Унікальная методыка, распрацаваная для дзяцей з парушэннямі маўлення, дапамагае і звычайным дзеткам загаварыць хутчэй

- 15:40Образование

Выхавальніца дашкольнай адукацыі дзіцячага сада № 2 Мастоў Гродзенскай вобласці Ірына Дзенісевіч выкарыс­тоўвае ў сваёй рабоце аўтарскі лагарытмічны комплекс гульняў і практыкаванняў для дзяцей з асаблівасцямі маўлення. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Дзякуючы сваёй унікальнай методыцы, яна стала лаўрэатам ІІ Міжнароднага фестывалю педагагічнага майстэрства ў намінацыі “Выхавальнік”, які прайшоў не так даўно ў Астане. Комплекс так спадабаўся журы, што педагогу рэкамендавалі прапаноўваць яго і выхаванцам звычайных груп, што, дарэчы, Ірына Уладзіміраўна зараз і ро­біць у сярэдняй групе свайго сада.

Дзеці як кветкі ў садзе: вельмі розныя, але ўсе аднолькава маюць патрэбу ў нашай любові і клопаце, — лічыць выхавальніца. — Я зрабіла адаптацыю дзетак з праблемамі маўлення ў дзіцячым калектыве справай свайго жыцця. Аформіла свой вопыт у комплекс практыкаванняў і вельмі рада, што ён выклікаў ціка­васць у членаў міжнароднага журы і, спадзяюся, будзе карысным для педагогаў. У мяне дзве дачкі — зараз яны ўжо дарослыя дзяўчаты, скончылі школу з залатымі медалямі. А ў дзяцінстве абедзве мелі пэўныя праблемы з маўленнем, і для іх навучання я прымяняла некаторыя свае методыкі.

Ірына Уладзіміраўна — выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Сваю работу “Выкарыстанне комплексу лагарытмічных лагапедычных гульняў і практыкаванняў для фарміравання гукавой культуры маўлення ў дзяцей з парушэннямі маўлення” яна прадставіла журы ў форме майстар-класа. Выхавальніца ўключыла педагогаў у цікавую дзіцячую гульню, прадэманстраваўшы ім, як праходзяць заняткі ў групе. Яна паказала на практыцы, як гэтая методыка працуе на развіццё артыкуляцыйнай маторыкі, фанематычнага слыху, развівае тэмп маўлення, сілу голасу, інтанацыйную выразнасць.

Сутнасць маёй работы — развіццё маўлення праз рух, прычым не толькі пальцаў, але і ўсяго цела дзіцяці, — расказвае Ірына Дзенісевіч. — Тэкст у практыкаваннях з’яўляецца рытмічнай асновай для рухаў, а рухальны кампанент служыць стымулам для яго запамінання. Кожную фразу можна пратупаць ці прапляс­каць, паказаць яе рукамі. У нашай мовы ёсць і тэмп, і інтанацыя — мала навучыць дзяцей простаму вымаўленню гукаў, трэба даць ім пачуць, як гучыць мова, адчуць яе музыку.

На занятках выхавальніца, як дырыжор, паказвае рухі, прапаноўвае загадкі, прагаворвае скорагаворкі, пры гэтым мяняе тэмп, тэмбр свайго голасу, а малыя паўтараюць за ёй. Так выпрацоўваюцца слыхавы кантроль мовы, правільная артыкуляцыя, сіла і вышыня голасу. У выніку паляпшаюцца гукавымаўленне, выразнасць, фарміруецца правільнае моўнае дыханне, папаўняецца лексічны запас дзяцей.

У майго выхаванца Косці, — заўважае Ірына Уладзіміраўна, — былі цяжкія парушэнні маўлення. За два гады хлопчык пераадолеў некаторыя праблемы, яго мова стала зразумелай, з’явіліся складаныя сказы. Некаторым дзеткам мой комплекс практыкаванняў дазволіў перайс­ці са спецыяльнай групы ў звычайную. А малым без парушэнняў маўлення такія практыкаванні даз­валяюць палепшыць дыкцыю і развіць фразавае маўленне.

Даведка

У 2018 годзе Ірына Дзенісевіч стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу “Мастацтва выхавання” ў галіне дашкольнага выхавання, які праходзіў у Маскве. Таксама яна пераможца раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года — 2022”.

Лізавета МІЦКЕВІЧ