Умовы аказання фінансавых паслуг павінны быць празрыстымі

- 11:34Сацыяльны ракурс

Сфера фінансавых паслуг, якія сёння прадастаўляюцца банкамі, вельмі шырокая. Часта, маючы патрэбу ў той ці іншай пакупцы, якая патрабуе буйных капіталаўкладанняў і тым самым прымушае звярнуцца ў банк, чалавек губляецца. Які крэдыт узяць і як разлічыць свае фінансавыя магчымасці? Што рабіць, калі працэнты па крэдытах папаўзлі ўверх, а крэдытаатрымальнік не гатовы іх выплачваць?

Пра гэта і многае іншае нам расказала галоўны спецыяліст упраўлення метадалогіі крэдытна-дэпазітных аперацый галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Таццяна Яўгенаўна ФРАЛОВА.

— Таццяна Яўгенаўна, у мінулым годзе Нацыянальны банк зацвердзіў новую Інструкцыю аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння). Што яна прадугле­джвае? Якія новыя нормы ў ёй прапісаны?

— Пастановай праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 года № 149 зацвер­джана Інструкцыя аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння), згодна з якой банкі абавязаны раскрыць поўную інфармацыю аб умовах крэдыту. Акрамя таго, інструкцыя змяшчае пералік расходаў крэдытадаўцы, з улікам якіх вызначаецца памер працэнтаў за карыстанне крэдытам, а таксама пералік плацяжоў, якія не ўключаюцца ў працэнтную стаўку.

У мэтах недапушчэння празмернай нагрузкі грамадзян Нацыянальным банкам устаноўлена патрабаванне аб разліку банкамі з 1 мая мінулага года паказчыка пазыковай нагрузкі (ППН). Ён прымяняецца падчас ацэнкі крэдыта­здольнасці фізічных асоб ці падчас прадастаўлення крэдыту на спажывецкія патрэбы. Варта адзначыць, што паказчыкі пазыковай нагрузкі выкарыстоўваюцца на практыцы ў многіх краінах.

ППН разлічваецца як працэнтныя суадносіны памеру штомесячнага плацяжу па аперацыях крэдытнага характару (плацяжы па крэдытных дагаворах, дагаворах пазыкі, дагаворах факторынгу, лізінгу і інш.) да памеру сярэднямесячнага даходу крэдытаатрымальніка. Названы паказчык не павінен перавышаць 40 працэнтаў.

Падчас ацэнкі крэдытаздольнасці заяўніка (крэдытаатрымальніка) — фізічнай асобы пры прадастаўленні банкам крэдыту на фінансаванне нерухомасці банк павінен выкарыстоўваць паказчык забяспечанасці крэдыту. Ён разлічваецца як працэнтныя суадносіны сумы крэдыту да кошту аб’екта нерухомасці, што прымаецца ў заклад у якасці забеспячэння, і (або) сумы іншага забеспячэння ў адпаведнасці з дагаворам. Названы паказчык не павінен перавышаць 90 працэнтаў.

Што тычыцца методыкі разліку паказчыкаў, яна вызначаецца лакальнымі прававымі актамі банкаў.

— Якія змены, унесеныя ў 2018 годзе ў Банкаўскі кодэкс, тычацца крэдытавання фізічных асоб?

— 29 кастрычніка 2018 года ўступілі ў сілу нормы Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь”.

Уведзена забарона на павелічэнне крэдытадаўцам у аднабаковым парадку памеру працэнтаў за карыстанне крэдытам. Пры гэтым павелічэнне зменнай гадавой працэнтнай стаўкі з прычыны павышэння базавага паказчыка не з’яўляецца павелічэннем памеру працэнтаў за карыстанне крэдытам у аднабаковым парадку. Законам вызначана, што памер працэнтаў за карыстанне крэдытам можа мяняцца на падставе заканадаўчага акта Рэспублiкi Беларусь.

Канкрэтызавана ў рамках другой чаргі паслядоўнасць пагашэння запазычанасці па крэдытным дагаворы ў выпадку недастатковасці сродкаў для поўнага выканання абавязацельстваў. А менавіта вызначана, што ў другую чаргу пагашаюцца паслядоўна пратэрмінаваная запазычанасць па асноўнай суме доўгу па крэдыце, пратэрмінаваная запазычанасць па працэнтах за карыстанне крэдытам, запазычанасць па асноўнай суме доўгу па крэдыце за бягучы перыяд плацяжоў, запазычанасць па працэнтах за карыстанне крэдытам за бягучы перыяд плацяжоў.

Сярод новаўвядзенняў, накіраваных на павышэнне якасці банкаўскіх паслуг, забеспячэнне празрыстасці ўмоў іх аказання, а таксама абарону інтарэсаў грамадзян — спажыўцоў фінансавых паслуг, прадугледжаны наступныя: прапісаны абавязак банка па бясплатным інфармаванні крэдытаатрымальніка аб умовах крэдытавання ў пісьмовай форме з называннем агульнай сумы плацяжоў (сумы крэдыту, сумы працэнтаў за ўвесь тэрмін карыстання крэдытам, кошту дадатковых платных паслуг банка ці трэціх асоб); згода крэдытаатрымальніка на прадастаўленне дадатковых платных паслуг павінна быць атрымана банкам у пісьмовай форме да падпісання крэдытнага дагавора. Умовы аб аказанні дадатковых платных паслуг або абавязкі заключэння іншых дагавораў уключаюцца ў крэдытны дагавор. Калі фізічная асоба адмаўляецца ад такіх паслуг, банк абавязаны прапана­ваць кліенту аналагічны па суме і тэрміне крэдыт. Банк не можа абмяжоўваць заяўніка ў выбары страхавой арганізацыі ці выканаўцы ацэнкі ў выпадку неабходнасці заключэння адпаведных дагавораў страхавання і правядзення ацэнкі кошту аб’ектаў грама­дзянскіх правоў. Акрамя гэтага, уве­дзена норма аб датэрміновым пагашэнні фізічнай асобай крэдыту на спажывецкія патрэбы без папярэдняга паведамлення і выплаты штрафных санкцый, прадугледжана магчымасць атрымання фізічнай асобай бясплатна адзін раз у месяц інфармацыі пра запазычанасць (тэрміновую, пратэрмінаваную) па крэдытным дагаворы і інш.

— Як мяняюцца працэнтныя стаўкі па крэдытах, прадастаўленых банкамі, і ад чаго гэта залежыць?

— У адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння), зацверджанай пастановай праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 года № 149, крэдыты фізічным асобам класіфікуюцца на крэдыты на фінансаванне нерухомасці і спажывецкія патрэбы.

Працэнтная стаўка па крэдытах фарміруецца зыходзячы з кошту прыцягнутых рэсурсаў, прэміі на рызыку і неабходнай маржы, якая забяспечвае пакрыццё аперацыйных і іншых выдаткаў банка і прыбытковую працу. Асноўнымі рэсурсамі, якія забяспечваюць выдачу кароткатэрміновых і доўгатэрміновых крэдытаў банкаў, з’яўляюцца прыцягнутыя на адпаведныя тэрміны сродкі юрыдычных і фізічных асоб.

Змены ўзроўню сярэдніх працэнтных ставак па банкаўскай сістэме адбываюцца гэтак жа за кошт укаранення банкамі розных банкаўскіх прадуктаў, у тым ліку з асаблівымі ўмовамі крэдытавання (так званыя растэрміноўкі, ільготныя перыяды налічэння працэнтаў і інш.), якія ў выніку ўплываюць на фарміраванне кошту крэдытнага партфеля банкаў.

Напрыклад, за студзень — люты 2019 года сярэдняя стаўка па крэдытах фізічных асоб спынілася на ўзроўні 10,83 працэнта, пры гэтым за 2018 год яна склала 10,98 працэнта.

— Ці можа банк у аднабаковым парадку змяніць працэнтную стаўку па крэдыце? Што рабіць крэдыта­атрымальніку, калі ён не можа плаціць працэнты, якія нечакана выраслі?

— Банк-крэдытадаўца не можа ў аднабаковым парадку павялічыць памер працэнтаў за карыстанне крэдытам. Такое змяненне магчыма толькі па пагадненні бакоў, за выключэннем выпадкаў, пры якіх памер працэнтаў за карыстанне крэдытам мяняецца на падставе заканадаўчага акта Рэспублiкi Беларусь.

Пытанні, звязаныя са зніжэннем крэдытнай нагрузкі па заключаных крэдытных дагаворах, крэдытаатрымальніку неабходна вырашаць з банкам-крэдытадаўцам у індывідуальным парадку.

— У краіне па-ранейшаму застаецца актуальным пытанне куплі жылля. Што сёння змянілася ў гэтым кірунку? Ці засталіся льготныя крэдыты на жыллё? Пад якія стаўкі і каму іх можна атрымаць?

— Крэдытаванне грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, на льготных умовах ажыццяўляецца ў адпаведнасці з указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: ад 6 сту­дзеня 2012 года № 13 “Аб некаторых пытаннях прада­стаўлення грама­дзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў” і ад 2 верасня 1996 года № 346 “Аб некаторых мерах па развіцці жыллёвага будаўніцтва ў вёсцы”. Умовы крэдытавання, а таксама катэгорыі грамадзян, якім прадастаўляюцца названыя крэдыты, вызначаны ў названых указах.

Акрамя гэтага, грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, аказваецца дзяржаўная падтрымка ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2017 года № 240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў” пры крэдытаванні на ўмовах банкаў. Гэты механізм спалучае рыначныя ўмовы крэдытавання банкамі грамадзян і фінансавую дапамогу дзяржавы ў выглядзе субсідый.

Субсідыі прадастаўляюцца на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі, якія выдаюцца банкамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылых памяшканняў, а таксама на пагашэнне асноўнага доўгу па гэтых крэдытах. Пад імі маюцца на ўвазе крэдыты, якія даюцца на будаўніцтва жылых памяшканняў на ўмовах банкаў.

— Як адмена абмежаванняў па верхняй мяжы ставак па ўкладах у беларускіх рублях аказала ўплыў на ўзровень працэнтных ставак?

— Адмена з лютага бягучага года абмежаванняў па працэнтных стаўках па ўкладах у беларускіх рублях — гэта запланаваны крок, які прадугледжвае пераход на новую сістэму мер макрапрудэнцыяльнага характару, дзе ў якасці індыкатара выкарыстоўваецца велічыня перавышэння працэнтных ставак банкаў над разліковай велічынёй стандартнай рызыкі (РВСР). Перавышэнне разліковай велічыні стандартнай рызыкі тым ці іншым банкам выкліча павелічэнне памеру адлічэнняў у фонд абавязковых рэзерваў, павелічэнне патрабаванняў да капіталу і фарміраванне спецыяльных рэзерваў.

З 1 сакавіка 2019 года арыенцірам для банкаў на крэдытна-дэпазітным рынку ў нацыянальнай валюце з’яўляецца РВСР. Банкі арыентуюцца на гэты паказчык і выкарыстоўваюць яго ў сваёй крэдытна-дэпазітнай палітыцы.

З улікам падыходаў і існуючага ўзроў­ню РВСР, якія прымяняюцца сёння, на крэдытна-дэпазітным рынку адбы­ваюцца пэўныя змены. З улікам бягучых і прагнозных значэнняў інфляцыі ў найбліжэйшы час істотных ваганняў ставак не чакаецца.

— З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца беларусы, карыстаючыся крэдытамі? Ці можна іх пазбегнуць?

— На наш погляд, асноўная складанасць, з якой сутыкаюцца грама­дзяне падчас крэдытавання — гэта няправільная ацэнка сваёй фінансавай сітуацыі і няўважлівае стаўленне да вывучэння ўмоў крэдытнага дагавора. Гэта можа прывесці да несвоечасовага выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы.

Прымаючы рашэнне аб неабходнасці атрымання крэдыту, варта пазбя­гаць спантаннасці, неабходна аналізаваць магчымыя фінансавыя рызыкі, а таксама вывучаць прапановы некалькіх банкаў. Трэба ўсведамляць, што крэдыт вяртаецца строга ў адпаведнасці з умовамі крэдытнага дагавора, а таксама банку выплачваюцца працэнты за карыстанне крэдытам.

Каб не сутыкнуцца з цяжкасцямі і праблемамі, звязанымі з выплатай крэдыту, важна з самага пачатку ацаніць свае магчымасці, жыццёвыя акалічнасці, правільна кіраваць сваімі даходамі і расходамі, добра абдумаць рашэнне аб неабходнасці набыцця таго ці іншага тавару ў крэдыт.

Калі крэдытаатрымальнік усё ж сутыкнуўся з цяжкасцямі пры пагашэнні крэдыту, у першую чаргу трэба звярнуцца ў банк пісьмова і паведаміць пра свае праблемы, папрасіць аб магчымай рэструктурызацыі крэдыту, заключэнні дадатковага пагаднення да крэдытнага дагавора, якое прадугледжвала б прадастаўленне банкам адтэрміноўкі па пагашэнні крэдыту, павелічэнні тэрміну крэдыту, зніжэнні працэнтнай стаўкі. Шукаць узаемапрымальны варыянт выйсця з сітуацыі, якая склалася, трэба разам з банкам.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва Нацыянальнага банка.