Унікальнасць малой радзімы

- 17:04Нам пішуць

Некалі французскі філосаф Вальтэр падкрэсліваў: “Ведаць шмат моў — гэта значыць мець шмат ключоў да аднаго замка”. У цяперашнім свеце, калі дзякуючы новым тэхналогіям адлегласці імкліва скарачаюцца, калі цэлую планету часам называюць “глабальнай вёскай”, усё больш расце патрэба міжнародных зносін. Чалавек з веданнем замежных моў мае з гэтай прычыны шэраг пераваг: ён больш прывабны на рынку працы, мае большыя шансы на кар’ерны рост, камфортна сябе адчувае ў падарожжах, мае больш шырокія кантакты.

Менавіта таму адзін з асноўных акцэнтаў у сучаснай адукацыі неабходна рабіць на вывучэнне замежных моваў. Засваенне новай мовы, аднак, немагчыма без спазнавання краіны, дзе бытуе тая мова, народа, яго культуры і гісторыі. Таму, напрыклад, пры выкладанні нямецкай мовы ў сярэдняй школе я звяртаю ўвагу не толькі на фанетыку і граматыку, але і на пэўныя элементы краіназнаўства. Важная інфармацыя для вучняў — гэта тое, што па-нямецку яны могуць гаварыць у некалькіх еўрапейскіх краінах: Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, і нават у Італіі.

Вучні Барунскага ясляў-сада — сярэдняй школы знайшлі разам са мною падчас пазакласнай работы (метад пошуку надзвычай актывізуе вучняў) цікавую інфармацыю, што нямецкая мова з’яўляецца афіцыйнай у адной з самых багатых італьянскіх правінцый — у Паўднёвым Ціролі. Гэты рэгіён размешчаны на поўначы Італіі, на мяжы з Аўстрыяй. Вялікую яго частку займаюць Альпы. Акрамя нямецкай мовы тут гавораць таксама па-італьянску і па-ладзінску. На ладзінскай мове, якую ўключаюць у групу рэтараманскіх, размаўляе найменш насельнікаў Паўднёвага Ціроля — усяго некалькі тысяч, але ў сталіцы правінцыі Бальцана на ёй вядзецца выкладанне ва ўніверсітэце. Гэта навучальная ўстанова стала першым універсітэтам у Еўропе, дзе навучаюць адразу на трох мовах.

Жыхары Паўднёвага Ціроля стараюцца зберагчы сваю ідэнтычнасць ды вельмі дбаюць пра захаванне мясцовых асаблівасцяў у мове, архітэктуры, вопратцы, стравах і гэтак далей. Штонядзелю мясцовыя жыхары наведваюць службу ў касцёле ў народных строях, якія засталіся ім ад бацькоў і дзядоў.

Беручы пад увагу прыклад Паўднёвага Ціроля, можна сфармуляваць карысную параду: вывучаючы замежныя мовы і культуры, варта таксама больш глыбока спазнаваць асаблівасці сваёй малой радзімы. Даведваючыся пра цікавы замежны звычай ці абрад, заўсёды варта ставіць самому сабе пытанне: а ці ёсць у нас нешта падобнае і як гэта выглядае? Запамінаючы новыя словы, адкрываючы для сябе новыя цікавыя бакі з жыцця іншых народаў, можна на хвіліну задумацца ды паразважаць: ці мае гаворка нашай мясцовасці свае ўнікальныя рысы? чым вылучаецца фальклор нашай малой радзімы? якія традыцыі мае народнае адзенне і архітэктура менавіта ў нашым рэгіёне? на якіх элементах увогуле базіруецца наша лакальная тоеснасць? Важна памятаць, што веды — гэта не толькі нашае асабістае багацце, але і візітоўка цэлай краіны.

Варта дадаць, што ўнікальнасць Паўднёвага Ціроля стала вядомым брэндам у Еўропе. Каб адчуць мясцовы каларыт, палюбавацца тутэйшымі краявідамі і пакаштаваць унікальныя стравы, зробленыя са свежага малака з альпійскіх лугоў, сюды прыязджаюць тысячы турыстаў…

Алена БРАЖЫЦКАЯ,
настаўніца нямецкай мовы Барунскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.