Умацоўваць здароўе і фарміраваць спартыўны рэзерв

Наведваючы навучальныя ўстановы шэрага рэгіёнаў нашай краіны і абмяркоўваючы з педагогамі пытанні ўдасканалення сістэмы адукацыі, міністр адукацыі І.В.Карпенка ўдзяліў асаблівую ўвагу фізкультурна-аздараўленчай рабоце, якую назваў неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Адукацыйная галіна павінна спрыяць захаванню і ўмацаванню здароўя навучэнцаў, выхоўваць да яго беражлівае і адказнае стаўленне, фарміраваць спартыўны рэзерв нашай краіны. Кіруючыся пастаўленымі задачамі, сёння ў інтэрв’ю нашай газеце з А.М.МАЦЮШОНКАМ, намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнікам упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі, прадстаўлены вынікі спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы за апошні час і вызначаны арыенціры ў дасягненні новых вяршынь.

— Аляксандр Мікалаевіч, яшчэ свежыя эмоцыі ад выступлення нашых спартсменаў на ХXIX Сусветнай зімовай універсіядзе, якая нядаўна праходзіла ў расійскім Краснаярску. Нашы студэнты вярнуліся з “золатам”.

— Сапраўды, перамогі нашых спартсменаў на спаборніцтвах самых розных узроўняў заўсёды выклікаюць пазітыўныя эмоцыі і пачуццё гордасці. Сусветная зімовая ўніверсіяда — гэтыя міжнародныя спаборніцтвы праводзяцца кожныя два гады пад эгідай Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FISU). Сёлета на зімовай універсіядзе нашы студэнты-спартсмены выступалі ў 4 відах спорту: фрыстайл, біятлон, лыжныя гонкі і лыжнае арыентаванне. Студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандра Раманоўская заваявала 2 залатыя медалі — у спаборніцтвах па фрыстайле і ў камандных спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы, а студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Арцём Башлакоў быў першым у камандных спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы.

Увогуле, калі аналізаваць вынікі толькі аднаго 2018 года, нашы студэнты прынялі ўдзел у 10 чэмпіянатах свету па розных відах спорту, у IV Еўрапейскіх універсітэцкіх гульнях, дзе заваявалі 47 медалёў.

— Хаця зімовы сезон скончыўся, хацелася б даведацца, як ён сёлета праходзіў. На якім узроўні ў нашых установах знаходзіцца развіццё зімовых відаў спорту?

— Так званыя зімовыя тэмы закладзены ў вучэбны прадмет “Фізічная культура і здароўе”. У 5—11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжана вывучэнне тэмы “Лыжныя гонкі” ў рамках варыятыўнага кампанента ў аб’ёме ад 10 да 12 гадзін. Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай тэхнічнай адукацыі гадавое планаванне прадугледжвае на вывучэнне гэтай тэмы ад 8 да 18 гадзін. Згодна з каляндарным планам спартыўна-масавых мерапрыемстваў, штогод ва ўстановах адукацыі арганізоўваюцца спартыўна-масавыя мерапрыемствы па зімовых відах спорту, у тым ліку “Здароўе”, рэспубліканская спартакіяда “Абаронца Айчыны”, якія праводзяцца ў рамках Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. Трэба сказаць, што ўкараненне Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў навучальных установах адбываецца праз вучэбны прадмет “Фізічная культура і здароўе” і ў час правядзення фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў. У мінулым годзе былі арганізаваны і праведзены рэспубліканскія спаборніцтвы па выкананні нарматываў фізкультурна-аздараўленчай праграмы Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Ва ўсіх рэгіёнах краіны і Мінску створаны спецыялізаваныя класы па зімовых відах спорту.У іх падлеткі засвойваюць вучэбныя праграмы па 5 зімовых відах спорту, якія ўваходзяць у праграму зімовых Алімпійскіх гульняў. Цяпер Міністэрства адукацыі прыступіла да стварэння профільных класаў спартыўна-педагагічнай накіраванасці.

Найбольш значнымі ў развіцці зімовых відаў спорту з’яўляюцца рэспубліканскія спартакіяды школьнікаў па біятлоне, па лыжных гонках, па хакеі з шайбай, рэспубліканскія спаборніцтвы на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Залатая шайба”, рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер”.

У мэтах выканання пратакола даручэнняў прэзідэнта наша міністэрства разам з Міністэрствам спорту і турызму, спартыўнымі федэрацыямі распрацавала Праграму развіцця студэнцкага спорту ў нашай краіне да 2020 года, якая сёння паспяхова рэалізоўваецца. Установы вышэйшай адукацыі распрацавалі свае планы па развіцці спорту, за выкананне якіх прадугледжана асабістая адказнасць рэктараў.

Штогод па праграме Рэспубліканскай універсіяды праводзяцца спаборніцтвы па двух зімовых відах спорту: біятлоне і лыжных гонках. Напрыклад, у сакавіку мінулага года на спартыўнай базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы” адбыліся фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды па лыжных гонках. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел амаль 200 спартсменаў з 21 установы вышэйшай адукацыі.

Упершыню ў гэтым годзе ў Мінску на лыжаролернай трасе “Вяснянка” прайшло фізкультурна-аздараўленчае свята “Усебеларуская студэнцкая лыжня — 2019”. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Мінгарвыканкам, Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту. У праграму свята былі ўключаны біятлонная і лыжная эстафеты сярод студэнцкіх каманд, а таксама лыжныя мас-старты.

У свяце прыняў удзел 721 чалавек з 49 устаноў вышэйшай адукацыі, сярод якіх былі студэнты, выкладчыкі, кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, а таксама супрацоўнікі Міністэрства адукацыі.

Нашым міністэрствам удзяляецца вялікая ўвага ўкамплектаванню навучальных устаноў неабходным спартыўным інвентаром і абсталяваннем на зімовы сезон. Прыкладам гэтага з’яўляецца закупка лыжнага абсталявання. У цэлым па краіне для школ закуплена 12 тысяч пар лыж: 3400 — для Мінска і па 1400 — для кожнага рэгіёна. Адсочваецца наяўнасць спартыўнага інвентару і лыжнага абсталявання ў навучальных установах іншых узроўняў адукацыі. Абнаўляюцца стадыёны, спартыўныя пляцоўкі, вядзецца рамонт часткі спартыўных аб’ектаў.

— Як вядома, наша краіна ўваходзіць у Міжнародную федэрацыю школьнага спорту. Якія вынікі паказваюць нашы школьнікі ў спаборніцтвах пад эгідай гэтай федэрацыі? Як ідуць справы з развіццём летніх відаў спорту?

— На сённяшні дзень у праграму сучасных Алімпійскіх гульняў уваходзяць 28 летніх відаў спорту, а з наступнага года гэтую праграму плануецца пашырыць за кошт уключэння дадаткова дысцыплін і відаў спорту, сярод якіх баскетбол 3х3, BMX-фрыстайл, каратэ, скейтбордынг, сёрфінг.

У рамках вывучэння прадмета “Фізічная культура і здароўе” ў 5—11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыi змест практычнага вучэбнага матэрыялу інварыянтнага кампанента прадстаўлены практыкаваннямі, комплексамі і элементамі такіх відаў спорту, як лёгкая атлетыка (12 гадзін), гімнастыка, акрабатыка (12 гадзін), спартыўныя гульні (баскетбол, валейбол, гандбол, футбол — 10 гадзін + 35 гадзін за кошт заняткаў “Гадзіна здароўя і спорту”), што адпавядае агульным задачам развіцця каардынацыйных здольнасцей навучэнцаў. Варыятыўны кампанент (20 гадзін) прадстаўлены відамі спорту інварыянтнага кампанента, а таксама практыкаваннямі, комплексамі і гульнявымі элементамі плавання (да 24 гадзін).

Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі гадавое планаванне на вывучэнне матэрыялу раздзела“Асновы відаў спорту” (акрабатыка, атлетычная гімнастыка, аэробіка, лёгкая атлетыка, баскетбол, валейбол, гандбол, футбол) прадугледжвае 80 гадзін.

Міністэрствам адукацыі разам з Міністэрствам спорту і турызму, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, Беларускай асацыяцыяй студэнцкага спорту, спартыўнымі федэрацыямі, як і па зімовых відах спорту, ажыццяўляецца работа па рэалізацыі каляндарнага плана правядзення спартыўных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў і падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву ва ўстановах адукацыі ў летні перыяд. Згодна з гэтым планам, рэгулярна праводзіцца шэраг спартыўна-масавых мерапрыемстваў па летніх відах спорту, у якіх прымаюць удзел тысячы навучэнцаў.

Цяпер у спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах нашай краіны функцыянуе 1081 аддзяленне па 33 відах спорту, якія ўваходзяць у праграму летніх Алімпійскіх гульняў (у спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах функцыянуюць 118 аддзяленняў па 11 зімовых відах спорту, якія ўваходзяць у праграму зімовых Алімпійскіх гульняў і дзе займаюцца больш за 13 тысяч падлеткаў). Пералік як зімовых, так і летніх відаў спорту вельмі разнастайны і задавальняе густ, інтарэсы і здольнасці нашых навучэнцаў. Гэта бадмінтон, грэка-рымская барацьба, вольная барацьба, баскетбол, бейсбол, бокс, валейбол, веласпорт, акадэмічнае веславанне, веславанне на байдарках і каноэ, вяслярны слалам, воднае пола, гандбол, спартыўная гімнастыка, мастацкая гімнастыка, дзюдо, конны спорт, лёгкая атлетыка, плаванне, сінхроннае плаванне, скачкі на батуце і шэраг іншых. Усімі відамі спорту ў вучэбна-спартыўных установах ахоплена амаль 150 тысяч чалавек. У рэгіёнах краіны і ў нашай сталіцы створаны спецыялізаваныя па спорце класы, дзе займаюцца больш за 7 тысяч чалавек і якія засвойваюць вучэбныя праграмы па 30 летніх дысцыплінах алімпійскіх відаў спорту.

Так, сапраўды, наша краіна ўваходзіць у Міжнародную федэрацыю школьнага спорту (ISF), у рамках якой праводзяцца шматлікія спартыўныя мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю спорту сярод школьнікаў і якія спрыяюць развіццю асобных відаў спорту ў школьным асяроддзі. Візітнай карткай федэрацыі з’яўляецца Сусветная гімназіяда, у якой, як правіла, удзельнічаюць навучэнцы 14—17 гадоў. Беларусь трэці раз удзельнічала ў гэтым міжнародным спартыўным форуме. У мінулым годзе гімназіяда праходзіла ў Марока, 42 беларускія школьнікі прынялі ўдзел у 7 відах спорту: лёгкай атлетыцы, плаванні, боксе, вольнай барацьбе, фехтаванні, мастацкай гімнастыцы, тэнісе. І паказалі выдатны вынік.

У цэлым за 2018 год па летніх відах спорту школьнікамі-спартсменамі ў Сусветнай летняй гімназіядзе і I чэмпіянаце свету па самба было заваявана 35 медалёў: 5 залатых, 10 сярэбраных і 20 бронзавых.

У нашай краіне найбольш значным спартыўным спаборніцтвам, у якое ўваходзяць летнія віды спорту, з’яўляецца Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў па 24 відах спорту (19 відаў з праграмы летніх Алімпійскіх гульняў, 3 — з праграмы зімовых Алімпійскіх гульняў і 2 — шашкі, шахматы, якія не ўвайшлі ў праграму Алімпійскіх гульняў). У ліку самых прэстыжных спаборніцтваў — Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба па футболе “Скураны мяч”, па гандболе “Імклівы мяч”, рэспубліканскае спартыўна-масавае мерапрыемства па лёгкай атлетыцы “300 талентаў для Каралевы”.

Цэнтральнае месца ў сістэме масавага студэнцкага спорту займае Рэспубліканская ўніверсіяда па 33 летніх відах спорту. Аб яе папулярнасці сярод нашага студэнцтва сведчаць наступныя лічбы: у мінулым годзе ў спаборніцтвах I этапу прынялі ўдзел каля 100 тысяч студэнтаў з устаноў вышэйшай адукацыі. Найбольш актыўна студэнты ўдзельнічаюць у спаборніцтвах універсіяды па лёгкай атлетыцы, у лёгкаатлетычным кросе, баскетболе, футболе, валейболе, міні-футболе, гандболе, барацьбе, самба.

У мінулым годзе па летніх відах спорту студэнты-спартсмены ўдзельнічалі ў IV Еўрапейскіх універсітэцкіх гульнях (веславанне на байдарках і каноэ і дзюдо) і 9 чэмпіянатах свету сярод студэнтаў (бокс, барацьба, тайландскі бокс, веславанне на байдарках і каноэ, скалалажанне, пляжны валейбол, трыятлон, чырлідынг, футзал). Нашы студэнты заваявалі там 43 медалі: 13 залатых, 17 сярэбраных і 13 бронзавых.

— Як задзейнічаны ў пазашкольнай фізкультурнай рабоце ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі?

— У арганізацыі пазашкольнай фізкультурнай дзейнасці і арганізацыі вольнага часу школьнікаў задзейнічана 171 установа дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (з іх 20 фізкультурна-спартыўных цэнтраў дзяцей і моладзі і 151 шматпрофільная ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), якія рэалізуюць вучэбныя праграмы па фізкультурна-спартыўным профілі.

У гэтых установах арганізавана вывучэнне 3 адукацыйных напрамкаў: “Фізкультурна-спартыўная дзейнасць”, “Спартыўна-
аздараўленчая дзейнасць”, “Дзіця дашкольнай адукацыі”. Гэтыя напрамкі прадугледжваюць вывучэнне тых відаў спорту, якія ўключаны ў праграмы летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў, якія не ўвайшлі ў алімпійскую праграму, якія развіваюцца дзяржаўна-грамадскімі арганізацыямі, і спартыўна-аздараўленчых відаў.

— Аляксандр Мікалаевіч, у нашай размове вы не раз згадвалі Беларускую асацыяцыю студэнцкага спорту (БАСС). Якую ролю вы ёй адводзіце? Ці плануецца стварыць Беларускую асацыяцыю школьнага спорту?

— Мэтай дзейнасці БАСС з’яўляецца садзейнічанне развіццю студэнцкага спорту ў нашай краіне, удасканаленне спартыўна-масавай работы ва ўстановах вышэйшай адукацыі, папулярызацыя здаровага ладу жыцця сярод маладых людзей і кансалідацыя намаганняў усіх адпаведных структур па развіцці сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву. Заснавальнікамі асацыяцыі з’яўляецца 51 установа вышэйшай адукацыі. За кошт узносаў заснавальнікаў — УВА — Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту ажыццяўляе сваю дзейнасць.

Найбольш актуальнымі пытаннямі, якія ўваходзяць у парадак дзейнасці БАСС, з’яўляюцца пытанні аб заснаванні імянных стыпендый студэнтам-спартсменам, якія дасягнулі высокіх спартыўных вынікаў, аб арганізацыі сярод універсітэтаў рэспубліканскага конкурсу па правядзенні найлепшай спартыўнай работы са студэнтамі, аб стварэнні базы даных валанцёраў і груп падтрымкі з ліку студэнтаў, арганізацыі спаборніцтваў па неалімпійскіх відах спорту, фестываляў і акцый па далучэнні студэнцкай моладзі да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам. Акрамя таго, асацыяцыя садзейнічае ўдзелу студэнтаў-спартсменаў у міжнародных спартыўных мерапрыемствах, якія праходзяць пад эгідай Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FISU), Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэцкага спорту (EUSA) і правядзенні чэмпіянатаў свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ і канькабежным спорце ў нашай краіне.

Адзначу, што сёння па тым жа прынцыпе, што і БАСС, ствараецца Беларуская асацыяцыя школьнага спорту. У яе ўвойдуць усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны. Пачаць яе дзейнасць плануецца 1 верасня гэтага года. Цяпер вядзецца распрацоўка статута і іншых адпаведных дакументаў па стварэнні гэтай асацыяцыі. Будзем спадзявацца, што яна паспрыяе развіццю школьнага спорту, стане яшчэ адным сувязным звяном у адукацыі паміж масавай фізкультурай і спортам.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.