Умовы, неабходныя для творчасці

- 7:42Сацыяльны ракурс

5 хвілін. Менавіта столькі часу вам, паважаныя калегі, спатрэбіцца, каб даведацца, як прайшоў семінар “Распаўсюджванне педагагічнага вопыту як сродку павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў” для членаў клуба “Крыштальны журавель” у гарадскім пасёлку Азёры Гродзенскага раёна.

Спачатку — невялікі тэст. Размясціце прыведзеныя ўмовы, неабходныя для творчасці настаўніка, у парадку ўзрастання значнасці:

— веданне пытання;
— вобразнае мысленне;
— азартная асоба;
— унутраная матывацыя;
— творчае асяроддзе.

Калі, на вашу думку, самай галоўнай умовай для педагагічнай творчасці з’яўляецца творчае асяроддзе, то, думаю, вам цікава і карысна будзе прачытаць гэты артыкул аб рэспубліканскім семінары “Распаўсюджванне педагагічнага вопыту як сродку павышэння прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў” і даведацца, якія роздумы аб настаўніцкай працы ён выклікаў.

Роздум 1

“Арыгінальная думка па заказе не прыходзіць. Яна ёсць падзея быцця” (Бахцін). Прыктычнае пацвярджэнне слоў вядомага філосафа — ідэі, думкі па пабудове ўрока, метады і прыёмы навучання, “спісаныя” ў калег падчас семінара. Па вялікім кошце, “тое, што з цябе можна спісаць, і ёсць вопыт” (І.В.Фёдараў). Як навучыцца, каб думкі прыходзілі да нас і казалі: “Вось мы тут!”. Адказ просты — прыехаць на любы з семінараў клуба “Крыштальны журавель”. Думка — даведацца, зразумець, убачыць нешта, што стаіць за сітуацыяй, напрыклад, за гульнёй “Што? Дзе? Калі?”, якую арганізавала, прыдумала і правяла Святлана Іванаўна Гін. Хто з настаўнікаў не выкарыстоўваў такую форму работы?! Але як складзены пытанні! Разлічаныя не на канкрэтнае веданне, а на здагадку, яны садзейнічалі развіццю логікі, а не правяралі памяць і кругагляд. Няяўныя веды — метадычныя веды, “не ведаю што, а ведаю як”.

Выснова для сябе. Як мага менш прапаноўваць вучням і настаўнікам пытанняў рэпрадуктыўнага характару (са слова “Што”), вучыць правілам, па якіх адбываецца адбор інфармацыі.

Роздум 2

Большасць людзей, у тым ліку і педагогаў, мысліць драматычна, а не колькасна. Мы баімся нізкай якасці ведаў вучняў, выяўленай падчас праверкі, кантрольнага зрэзу, адкрытага ўрока больш, чым малаэфектыўных штодзённых урокаў. Але адкрытых урокаў, зрэзаў, праверак і г.д. у дзясяткі разоў менш, чым урокаў, праведзеных за год. Валянціна Васільеўна Гінчук звярнула ўвагу на неабходнасць аб’ектыўнай кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучня на кожным уроку. Які настрой твойго розуму, такі настрой твайго разумення таго, што ты робіш? Настроены на якасны вынік — будзеш шукаць эфектыўныя метады і прыёмы навучання, не настроены — будзеш выда­ваць жаданае за рэальнае. Удзельнікі семінара мысляць колькасна, а не драматычна. Да абагульнення і распаўсюджвання педагагічнага вопыту прадстаўлены толькі тыя формы работы, якія пацвердзілі сваю эфектыўнасць на практыцы.

Выснова для сябе. Рана ці позна кожны настаўнік адчуе наступствы выбару ў сваёй практычнай дзейнасці. Толькі выніковая дзейнасць педагога можа лічыцца вопытам.

Роздум 3

Чым больш складанае пытанне, тым менш над ім трэба думаць. У “жураўлёў” існуюць цэлыя стратэгіі прыняцця ўдалых рашэнняў. “Унутраны аўтапілот”. Педагагічная інтуіцыя ўключаецца тады, калі трэба ацэньваць шмат фактараў. Не сакрэт, што прафесійныя педагогі рыхтуюць урок на хаду. У гэтым яны падобны на гульцоў у гольф: чым больш прафесійны гулец, чым менш думае, тым лепшы ўдар, а ў навічкоў — наадварот.

Выснова для сябе. Нават калі мы прынялі дастойнае рашэнне, ёсць сумненне, што ўпусцілі варыянт лепшы, і гэта азмрочвае пачуццё задавальнення. Абмежаваць час на прыняцце рашэнняў. Давя­раць сваёй інтуіцыі. Настаўніку важна развіваць аператыўны інтэлект — трэніраваць у сабе ўменне імгненна рэагаваць на сітуацыю на ўроку, якая змянілася, зменай запланаванай раней дзейнасці.

Роздум 4

Пры раптоўнай змене звыклай паслядоўнасці, успыхвае ўчастак мозга, які адказвае за навучанне. Эмоцыя, якая перажываецца, непазбежна ставіць задачу “на сэнс”. Таму кожнае прадстаўленне вопыту на семінары ўтойвала ў сабе элемент нечаканасці, інтрыгі.

Выснова для сябе. Чалавек унікальны, за выключэннем думкі. Калі думка прыйшла чалавеку ў галаву, то можаце быць упэўненым: яна прыходзіла ў галаву і іншым людзям. Важна захапіць ідэяй, змяніўшы звыклы ход думак.

Роздум 5

Старажытная біялагічная мудрасць, якая выяўляе сувязь паміж успрыманнем і рэакцыяй, гаворыць: “Сустракаючы незнаёмца ў лесе, неабходна імгненна вызначыць: сябар ён ці вораг”. Першых 10 секунд адносін гавораць нам так шмат! Чытанне “тонкіх зрэзаў” закладзена ў чалавеку самой прыродай. Асабліва востра мы рэагуем на нечаканую міміку.

Выснова для сябе. Адпрацоўваем прыёмы актыўнага слухання, пастаянна працуем над іміджам паспяховага чалавека. Інакш цябе аўтаматычна залічаць у атрад ворагаў.

Роздум 6

Неабходнасць мастацкай дзейнасці. “Мастацтва ў сублімаванай форме дапамагае выявіць і пера­жыць прыроджаныя жаданні, комплексы. Пры дапамозе мастацтва вырашаецца ўнутраны канфлікт, які вядзе да неўрозаў” (Фрэйд). Наўрад ці хто асмеліцца пярэ­чыць Фрэйду, таксама як і таму, што клуб “Крыштальны журавель” — унікальная форма прадстаўлення мастацт­ва педагагічнай дзейнасці. Асноўны канфлікт значнага твора мастацтва павінен быць канфліктам паміж інтуітыўным спасціжэннем і лагічным, паміж непадуладным розуму і ра­цыянальным, і выконвае сваё прызначэнне, калі інтуітыўнае меркаванне перамагае розум. (Заўважым, што ўся адукацыя Усходу накіравана на пачуццёвае разуменне.) Слухаючы драматычныя маналогі Аляксандра Мар’янавіча Сарокі, атрымліваючы асалоду ад вакальнага майстэрства Інесы Уладзіміраўны Зубрылінай, Дзмітрыя Анатольевіча Шыца, Івана Віктаравіча Якіменкі, безагаворачна прымаеш настаўніка як таленавітага чалавека.

Выснова для сябе. Неабходна займацца сваім усебаковым развіццём.

Роздум 7

Дзеянне, якое мы выконваем 100 разоў у дзень, вельмі складана выканаць па заказе. Не верыце? Спытайце ў фатографа. А яшчэ ў таго, каго прымусілі абагульніць вопыт.

У выніку натуральных прычын мова не можа вычарпальна адлюст­раваць інфармацыю. Слухач і чытач вымушаны многае дадумваць самі. Для разумення неабходна вылучыць элементы новай інфармацыі (у нашым выпадку — роздум). Ніхто не можа сцвяр­джаць, які сапраўдны сэнс быў укладзены ў прапанаваны тэкст аўтарам аб семінары ў Азёрах, бо і ён валодае рознымі магчымасцямі фармулёўкі сэнсу.

У заключэнне — невялікі тэст. Размясціце прыведзеныя ўмовы, неабходныя для творчасці настаўніку, у парадку ўзрастання значнасці:

— веданне пытання;
— вобразнае мысленне;
— азартная асоба;
— унутраная матывацыя;
— творчае асяроддзе.

Калі цяпер, на вашу думку, адной з галоўных умоў для педагагічнай творчасці з’яўляецца не толькі творчае асяроддзе, то, думаю, артыкул вы прачыталі не дарэмна. І клуб “Крыштальны журавель” таксама не дарэмны.

Галіна СУХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска,
лаўрэат конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў
“Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2009”.

НА ЗДЫМКАХ: некалькі эпізодаў з работы семінара ў Азёрах.
Фота Вольгі СЧАСНОВІЧ.