Уменне кодзіць нікому не пашкодзіць

Інфармацыйныя тэхналогіі ўсё глыбей пранікаюць у наша штодзённае і прафесійнае жыццё. Быць дасведчаным і ўмець выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі сёння неабходна, не толькі калі хочаш стаць праграмістам, але і наогул — калі хочаш мець поспех у любой сферы дзейнасці. Для будучых пакаленняў гэты навык будзе яшчэ больш актуальным, таму шмат увагі сёння ўдзяляецца папулярызацыі інфармацыйных тэхналогій і падтрымцы цікавасці навучэнцаў да іх. Яркі прыклад гэтага — Міжнародны тыдзень вывучэння інфарматыкі і акцыя “Гадзіна кода”, якія праходзяць штогод у больш чым 180 краінах свету. Установы адукацыі Мінскай вобласці актыўна далучыліся да гэтай сучаснай ініцыятывы.

Каб стымуляваць актыўнасць мясцовых органаў кіравання ў правядзенні цікавых тэматычных мерапрыемстваў, быў аб’яўлены абласны конкурс на лепшае мерапрыемства “Гадзіна кода”. Экспертам, якія будуць ацэньваць конкурсныя работы, давядзецца шмат папрацаваць, бо мерапрыемстваў адбылося шмат. У кожным раёне да справы пастараліся падысці крэатыўна і прапанавалі дзецям незвычайныя, разнастайныя актыўнасці. Напрыклад, у сярэдняй школе № 2 Старых Дарог прайшоў турнір знаўцаў інфарматыкі, а ў гімназіі № 1 горада — квест-гульня “З кампом па жыцці”. У Горкаўскай сярэдняй школе навучэнцы сустрэліся на інфармацыйна-пазнавальным рынгу “Прафесіі ІТ”.

Не сумавалі і школьнікі Клецкага раёна. У Заастравецкай сярэдняй школе навучэнцы ўдзельнічалі ў гульні “Задай алгарытм свайму робату”, у Рассветаўскай сярэдняй школе разгадвалі ІТ-мазаіку “Мы сёння шКодзім” і складалі квілт “Цуды, створаныя кодам”.

Маштабна прайшла акцыя і ў Азярцоўскай сярэдняй школе Мінскага раёна. У гэтай установе наогул надаюць вялікае значэнне пашырэнню выкарыстання новых тэхналогій, прычым як сярод навучэнцаў, так і сярод настаўнікаў. Усе педагогі выкарыстоўваюць на вучэбных занятках ІКТ. Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць выкладаць матэрыял больш ярка і маляўніча, дазваляюць эканоміць час на занятках. З 2016/2017 навучальнага года згаданая школа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па інфарматызацыі і працуе над распаўсюджваннем перспектыўнага педагагічнага вопыту па пытаннях укаранення ІКТ у адукацыйны працэс. Для дасягнення гэтай мэты ў рэсурсным цэнтры сабрана навукова-метадычная, арганізацыйная, інфармацыйная, кансультацыйная база для падтрымкі дзейнасці педагогаў школы і іншых устаноў раёна. Створаны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Праводзіцца кансультаванне педагагічных і кіруючых работнікаў, арганізоўваецца навучанне розных катэгорый педработнікаў па выкарыстанні ў практыцы электронных сродкаў навучання і магчымасцей ІКТ.

Азярцоўская школа абсталявана камп’ютарамі, мультымедыйнымі ўстаноўкамі, інтэрактыўнымі дошкамі, тут ёсць мультыборд, наладжана вучэбная сетка. Навучэнцы ўстановы — актыўныя ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка”, якое дае веды аб канструяванні і праграмаванні.

Словам, у гэтай школе сучаснымі тэхналогіямі захоплены і педагогі, і навучэнцы, таму акцыя “Гадзіна кода” была надзвычай насычана падзеямі. У холе на тэлеэкране дэманстраваліся відэаролікі аб прафесіі праграміста, у іх акцэнтавалася ўвага на тым, што павінен ведаць спецыяліст гэтай галіны. Пазнаёмілі навучэнцаў і з іншымі IТ-спецыяльнасцямі.

На працягу тыдня ладзіліся тэматычныя конкурсы “Эрудыт”, “Марскі бой” і “Складнікі ЭВМ”, а таксама віктарына “ІнфарматыкЛэнд”, конкурс на лепшую навагоднюю анімацыю і на лепшую паштоўку, створаную пры дапамозе праграмы Paint, адбылося дэшыфраванне інфармацыі “Шыфр Цэзара”. Навучэнцы актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах па робататэхніцы “Арыгінальная мадэль” і “Робат WeDo”. Таксама прайшоў турнір “Робасумо”, адбыліся спаборніцтвы па праграмаванні Uses GraphABC. Усе конкурсы пашырылі магчымасці для раскрыцця творчых здольнасцей навучэнцаў.

— Мэта, якую мы ставім перад сабой, удзельнічаючы ў акцыі “Гадзіна кода”, — у займальнай і даступнай форме абудзіць цікавасць навучэнцаў да вывучэння праграмавання — ключавога навыку XXI стагоддзя, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Азярцоўскай сярэдняй школы Людміла Міхайлаўна Петрашына. — Нашы педагогі ўпэўнены, што кожны школьнік павінен вывучаць інфарматыку і праграмаванне: гэта дапамагае развіваць логіку, мысленне, здольнасць да самастойнага рашэння задач і дае дадатковую магчымасць для раскрыцця творчага патэнцыялу. Мы імкнёмся разбурыць стэрэатыпы і паказаць, што навучыцца праграмаваць можа кожны, незалежна ад полу, узросту і складу розуму. Падчас акцыі нашы дзеці разам з мільёнамі школьнікаў з усяго свету прысвяцілі час вывучэнню праграмавання і азнаёміліся з перспектывамі, трэндамі, кар’ернымі магчымасцямі ў галіне інфармацыйных тэхналогій.

Мерапрыемствы тыдня і акцыя “Гадзіна кода” паказалі, што новыя тэхналогіі не толькі робяць жыццё больш зручным і цікавым, але і спрыяюць творчасці, самарэалізацыі. Нават калі ў далейшым дзіця не будзе працаваць у сферы ІТ, яно абавязкова знойдзе прымяненне атрыманым навыкам у штодзённым жыцці, зможа ажыццявіць іншыя планы. Словам, уменне кодзіць нікому не пашкодзіць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.