Умець працаваць, умець зарабляць

Пяць навукова-вытворчых лабараторый, канферэнц-зала, Fablab і каворкінг-зона, адміністратыўныя памяшканні — усё гэта зараз знаходзіцца ў новым будынку навукова-тэхналагічнага парка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Урачыстае адкрыццё тэхнапарка адбылося 6 лістапада.

Фота да матэрыяла: Умець працаваць, умець зарабляць.Работы па рэканструкцыі будынка пачаліся год назад. За гэты час старое вытворчае памяшканне набыло не проста сучасны выгляд, яно адпавядае канцэпцыі дзейнасці тэхнапарка — выяўляць і падтрымліваць інавацыйныя ідэі, дапамагаць ператвараць іх у жыццё і выводзіць на ўзровень вытворчасці, садзейнічаць прасоўванню іх на рынку.

На ўрачыстасці прысутнічалі кіраўнік справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктар Шэйман, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Пасля цырымоніі пераразання чырвонай стужкі госці пабывалі ў лабараторыях, каворкінг-цэнтры, дзе праходзіў трэнінг фіналістаў універсітэцкага конкурсу маладзёжных стартап-праектаў. Конкурс арганізаваў цэнтр трансферу тэхналогій ГрДУ, а яго пераможцы атрымаюць магчымасць бясплатнага кансультавання спецыялістамі тэхнапарка.

— Тэхнапарк — гэта сумесны праект Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, — сказаў Уладзімір Краўцоў. — Галоўная задача тэхнапарка — гэта інавацыі. Ад ідэй — да ўкаранення ў вытворчасць. У Гродне тры ўніверсітэты, дзе вучацца звыш 20 тысяч студэнтаў. Сярод іх многа тых, хто жадае штосьці рабіць, можа генерыраваць крэатыўныя ідэі, і наша задача — стварыць умовы і дапамагчы ў рэалізацыі іх праектаў.

Для развіцця тэхнічнай творчасці моладзі тут створана высокатэхналагічная майстэрня Fablab, якая аснашчана сучаснымі прыборамі і камп’ютарнай тэхнікай. Гэтае падраздзяленне будзе выкарыстоўвацца для арганізацыі практыка-арыентаванага навучання студэнтаў, пачынаючы з першага курса. Тут яны набудуць навыкі работы з розным інструментам, а потым — і са станкамі з лічбавым праграмным забеспячэннем. На базе лабараторыі будуць працаваць студэнцкія канструктарскія бюро ў галіне электронікі, энергетыкі, архітэктуры, будаўніцтва, машынабудавання, дызайну.

Навукова-тэхналагічны парк стане базай практык і месцам працаўладкавання студэнтаў. 45 рабочых месцаў прапануе стварыць у найбліжэйшы час чарговы рэзідэнт тэхнапарка — фірма “Нейрыка Тэхналогіі”. У дзень наваселля быў падпісаны дагавор, і фірма стала трэцім рэзідэнтам Гродзенскага навукова-тэхналагічнага парка. Кампанія, якая дзейнічае ў сферы стварэння інфармацыйных сэрвісаў, ужо супрацоўнічала са студэнтамі ГрДУ. Група студэнтаў пабывала ў маскоўскім офісе кампаніі на стажыроўцы.

Развіццё тэхнапарка абмеркавалі падчас круглага стала з удзелам гасцей — рэктараў гродзенскіх медыцынскага і аграрнага ўніверсітэтаў Віктара Сняжыцкага і Вітольда Песціса.

Віктар Шэйман у ходзе размовы падкрэсліў, што тэхнапарк з’яўляецца важным месцам падрыхтоўкі сучасных высокакваліфікаваных спецыялістаў, што такія тэхнапаркі павінны быць ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. Гэта дазволіць перспектыўнай моладзі, студэнтам рэалізоўваць сябе і ператвараць у жыццё інавацыйныя ідэі, якія дапамогуць развіццю нашай краіны.

У тэхнапарку дзейнічае навукова-вытворчая лабараторыя навуковага, вытворчага і вучэбнага абсталявання, дзе распрацоўваюцца і вырабляюцца вучэбнае абсталяванне для школ і вышэйшых навучальных устаноў, прыборы і ўстаноўкі для навуковага і прамысловага прымянення. У выкананні работ удзельнічаюць студэнты розных факультэтаў у рамках міждысцыплінарных дыпломных праектаў па заказе арганізацый і прадпрыемстваў вобласці. Тут таксама будуць дзейнічаць навукова-вытворчыя лабараторыі палімерных матэрыялаў і вырабаў біямедыцынскага прызначэння, інавацыйных біятэхналогій, аўтаматызаваных сістэм кіравання энергазберажэннем, электрагідраўлічных тэхналогій і абсталявання.

Ужо сёння зарэгістраваныя ў тэхнапарку прадпрыемствы-рэзідэнты выконваюць праекты, звязаныя з лічбавай эканомікай і распрацоўкай дыягнастычнага рабатызаванага комплексу для аналізу стану каналізацыйных трубаправодаў.

— Наш універсітэт удзельнічае ў рэалізацыі праекта па ўкараненні мадэлі “Універсітэт 3.0” — адукацыя, навука і камерцыялізацыя навуковых распрацовак, — гаворыць рэктар ГрДУ Ірына Кітурка. — Стварэнне тэхнапарка, неабходнай інфраструктуры паспрыяе падрыхтоўцы спецыялістаў новай фармацыі. Людзей, якія будуць мець магчымасць не проста працаваць, але і зарабляць, будуць умець укараняць і камерцыялізаваць свае навуковыя, сацыяльныя, вытворчыя і іншыя распрацоўкі.

Будаўніцтва навукова-тэхналагічнага парка працягнецца. У наступным годзе плануецца рэканструкцыя яшчэ аднаго будынка побач з першым. І калі агульная плошча першага складае каля тысячы квадратных метраў, то другі будынак будзе мець плошчу амаль у шэсць разоў большую.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.