Умацоўваць пазіцыі і дыверсіфікаваць пастаўкі

Беларускім экспарцёрам неабходна ўмацоўваць пазіцыі ў Расіі і дыверсіфікаваць пастаўкі ў ЕС, заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваюцца меры, якія прымаюцца, і вынікі работы па нарошчванні і дыверсіфікацыі экспарту тавараў і паслуг.

Экспарт тавараў і паслуг Беларусі ў студзені — ліпені вырас на 19,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года (у тым ліку тавараў — на 21,1 працэнта, паслуг — на 14,8 працэнта). Дасягнутыя станоўчыя вынікі звязаны як з ростам сярэдніх цэн экспарту — на 16,2 працэнта, так і фізічных аб’ёмаў — на 4,2 працэнта, без уліку энергетычных тавараў (з улікам сітуацыі ў пачатку года па пастаўках нафты) фізічны аб’ём экспарту павялічыўся на 12,3 працэнта.

Пры гэтым доля паслуг у агульным аб’ёме экспарту тавараў і паслуг склала 20,9 працэнта. Андрэй Кабякоў нагадаў, што Нацыянальнай праграмай развіцця і падтрымкі экспарту на 2016—2020 гады пастаўлена задача нарасціць долю экспарту паслуг да 22 працэнтаў у 2017 годзе і да 25 працэнтаў у 2020 годзе ў агульным аб’ёме экспарту тавараў і паслуг.

Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача дасягнення раўнамернага размеркавання экспарту (трэць — трэць — трэць) паміж ЕАЭС, ЕС і іншымі краінамі. Гэтае размеркаванне пакуль не выконваецца, канстатаваў кіраўнік урада. На долю краін ЕАЭС у студзені — ліпені 2017 года прыпадала 47,8 працэнта, з іх на долю Расіі — 45,3 працэнта, краін Еўрапейскага саюза — 26,5 працэнта, астатніх краін — 25,7 працэнта.

Па 14 дзяржавах, за якімі замацаваны службовыя асобы і кіраўнікі загранустаноў, даведзеныя ўрадам заданні па росце экспарту тавараў па краінах пакуль не выконваюцца. Прэм’ер-міністр папрасіў МЗС як каардынатара, а таксама замацаваных службовых асоб выказаць прапановы па ўдасканаленні работы ў гэтым напрамку.

Агульныя паказчыкі па экспарце тавараў і паслуг выкананы ўсімі органамі дзяржкіравання і выканкамамі. “Гэта, безумоўна, вельмі добры вынік, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Аднак задача па нарошчванні экспарту тавараў на новыя перспектыўныя рынкі ў поўным аб’ёме не выконваецца… Гэта сведчанне таго, што мер, якія прымаюцца па нарошчванні і дыверсіфікацыі экспарту, недастаткова. Неабходна далейшая канцэнтрацыя намаганняў у гэтым напрамку”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *