Умець лічыць грошы сёння, каб быць абароненым заўтра

Сёння ўзаемадзеянне грамадства з фінансавай сістэмай набыло штодзённы характар. Мы кожны дзень аплачваем тавары і паслугі, страхуем маёмасць і грамадзянскую адказнасць, здзяйсняем грашовыя пераводы, інвесціруем грашовыя сродкі і г.д. Але далёка не кожны чалавек можа з упэўненасцю сказаць, што ён умее добра распараджацца грашыма. Каб умець арыентавацца ў свеце грошай, неабходна пастаянна ўдасканальваць свае веды ў пытаннях фінансавай дасведчанасці. Як стаць фінансава адукаваным і з чаго варта пачаць?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ведае Юлія Вячаславаўна САКОВІЧ, начальнік аддзела фінансавай дасведчанасці Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь.

— Юлія Вячаславаўна, што павінен умець фінансава адукаваны чалавек?

— Фінансава адукаваны чалавек умее разумна распараджацца сваімі грашыма, гэта значыць, вядзе ўлік усіх паступленняў і выдаткаў, плануе ўласныя фінансы для дасягнення мэт, стварае зберажэнні, разумна карыстаецца пазыковымі грашыма, умее выбраць аптымальную, адпаведную сваім уласным патрэбам фінансавую паслугу, а таксама ўмее разгледзець магчымыя падводныя камяні і пазбегнуць празмерных рызык пры ажыццяўленні фінансавых аперацый.

— Чаму так важна весці ўлік сваіх даходаў і расходаў і як гэта лепш рабіць?

— Уяўляеце, што б было, калі б прадпрыемства не вяло ўлік даходаў і расходаў і не планавала вынікі сваёй дзейнасці?! Яно не змагло б стабільна развівацца і, хутчэй за ўсё, наогул вельмі хутка перастала б існаваць. Тое ж самае і з асабістымі фінансамі. Улік даходаў і расходаў паказвае, які прыбытак чалавек атрымаў, на што патраціў грошы. Гэта дапамагае рэальна ўбачыць усю карціну, каб лягчэй было аналізаваць і планаваць свае фінансы.

Формы ўліку даходаў і расходаў могуць быць рознымі: на звычайным папяровым лісточку, у камп’ютары, на смартфоне або планшэце. Сёння існуе мноства спецыяльных праграм па ўліку асабістых фінансаў, якія здольны аблегчыць гэтую задачу. Такія праграмы ідуць у нагу з часам і могуць прадастаўляць сваім карыстальнікам самыя навамодныя сэрвісы. Некаторыя праграмы фатаграфуюць чэкі, іншыя распазнаюць аперацыі з мабільнага банка.

Як правіла, усе заўсёды добра ведаюць, колькі грошай да іх паступае, а вось куды яны сыходзяць, часта застаецца незразумелым. Таму важна фіксаваць усе расходы. Для гэтага трэба вызначыцца, наколькі дакладна вы будзеце запісваць, на што траціце грошы. Некаторыя вядуць улік аперацый з дакладнасцю да капеек. Ад выбранай ступені акруглення ў канчатковым выніку будзе залежаць дакладнасць параўнання рэальнай сумы грошай, якая ў вас ёсць, з сумай, атрыманай разліковым шляхам. Калі вы аплачваеце свае расходы банкаўскай картай, то ўлік істотна спрашчаецца. Вядома, што ў асабістым кабінеце інтэрнэт-банка можна ўбачыць, куды пайшлі грошы (назва магазіна, аптэкі і г.д.).

У канцы месяца ўсе расходы зводзяцца, групуюцца, атрымліваецца вынік расходаў за месяц у разбіўцы па артыкулах. На падставе расходаў за некалькі месяцаў (адзін месяц нічога не дасць) можна вызначыць, на што было патрачана больш за ўсё грошай, а ў якім кірунку расход быў аптымальным. Пасля вывучэння расходаў па пунктах можна зрабіць выснову, дзе знаходзяцца галоўныя рэзервы для эканоміі (у ідэале іх трэба знайсці ў кожным артыкуле).

— Такім чынам, улік дазваляе аналізаваць свае фінансы. Раскажыце, чым можа дапамагчы ў дасягненні мэт асабісты фінансавы план?

— Асабісты фінансавы план — гэта падрабязны спіс дзеянняў па дасягненні мэт і вырашэнні фінансавых задач. Некаторыя людзі мараць пра машыну, планшэт і іншае. Але, на жаль, часта гэтыя жаданні так і застаюцца ў марах. Прычына — у адсутнасці фінансавага плана.

Першым крокам пры пабудове асабістага фінансавага плана з’яўляецца пастанова ўласных фінансавых мэт. Калі ёсць мара, да яе дасягнення трэба імкнуцца. Мэты могуць быць стратэгічнымі, напрыклад, добра забяспечыць сябе ў пенсіённым ўзросце. У такім выпадку трэба адказаць на канкрэтныя пытанні, а дакладней, у якім узросце вы выйдзеце на пенсію і якую суму штомесяц хацелі б атрымліваць. Мэты могуць быць тактычнымі: назапасіць на новы смартфон або снаўборд. Тады вам трэба ведаць памер неабходнай сумы і вызначыць для сябе прыкладны тэрмін куплі. Часта бывае так, што хочацца многага, але, на жаль, грошай хапае далёка не на ўсе жаданні. Таму важна расстаўляць прыярытэты.

Фінансавыя разлікі на шляху да здзяйснення мар з’яўляюцца наступным крокам. Падлічыце, колькі неабходна адкладваць, каб атрымалася сабраць на вашу мэту да запланаванага тэрміну. Для гэтага сума, якую трэба назапасіць, дзеліцца на колькасць месяцаў, якія засталіся да запланаванай даты. Прааналізуйце свае даходы і расходы і вылічыце, колькі грошай на гэтыя мэты вы можаце адкладаць у месяц.

Яшчэ адзін важны момант: каб зразумець, што можа прыносіць вам грашовую карысць, давайце разбяромся, што такое актывы і пасівы. Да актываў адносіцца ўсё, што дае прыбытак. Гэта могуць быць, напрыклад, нерухомасць, каштоўныя паперы, дэпазіт у банку. Пасіў — гэта ўсё тое, што патрабуе расходаў на сваё ўтрыманне. Часам людзі думаюць, што кватэра або машына, якую маюць, — гэта іх актывы. Але на самай справе актывамі яны будуць толькі ў тым выпадку, калі іх здадуцца ў арэнду і пачнуць будуць прыносіць прыбытак. Часам пасля аналізу актываў і пасіваў людзі робяць вельмі карысныя высновы. Напрыклад, прадаюць стары нявыкарыстаны гараж ці пачынаюць здаваць у арэнду наяўную свабодную плошчу, каб яна прыносіла рэальныя грошы.

І самае важнае: асабісты фінансавы план не павінен застацца толькі на паперы. Трэба прыступаць да рэальных дзеянняў. Рэалізацыя асабістага фінансавага плана зробіць вас больш дысцыплінаваным, ашчадным, мэтанакіраваным і практычным чалавекам. Асабісты фінансавы план можа быць складзены на любы тэрмін, але час ад часу яго рэкамендуецца пераглядаць, бо змяненне жыццёвай сітуацыі можа запатрабаваць унясення карэкціровак.

— Спецыялісты часта гавораць пра тое, што чалавек павінен мець так званую фінансавую падушку бяспекі. Раскажыце, навошта патрэбен фінансавы рэзерв і як яго лепш ствараць?

— Адкладваць грошы — гэта вельмі важна. У жыцці бываюць розныя сітуацыі. Ніхто не застрахаваны, напрыклад, ад паломкі халадзільніка і неабходнасці тэрмінова купіць новы, а таксама ад хвароб і іншых надзвычайных сітуацый. Таму фінансавая падушка бяспекі павінна быць абавязкова. Зразумела, ідэальным варыянтам з’яўляецца наяўнасць такой сумы, якая дазволіць вашай сям’і без атрымання дадатковых даходаў пражыць паўгода, аплачваючы пры гэтым камунальныя паслугі і мабільную сувязь, а таксама набываючы прадукты харчавання.

Многія лічаць, што рабіць зберажэнні могуць дазволіць сабе толькі тыя, хто мае вялікі прыбытак. Такое меркаванне з’яўляецца памылковым. Успомніце нашых бабуль, якія нават за кошт сціплых пенсій робяць зберажэнні і набываюць падарункі ўнукам. Ёсць і адваротныя сітуацыі. Часам людзі маюць даволі высокі даход, але ў канцы месяца ў іх усё роўна нічога не застаецца, таму што ўсе свае грошы яны трацяць на жыццё. Калі ў гэтых людзей павялічваецца даход, то яны проста пачынаюць больш траціць.

Паверце, нават калі вашы даходы невысокія, вы можаце штомесяц адкладваць пэўную суму, якая праз некаторы час перарасце ў нядрэнны капітал. Можна пачаць з маленькага. Адкладвайце 10% ад свайго даходу або ўстанавіце для сябе іншы памер у залежнасці ад вашых магчымасцей. Хутчэй за ўсё, вы і не заўважыце недахопу гэтых 10%, а грошы будуць захаваны.

Існуе такое правіла: у першую чаргу заплаці сабе. Гэта значыць, што ў першачарговым парадку трэба адкладваць грошы ў свой фінансавы рэзерв. Адкладваць грошы ў канцы месяца і толькі тую суму, якая засталася пасля ўсіх расходаў, — гэта вялікая памылка. На жаль, але так памыляецца многа людзей. Аб зберажэннях трэба думаць гэтак жа, як і аб любых іншых рахунках. Зрабіце гэта сваім правілам і ўспрымайце як абавязковую частку выплат.

— Тым не менш, умець эканоміць і адкладваць зберажэнні — гэта талент, якім не кожны можа пахваліцца. Ці можна навучыцца рацыянальным адносінам у дачыненні да грошай?

— Так, нават калі вы не ўмееце эканоміць і схільны рабіць імпульсіўныя пакупкі, траціць грошы разумна можна навучыцца. Трэніруйцеся прымаць рацыянальныя рашэнні, гэта ўвойдзе ў вас у звычку. Вось некалькі простых парад.

Ці бывае ў вас так, што, прыйшоўшы ў магазін, вы паддаяцеся першаму імпульсу і купляеце незапланаваныя і непатрэбныя рэчы, а потым папракаеце сябе за лішнія траты? Каб гэтага пазбегнуць, трэба хадзіць у магазін са спісам. І яшчэ адна важная заўвага: не рабіце буйныя пакупкі адразу. Адкладзіце пакупку на некалькі дзён. Калі вы не перадумаеце купіць гэтую рэч, значыць, яна сапраўды вам патрэбна.

Купон на скідку — гэта яшчэ не падстава купляць нейкую рэч. Будзьце асцярожныя, купляючы на распродажах. Такія словы, як “скідка” і “распродаж”, не павінны ўплываць на ваша рашэнне. Трэба думаць аб вашай рэальнай патрэбе ў гэтай рэчы.

Ці заўважалі вы, што чым бліжэй той момант, калі рэч можна выкарыстоўваць па прызначэнні, тым яна даражэйшая. Напрыклад, калі вы збіраецеся купіць веласіпед, то, купляючы яго позняй восенню, заплаціце на 20—30% менш, чым калі б куплялі яго вясной. Спытайцеся ў сябе, ці варта пераплачваць?

Маляўнічымі карцінкамі рэклама падахвочвае купляць больш, прымушае паверыць у тое, што рэч, якая рэкламуецца, вам проста неабходная. Не спяшайцеся. Ёсць тавар, і ёсць яго характарыстыкі. Купляць ці не — вырашаць толькі вам самім.

Безумоўна, яшчэ адным важным аспектам з’яўляецца эканомнае выкарыстанне рэсурсаў. Колькі разоў мы забывалі выключаць у пустым пакоі святло, закрыць кран з вадой… А ці ведаеце вы, колькі грошай з сямейнага бюджэту з-за гэтага выцякае? Беражлівыя адносіны да цеплавой і электрычнай энергіі, вады і іншых рэсурсаў дапамагаюць сэканоміць значныя сумы грашовых сродкаў.

Тэсціруйце парады на практыцы. Выбірайце тое, што падыходзіць менавіта вам. Вядома ж, усіх парад прытрымлівацца вельмі складана, але спрабаваць варта.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *