Умовы для рэкордаў

У Гомелі напрыканцы лета плануюць адкрыць пасля рэканструкцыі басейн СДЮШАР № 7. Дарэчы, у ім навучыліся плаваць і ставіць рэкорды многія выдатныя спартсмены. Напрыклад, Яўген Цуркін, удзельнік алімпіяд у 2012 і 2016 гадах.

Гэты аб’ект інфраструктуры абласнога цэнтра знаходзіцца ў Навабеліцкім раёне па вуліцы Ленінградскай. Ён выкарыстоўваецца не толькі для падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву. Папулярны басейн і ў аматараў спорту горада над Сожам.

Пакуль поўным ходам ідзе рэканструкцыя пабудовы. Начальнік аддзела спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Павел Старасвецкі расказвае, што басейн быў пабудаваны ў 1978 го­дзе. У 2018 годзе пры правядзенні абследавання былі выяўлены парушэнні, таму яго закрылі на рэканструкцыю:

— У 2019 годзе была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, а сёлета выдзелены сродкі з абласнога бюджэту. Перад будаўнікамі пастаўлена задача замяніць перакрыцці, вентыляцыю, плітку ў чашы басейна. Да 1 жніўня ўсе работы плануецца завяршыць.

Даўжыня басейна — 25 метраў, ён разлічаны на шэсць дарожак. Максімальная глыбіня — 4,6 метра. Мантажныя работы і замена перакрыццяў практычна завершаны. Цяпер настаў час аздаблення.

Між тым да 3 ліпеня вырашана ўвесці ў эксплуатацыю басейн на вуліцы Партовай у Гомелі — адну з лепшых вучэбна-трэніровачных баз абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву ў Гомельскай вобласці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.