Умацоўваць сяброўства

- 10:05Актуально, Апошнія запісы

Напрыканцы месяца па традыцыі ва ўстановах адукацыі прайшоў адзіны дзень інфармавання ў рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. 25 сакавіка ў сярэднюю школу № 111 Мінска завітаў міністр адукацыі. Разам з навучэнцамі 8—11 класаў Ігар Васільевіч Карпенка абмеркаваў гісторыю станаўлення і развіцця Саюзнай дзяржавы, адказаў на шматлікія пытанні, а таксама азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы.

Тэматыка сакавіцкага ШАГа была выбрана невыпадкова. Праз некалькі дзён, 2 красавіка, будзе адзначацца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Што азначае гэтая дата? Чаму важна захоўваць цесныя адносіны паміж дзвюма краінамі? На гэтыя пытанні ўдзельнікі сустрэчы разам шукалі адказы, разам разважалі.

Па словах Ігара Васільевіча, Беларусь і Расію аб’ядноўваюць самыя цесныя сувязі, пачынаючы з сямейнага ўзроўню. І канечне, гэтыя сувязі ўмацоўваюць адносіны на ўзроўні дзяржаў. “Нашы бабулі і дзядулі, мамы і таты выраслі ў Савецкім Саюзе. У нас агульная гісторыя. На працягу стагоддзяў беларускі і расійскі народы неаднаразова даказвалі сваё імкненне быць разам, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у пасляваенны час разам аднаўлялі краіну. Не было, мабыць, ні адной буйной будоўлі на тэрыторыі Расіі, у якой не прымалі б самы актыўны ўдзел беларусы. Гэта развіццё Калінінградскай вобласці, будаўніцтва БАМа, сумеснае асваенне нафтавых і газавых радовішчаў Сібіры, багаццяў Далёкага Усходу. І сёння на тэрыторыі Расіі засталіся гарады і пасёлкі, якія можна назваць беларускімі не толькі таму, што яны ствараліся сіламі беларускіх будаўнікоў, але і таму, што значную частку іх насельніцтва складаюць этнічныя беларусы. У сваю чаргу Беларусь стала родным домам для сотняў тысяч расіян”, — паведаміў міністр адукацыі.

Узаемадзеянне паміж краінамі адбываецца па многіх напрамках, у тым ліку і ў сістэме адукацыі. Набірае абароты ўзаемадзеянне ўніверсітэтаў. Напрыклад, у Магілёве працуе Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, дзе рэалізуюцца адразу дзве адукацыйныя праграмы па кожнай спецыяльнасці: адна расійская, адна беларуская. Гэта ўнікальная навучальная ўстанова. Акрамя таго, у Беларусі дзейнічаюць два філіялы расійскіх ВНУ. “У кожнай беларускай ВНУ ёсць сумесныя праграмы з канкрэтным універсітэтам Расійскай Федэрацыі. І гэтая магчымасць акадэмічнай мабільнасці, узаемадзеяння выкладчыкаў, абмену студэнтамі, стажыроўкамі, практыкамі стварае ўнікальнае адукацыйнае асяроддзе, — адзначыў Ігар Васільевіч. — У эпоху развіцця інфармацыйных тэхналогій, якія так хутка мяняюцца, складана паставіць у сістэме адукацыі межы. І ў сувязі з гэтым нам трэба знаходзіць новыя кропкі судакранання: інтэгравацца, вучыцца адзін у аднаго. Сёння дастаткова магчымасцей, і мы будзем іх рэалізоўваць”.

Сустрэча ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта не абмяжоўвалася толькі заяўленай тэмай. Разам са старшакласнікамі міністр адукацыі абмеркаваў шырокае кола пытанняў. Падзяліўся сваімі думкамі наконт значнасці педагагічнай прафесіі, правільнай арганізацыі вольнага часу школьнікаў, адказаў, што для яго азначае паняцце “Радзіма”. Такія сустрэчы, безумоўна, карысныя для моладзі — нашай будучыні.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.