Улічвай вопыт іншых, выбірай сваю дарогу

Многія дарослыя вельмі любяць задаваць дзецям адно пытанне: “Кім ты станеш, калі вырасцеш?” Хтосьці ў такі момант упэўнена адказвае: бізнесменам/цырульнікам/спартсменам/дызайнерам, а хтосьці паціскае плячыма са словамі “не ведаю”. Менавіта для тых, хто яшчэ знаходзіцца ў пошуку, і створаны праект “#ярасскажудетям”.

“#ярасскажудетям” — гэта праф­арыентацыйныя сустрэ­чы са школьнікамі старшых класаў з дзіцячых дамоў Беларусі. Праект запусціў холдынг “БелГАЗаўтасэрвіс”. З пачатку гэтага года прадстаўнікі розных прафесій (футбаліст, фітнес-трэнер, пекар, мастак, будаўнік і інш.) наведалі дзіцячы дом № 2 Мінска і школы-інтэрнаты ў Радашковічах, Ашмянах і Сянне, дзе расказвалі пра плюсы і мінусы работы, складанасці на прафесійным шляху і іх пераадоленне, праводзілі майстар-класы. Як пішуц­ь арганізатары ў суполцы праекта ў Facebook, пасля гэтых сустрэч яны набліжаюцца да сваёй мэты — дастукацца да дзяцей і падштурхнуць іх да думак наконт будучай дзейнасці, якая будзе прыносіць шчасце, пачуццё задавальнення і самарэалізацыю.

Месцам чарговай сустрэчы стала знакамітая сярод аматараў смачна паесці пляцоўка “Пясочніца”. 16 жніўня там сабраліся аўдыя­візуальны мастак, DJ, тэсціроўшчыца, заснавальнікі мастацкай майстэрні і PR-студыі, мастацтвазнаўца, уладары фудтрака і маладыя бізнесмены. Для зручнасці выступоўцаў падзялілі на шэсц­ь блокаў: “Самаадукацыя”, “Мастацтва”, “Майстэрства/Рамяство”, “Навука і ІТ”, PR і “Музыка”.

Першым на сцэну выйшлі Аляксандр Гайшун і Максім Скараходаў. У хлопцаў за плячыма арганізацыя і прасоўванне некалькіх дзясяткаў мера­прыемстваў, а ім толькі 18 і 17 гадоў! Аляксандр і Максім па­дзяліліся з прысутнымі сакрэтамі стварэння класнага праекта ўсяго за 15 хвілін. Цяпер чакаем наплыву стартапаў у Беларусі.

Аповед хлопцаў працягнуў экскурсавод, усходазнаўца, навуковы су­працоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Мікіта Моніч. Дарэчы, ён ужо сустракаўся з дзецьмі з Радашковіцкай школы-інтэрната. За ім — аўдыя­візуальны мастак Bazinato. Ён аўтар знакамітай скульптуры “Вялікая істота” на вуліцы Кастрычніцкай, якая выклікала ў гараджан неадназначную рэакцыю. Bazinato расказаў пра мастацтва як метад даследавання свету і правёў майстар-клас па маляванні карцін, якія ўдзельнікі праекта забралі з сабой.

Наступны блок пачаўся са “смачненькага”: пра сваю прафесію расказвалі Аляксей Сівец і Аляксей Звіжынскі, якія валодаюц­ь фудтракам. Там яны робяц­ь аўтар­скія сандвічы, што і прадэманст­равалі на сустрэчы. Хлопцы расказалі, як прыйшлі ў сферу харчавання, праз які час вырашылі стварыць асабісты праект, як выбіралі і перароблівалі машыну пад фудтрак, дзе закупляюць прадукты і як прыдумляюць рэцэпты. Акрамя таго, яны правялі майстар-клас па стварэнні сандвіча “Цэзар” і далі магчымасць гледачам ацаніць іх старанні праз дэгустацыю. “Ну як, смачна?” — спытаў адзін з хлопцаў. “Адпад!” — крыкнуў хтосьці з натоўпу.

Праграму працягнуў Віталь Валошын, заснавальнік мастацкай майстэрні. Віталь стварае мэблю. Прыклады сваіх работ ён паказаў на фотаздымках, а потым прапанаваў і прысутным зрабіць свой прадмет інтэр’ера — падсвечнікі. Да Віталя было не прайсці, бо ўсім хацелася асмаліць драўляныя брускі і ўбачыц­ь, як працуе апарат Ліхтэнберга. Заснавальнік мастацкай майстэрні лі­чыць, што самае галоўнае ў прафесіі — падыходзіць да яе творча і баяцца. “Я заўсёды браўся за тое, чаго больш за ўсё баяўся, таму што тады ідзе развіццё. Галоўнае — гэта пачаць. Трэба спрабаваць, каб знайсці сваю дарогу”, — лічыць В.Валошын.

З удзельнікамі праекта таксама размаўлялі тэсціроўшчыца Алена Арцёмава (пра спецыфіку работы ў ІТ і спосабы туды трапіць), навуковы су­працоўнік Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Ганна Барэйка (пра любоў да прафесіі і перспектывы ў ёй), заснавальнік PR-студыі Ігар Кольчанка (пра карысны PR і асабістыя ініцыятывы) і музыкант Маклай (пра электронную музыку ў Беларусі і работу DJ).

Дарэчы, спікерам можа стаць кожны, хто захапляецца сваёй прафесіяй і мае што пра яе расказаць. Анкета для ўдзелу знаходзіцца ў суполцы праекта ў Facebook.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.