Умацоўваць міжнароднае сяброўства

- 12:51Апошнія запісы, Навіны рэгіёнаў, Рознае

Дэлегацыя сярэдняй школы № 20 Брэста на чале з дырэктарам І.Ф.Нікіфаравец і намеснікам дырэктара С.М.Шлома пабывала ў Равенсбургу (Германія). Візіт праходзіў у рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта аб супрацоўніцтве навучальных устаноў.

Госці размясціліся ў сям’і Крысты і Вольфганга Хааг, якія займаюцца пытаннямі супрацоўніцтва з Брэстам больш за 20 гадоў. Першым пунктам візіту стала Вальдорфская школа. З ёй 20-я школа супрацоўнічае 5 гадоў. Установы абменьваюцца дэлегацыямі настаўнікаў і педагогаў, пражываюць у сем’ях, наведваюць вучэбныя заняткі.
Затым госці наведалі агульнаадукацыйную сярэднюю школу Бад Вальдзэя. Установа працуе па прынцыпе “цішыня, чысціня і парадак”. Сацыяльныя педагогі школы ў справаздачы-прэзентацыі расказалі пра работу з падлеткамі і сем’ямі, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Праблемы ў нямецкіх і беларускіх школах аднолькавыя, але шляхі вырашэння іх розныя. Так, вучань, які сябе дрэнна паводзіць, павінен у якасці пакарання адсядзець у школе дзве гадзіны пасля заняткаў. Яшчэ больш строгае пакаранне чакае нядбайных вучняў ад дырэктара: сядзець у школе пасля заняткаў ажно 4 гадзіны.
Прэстыжнасць настаўніцкай працы ў Германіі таксама знізілася. У школах мала педагогаў мужчын, нават нягледзячы на высокі заробак.
У суправаджэнні фрау Кобелевай, настаўніцы рускай мовы Вальдорфскай школы, брэсцкія педагогі пабывалі з экскурсіяй ва Ульме, дзе знаходзіцца самы высокі храм у Еўропе, не крануты войнамі. Шмат уражанняў падарыла свята на Дунаі.
Не пакінуў абыякавым і Ліндау — прыгожы курортны горад, размешчаны на востраве Бадэнскага возера. Непадалёк аўстрыйскі Брэгенц са знакамітым тэатрам на Бадэнскім возеры.
Госці трапілі і на свята Вайнгартэна, дзе прынялі ўдзел у касцюміраваным шэсці гараджан і азнаёміліся са старонкамі гісторыі Германіі. Затым адбылася экскурсія ў мясцовы ўніверсітэт. А пасля госці пераехалі ў старажытны Меерсбург.
Шмат цікавага давялося ўбачыць у Равенсбургскім тэхнікуме, дзе нямецкая моладзь атрымлівае рабочыя прафесіі. Сталярныя, слясарныя і кулінарныя майстэрні абсталяваны па апошнім слове тэхнікі.
— Падобныя сустрэчы надзвычай карысныя для абодвух бакоў, — лічыць дырэктар сярэдняй школы № 20 Брэста І.Ф.Нікіфаравец. — Падчас сустрэч мы даведваемся шмат новага, абменьваемся цікавым вопытам, умацоўваем сяброўства. Наперадзе новыя паездкі і новыя ўражанні.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.