Умацаваць узаемную адказнасць і давер паміж дзяржаўным, карпаратыўным і прыватным сектарамі

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Беларусь за няпоўныя 30 гадоў прайшла ўнікальны шлях эканамічнай трансфармацыі. Такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалай Снапкоў на адкрыцці XX Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця”.

“За тры няпоўныя дзесяцігоддзі наша краіна прайшла сапраўды ўнікальны шлях эканамічнай трансфармацыі. На працягу гэтага часу вучоныя незалежнай Беларусі заўсёды аказвалі магутную і своечасовую падтрымку”,— адзначыў Мікалай Снапкоў.

Пры гэтым гады дысбалансаў, паводле яго слоў, настолькі трывала заселі ў свядомасці беларусаў, што ператварыліся ў фобію, а падтрыманне збалансаванасці з’яўляецца сініцай у руках і, па сутнасці, галоўнай мэтай апошніх чатырох гадоў. “Я перакананы, гэтая філасофія ніяк не адпавядае ні чаканням грамадства, ні задачам, якія ставіць кіраўнік дзяржавы”, — лічыць Мікалай Снапкоў.

Перад удзельнікамі канферэнцыі (менавіта 17 кастрычніка, у яе 20-годдзе, напярэдадні работы над прагнозам на наступную пяцігодку і работы над Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця да 2035 года) стаяць новыя мэты, як падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. “Ад вас чакаюцца рэальныя рэцэпты пераўтварэнняў, якія былі б гарманічна ўплецены ў менталітэт грамадства, яго гатоўнасц­ь да іх і адпавядалі б нацыянальным прыя­рытэтам і прынцыпам”, — сказаў Мікалай Снапкоў. Найвышэйшую ж каштоўнасць, паводле яго слоў, сёння ўяўляюць ідэі пра ўмацаванне, развіццё і стварэнне новых інстытутаў, а таксама ўмацаванне ўзаемнай адказнасці і даверу паміж дзяржаўным, карпаратыўным і прыватным сектарамі.

Гаворачы пра сам форум, намеснік кіраўніка адміністрацыі адзначыў, што за два дзесяцігоддзі там ужо склаліся свае традыцыі. Адна з іх — нацэленасць на актуальныя праблемы з выпрацоўкай канкрэтных мер для іх вырашэння. “Такі падыход, на мой погляд, выгадна адрознівае гэтую канферэнцыю ад іншых аналагічных падзей, дзе часта генерыруюцца модныя, гучныя, але вельмі агульныя тэзісы без прывязкі да кантэксту ўнутраных і знешніх абставін”, — рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.

На ўдзел у юбілейным форуме XX Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця” паступіла больш за 400 заявак з Беларусі, Расіі, Казахстана, Польшчы, Узбекістана, Азербай­джана, Украіны і іншых краін.