Умовіцца аб далейшым супрацоўніцтве

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на дамоўленасці з “Раснафтай” аб далейшым супрацоўніцтве. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з галоўным выканаўчым дырэктарам, старшынёй праўлення ПАТ “НК “Раснафта” Ігарам Сечыным.

“Дзякуй, што прыехалі. Утойваць няма чаго — хацеў бы абмеркаваць з кіраўніком найбуйнейшай нафтаздабыўной публічнай кампаніі сітуацыю, якая складваецца ў нас ва ўзаемаадносінах, можна сказаць, Беларусі і Ра­сіі па нафце. Ведаю, што вы ў курсе справы, але было б няправільна нават не параіцца па асобных пытаннях, як дзейнічаць далей і як працаваць, у тым ліку і з “Раснаф­тай”. Таму што па мінулым годзе вы ў Беларусь паставілі ні многа ні мала — палову нафты, якую мы куплялі ў Расіі. Перапрацавалі тут у нас, у Беларусі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Хацелася б поўнай яснасці. Думаю, карыстаючыся тым, што мы даўно ведаем адзін аднаго, вы і падкажаце што-небудзь, і мы зможам умовіцца аб далейшым нашым супрацоўніцтве”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

“Адказваючы на ваша пытанне, што рабіць далей, Аляксандр Рыгоравіч, трэба працаваць ра­зам, вядома, — адзначыў у сваю чаргу Ігар Сечын. — Мы настроены канструктыўна. Я рады, што ў мяне ёсць магчымасць гэтую тэму абмеркаваць разам з вамі”.

“Раснафта” — лідар расійскай нафтавай галіны і найбуйнейшая публічная нафтагазавая карпарацыя свету. Асноўнымі відамі дзейнасці ПАТ “НК “Раснафта” з’яўляюцца пошук і разведка радовішчаў вуглевадародаў, здабыча нафты, газу, газавага кандэнсату, рэалізацыя праектаў па асваенні марскіх радовішчаў, перапрацоўка здабытай сыравіны, рэалізацыя нафты, газу і прадуктаў іх перапрацоўкі на тэрыторыі Расіі і за яе межамі.

Як паведамлялася, кантракты на пастаўку ў Беларусь расійскай нафты завяршыліся 31 снежня 2019 года. З таго часу бакі вя­дуць перагаворы аб іх прадаўжэнні. З 4 студзеня пастаўкі сыравіны ў краіну аднавілі падкантрольныя расійскаму бізнесмену Міхаілу Гуцарыеву кампаніі “РусНафта” і “Нефціса”. Акрамя таго, першая партыя нарвежскай нафты паступіла 26 студзеня на НПЗ “Нафтан”.

Напярэдадні таксама стала вядома, што НК “Янгпур” (даччыная кампанія ВА “Беларуснафта”), якая вядзе здабычу нафты ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, плануе пастаўляць нафту ў Беларусь. Пры гэтым аб’ёмы, а таксама графікі паставак у “Белнафтахіме” пакуль не каменціравалі. “Янгпур”, якая з 2013 года ўваходзіць у склад РУП “ВА “Беларуснафта”, прадстаўляе беларускую кампанію на расійскім рынку здабычы нафты і газу, вядзе пошук, разведку і распрацоўку сямі радовішчаў Ізвесцінскага ліцэнзійнага ўчастка, размешчанага ў ЯНАА.

Як паведаміла БелТА 12 лютага са спасылкай на ТАСС, розныя схемы паставак нафты гатова абмяркоўваць з Беларуссю “Газпрам нафта”. Аб гэтым журналістам паведаміў кіраўнік расійскай кампаніі Аляксандр Дзюкаў па выніках сустрэчы прадстаўнікоў нафтавых кампаній з міністрам энергетыкі Расіі Аляксандрам Новакам. Ён адзначыў, што кампанія гатова абмеркаваць і давальніцкую схему паставак.