Умацоўваюць педагагічныя зносіны

На базе сярэдняй школы № 1 Альшан Столінскага раёна прайшоў рэгіянальны фестываль педагагічнага майстэрства “Прафесіяналізм. Якасць. Вынік”, які сабраў дэлегатаў з аддзелаў па адукацыі Лунінецкага, Пінскага і Іванаўскага райвыканкамаў, упраўлення па адукацыі Пінскага гарвыканкама, а таксама з упраўлення адукацыі, моладзі і спорту Дубровіцкай раённай дзяржаўнай адміністрацыі (Украіна).

— Рэгіянальны фестываль — выдатная магчымасць для паказу эфектыўнага вопыту работы і абмену цікавымі напрацоўкамі, — адзначыў начальнік аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама А.М.Вячорка. — Педагогі Століншчыны не толькі ахвотна дзеляцца назапашаным вопытам з калегамі, але і актыўна вучацца ў іх майстэрству.

У рамках фестывалю былі праведзены 14 майстар-класаў і 7 інтэрактыўных перапынкаў, падчас якіх педагогі абмяркоўвалі актуальныя праблемы сучаснай адукацыі і разам шукалі шляхі іх вырашэння. Сваімі думкамі і меркаваннямі ўдзельнікі дзяліліся ў фармаце свабоднага мікрафона “Думкі ўголас…”.  

— Фестываль стаў чарговай прыступкай да ўмацавання педагагічных сувязей паміж сумежнымі рэгіёнамі, — расказала загадчыца Столінскага раённага ВМК В.А.Грэчка. — Падобныя сустрэчы дапамагаюць удасканаліць прафесійную дзейнасць, наладзіць сяброўскія зносіны, акрэсліць шляхі павышэння якасці адукацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.