчэння Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Гімназію № 1 узначальвае ўжо 17 гадоў. Такі багаты вопыт дазваляе ёй правесці параўнальны аналіз не толькі арганізацыі школьнага харчавання, але і зрабіць высновы, як мяняюцца паводзіны вучняў.

— Раней дзеці былі прывучаны да працы куды больш, чым сучасныя. Напрыклад, сваю першую грамату падчас вучобы ва ўніверсітэце я атрымала за ўдзел ва ўборцы ўраджаю бульбы. Мы сваіх гімназістаў таксама імкнёмся далучаць да суботнікаў, навядзення парадку ў класах. Пераканана: гэта вельмі важна для выхавання. Зараз прыходзяць вучні, чые бацькі выраслі ў эпоху перабудовы. І гэта накладвае пэўны адбітак, бо кожнае дзіця нясе ў сабе светапогляд сям’і, у якой яно расце. На жаль, некаторым школьнікам перадаецца спажывецкае стаўленне да жыцця і настаўнікаў.

 Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА