Выніковая калегія ўпраўлення работнікаў адукацыі Віцебскага аблвыканкама адбылася на базе Віцебскага кадэцкага вучылішча. У традыцыйным вялікім педсавеце прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Сідарэнка, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін, намеснікі старшыняў рай(гар)выканкамаў і кіраўнікоў адміністрацый раёнаў Віцебска, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыі, падведамасных устаноў.
На разгорнутых перад пачаткам калегіі інтэрактыўных тэматычных пляцоўках яе ўдзельнікі азнаёміліся з дасягненнямі сістэмы адукацыі. Галоўнай тэмай, вынесенай на абмеркаванне, сталі вынікі работы ў 2016 годзе і задачы на 2017 год. З асноўным дакладам выступіў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.
— Якасць адукацыі — гэта не толькі вынікі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, але і тыя ўмовы, якія гарантуюць ім комплекснае асобаснае і сацыяльнае развіццё, што дазваляе быць паспяховымі ў жыцці. Сёння мы прааналізуем выкананне паказчыкаў якасці дзейнасці сістэмы адукацыі вобласці, дынаміку вынікаў работы за мінулы год, перспектывы і рэзервы павышэння якасці адукацыі і эканамічнай эфектыўнасці сістэмы ў цэлым, — акрэсліў праблемнае поле канферэнцыі Дзмітрый Хома.
Начальнік упраўлення адукацыі паведаміў, што вобласць забяспечана кваліфікаванымі кадрамі на ўсіх узроўнях і ступенях адукацыі, 30 педагагічным работнікам прысвоена кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Прыкметна расце працэнт педагогаў, якія здалі кваліфікацыйны экзамен пры праходжанні атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, станоўчая дынаміка назіраецца як па замацаванні маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы, так і па колькасці выпускнікоў, накіраваных на навучанне ва ўстановы вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па запатрабаваных педагагічных спецыяльнасцях. Значна палепшылася забяспечанасць устаноў адукацыі сучаснай камп’ютарнай тэхнікай. Павялічылася колькасць педагогаў — сертыфікаваных карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій.
Дзяржаўны сацыяльны стандарт забяспечанасці дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі выкананы з перавышэннем. Аднак пры тым, што ва ўзросце ад 1 года да 6 гадоў ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй у цэлым па рэгіёне застаецца стабільна высокім, у сельскай мясцовасці ён знізіўся. Неабходна яшчэ раз прааналізаваць дадзеныя паказчыкі і адшукаць рэзервы для іх павышэння, у тым ліку за кошт адкрыцця груп з гнуткім рэжымам знаходжання дзяцей. Згодна з Планам мерапрыемстваў па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі на 2015—2020 гады, зацверджаным урадам краіны, сёлета неабходна завяршыць будаўніцтва дзіцячых садоў у Віцебску (мікрараён Білева-2), Оршы, Глыбокім. Значную ўвагу Дзмітрый Леанідавіч акцэнтаваў на выкарыстанні здароўезберагальных тэхналогій і правядзенні комплексу мерапрыемстваў па папярэджанні дзіцячага траўматызму, прапагандзе здаровага ладу жыцця і сямейных каштоўнасцей, забеспячэнні мер па сацыяльнай абароне непаўналетніх.
У 2016 годзе навучэнцы Віцебскай вобласці заваявалі чатыры медалі на міжнародных алімпіядах. Гэта высокі паказчык, але неабходна скансалідаваць намаганні на якасным паляпшэнні вынікаў выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, удзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і рэспубліканскай канферэнцыі работ даследчага характару (канферэнцыі) па вучэбных прадметах. У дакладзе была дадзена ў цэлым станоўчая ацэнка дасягненням сістэмы спецыяльнай адукацыі, праведзены разгорнуты аналіз работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, фарміраванні прававой культуры і прафілактыцы проціпраўных паводзін дзяцей і падлеткаў. Таксама на адкрытае абмеркаванне былі вынесены поспехі і праблемы, якія існуюць у дадатковай адукацыі, вынікі работы па выкананні мерапрыемстваў рэгіянальнай праграмы аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці, правядзення мерапрыемстваў па праф-арыентацыі і выканання кантрольных лічбаў прыёму, працаўладкавання выпускнікоў, падрыхтоўкі рабочых з высокай кваліфікацыяй і ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў. І, безумоўна, у цэнтры ўвагі быў такі паказчык дзейнасці сістэмы адукацыі, як эканамічная эфектыўнасць. Выкананне бюджэту па галіне “Адукацыя” склала 29,6 працэнта бюджэту вобласці, доля пазабюджэтных сродкаў у бюджэтным фінансаванні — 2,6 працэнта. У 2016 годзе зачынена 21 і рэарганізавана 29 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, зачынена 17 дашкольных устаноў, рэарганізавана 6 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 5 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Толькі за 4 месяцы эканомія склала больш за 2 800 000 рублёў.
У 2017 годзе працягнецца работа па аптымізацыі, сэканомленыя сродкі плануецца накіраваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, павышэнне эфектыўнасці іх функцыянавання, а таксама на вырашэнне існуючых праблемных пытанняў.
У ходзе пленарнага пасяджэння прагучалі меркаванні па прыярытэтных кірунках развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Свае даклады прадставілі калегам начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Лепельскага райвыканкама Аксана Лясун, дырэктары Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін, Віцебскага кадэцкага вучылішча Сяргей Лагвіненка, Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Сушкова і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Глыбоцкай раённай гімназіі Таццяна Барткевіч.
Раіса Сідарэнка ў сваім выступленні падкрэсліла: адукацыя Віцебшчыны сёння арыентавана на інавацыйнае развіццё і выкарыстанне лепшага педагагічнага вопыту. Рух наперад вельмі прыкметны, прычым гэта можна ўбачыць не толькі па колькасных паказчыках, але і па тых устаноўках, якія ставіць перад сабой педагагічная супольнасць. У якасці нагляднага прыкладу намеснік міністра прывяла статыстыку ўдзелу вобласці ў мерапрыемствах Нацыянальнага інстытута адукацыі. Яна найбольш паказальная: амаль трэцюю частку ўдзельнікаў за мінулы год склалі работнікі сістэмы адукацыі Віцебшчыны. Адзначаючы складанасць працэсаў, якія адбываюцца ў рэгіёне, выступоўца звярнула ўвагу ўдзельнікаў калегіі на асобныя праблемныя пытанні, характэрныя для кожнага з узроўняў сістэмы адукацыі вобласці і краіны ў цэлым. Раіса Сідарэнка таксама прыняла ўдзел ва ўзнагароджанні лепшых педагогаў рэгіёна: ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці Наталля Камінская і загадчык сектара турызму і спартыўнага арыентавання Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Святлана Шорнікава; граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі і настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Наваполацка Ларыса Вярсан.
Ганаровую грамату Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі, высокія паказчыкі ў справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення настаўніцы біялогіі Германавіцкай сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна Марыне Фёдаравай уручыў Уладзімір Пенін. Словы павагі і ўдзячнасці, шчырыя апладысменты прагучалі таксама ў адрас работнікаў адукацыі, узнагароджаных ганаровымі граматамі, граматамі і падзякамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.