Умацаванне адносін

- 9:59Актуально, Апошнія запісы

У ходзе рабочага візіту ў Беларусь міністра па справах палаца Прэзідэнта Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Мансура Азама дэлегацыя з Сірыі наведала Міністэрства адукацыі нашай краіны і сустрэлася з міністрам адукацыі І.В.Карпенкам. У сустрэчы прынялі ўдзел Басам Абдуль Маджыд, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сірыйскай Арабскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, А.Л.Панамароў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі нашай краіны.

На пачатку размовы міністр адукацыі Беларусі Ігар Васільевіч Карпенка шчыра павітаў сірыйскую дэлегацыю на чале з міністрам па справах палаца Прэзідэнта Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Мансурам Азамам. Выказваючы цёплыя словы салідарнасці з народам Сірыі, Ігар Васільевіч адзначыў, што сёння Сірыйская Арабская Рэспубліка нарэшце пераходзіць на мірны лад жыцця, а гэта дае надзею на тое, што адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва паміж Сірыяй і Беларуссю, якія ахопліваюць многія сферы, а не толькі гуманітарную. Як вядома, наша краіна аказвала істотную гуманітарную дапамогу Сірыі ў час ваенных дзеянняў на яе тэрыторыі, прадастаўляла прадукты харчавання, лекі, вопратку і абутак, грузавыя аўтамабілі. Падтрымка з боку беларускага народа была не толькі матэрыяльнай, але і маральнай. У мінулым годзе 80 сірыйскіх дзяцей, якія страцілі сваіх бацькоў у час вайны, прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне, а таксама пазнаёміліся з самой краінай, яе гісторыяй і культурай, адчулі на сабе душэўную шчодрасць беларусаў.

І.В.Карпенка нагадаў, што зносіны ў сферы адукацыі паміж краінамі засноўваюцца сёння на міжурадавым пагадненні і мемарандуме паміж профільнымі міністэрствамі. У мэтах актуалізацыі супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі распрацавала праект Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Сірыйскай Арабскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі, падпісанне якога дазволіць істотна пашырыць узаемадзеянне паміж краінамі ў сферы вышэйшай школы. (У гэтым навучальным годзе ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі вучыцца 71 грамадзянін Сірыі. Нашы БДУ, БНТУ, БДУІР наладзілі кантакты з сірыйскімі ўніверсітэтамі.)

— Мы скіраваны на доўгатэрміновае, эфектыўнае, узаемавыгаднае супрацоўніцтва з Сірыяй у сферы адукацыі і гатовы наладжваць кантакты па ўсіх кірунках дзейнасці, — адзначыў Ігар Васільевіч Карпенка.

Сярод іх — навучанне сірыйскіх грамадзян у беларускіх навучальных установах, пашырэнне міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва, павелічэнне навукова-даследчых праектаў, абмен студэнтамі і выкладчыкамі. Ігар Васільевіч заявіў пра гатоўнасць беларускага боку прадаставіць на дагаворнай аснове паслугі прафесійнай адукацыі па падрыхтоўцы ва ўстановах адукацыі Беларусі рабочых кадраў з ліку грамадзян Сірыйскай Арабскай Рэспублікі ў галінах будаўніцтва, эксплуатацыі і рамонту аўтамабільнага транспарту, а таксама па іншых спецыяльнасцях пры наяўнасці канкрэтных заявак з сірыйскага боку. Міністр паведаміў, што для адкрыцця цэнтраў прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі кадраў на сірыйскай тэрыторыі беларускі бок можа прадаставіць адпаведныя вучэбна-метадычныя комплексы, забяспечыць падрыхтоўку майстроў вытворчага навучання, даць пералік абсталявання з неабходнай вучэбнай дакументацыяй. Для больш канкрэтнай дамоўленасці для супрацоўніцтва ў гэтым напрамку было б мэтазгодным наладзіць кантакты сірыйскіх калег з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі.

Ігар Васільевіч прапанаваў таксама супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі псіхолагаў, падзяліўся практыкай работы з адоранымі дзецьмі, новымі напрамкамі маладзёжнай палітыкі і пацвердзіў працяг супрацоўніцтва па адпачынку і аздараўленні сірыйскіх дзяцей у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. У гэтым годзе плануецца арганізаваць аздараўленне да 500 сірыйскіх дзяцей.

У адказ міністр па справах палаца Прэзідэнта Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Мансур Азам выказаў сардэчную падзяку беларускаму народу за падтрымку народа Сірыі, асабліва за магчымасць сірыйскім дзецям адпачываць і аздараўляцца ў Рэспубліцы Беларусь. Разам з тым кіраўнік сірыйскай дэлегацыі выказаў намер пашырыць і ўзмацніць зносіны паміж краінамі ў адукацыйнай галіне і з выкарыстаннем вопыту беларускіх калег.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.