Унікальную гукапрайгравальную тэхніку савецкіх часоў збірае і аднаўляе педагог з Лельчыц

- 10:48Новости

Педагогіка і музыка аб’ядналі творчую сям’ю Шпакоўскіх з Лельчыц. Ірына і Уладзімір — муж і жонка, якія разам працуюць музычнымі кіраўнікамі у дзіцячым садзе № 5, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Пасля заканчэння філфака Мазырскага педінстытута Ірына Шпакоўская працавала ў сельскай школе піянерважатай. Тады і навучылася самастойна іграць на баяне. А вось мара асвоіць фартэпіяна ажыццявілася не адразу.

У 28 гадоў я прыйшла ў музычную школу і звярнулася да дырэктара з незвычайнай просьбай аб навучанні. Але мне прапанавалі займацца ў прыватным парадку, — гаворыць Ірына Анатольеўна. — За тры месяцы авалодала навыкамі, якія дзеці звычайна атрымліваюць на працягу трох гадоў. Гэтага хапіла, каб працаваць музычным кіраўніком у дзіцячым садзіку.

Ірына выбрала сабе і мужа творчага. Уладзімір Шпакоўскі піша песні і сам выконвае іх, складае музыку, іграе на гармоніку, баяне, гітары. Уражвае яго песня ўласнага сачынення «Памяць пра вайну» ў аўтарскім выкананні. Уладзімір Рыгоравіч — аўтар слоў і музыкі да кампазіцый «Толькі мама», «Не перажывай», «Ну што ж, і ўсё», якія ён напісаў для жонкі. Педагог таксама займаецца алічбоўкай відэазапісаў песеннай творчасці мінулых гадоў, тым самым захоўвае культурную спадчыну Лельчыцкага краю, захапляецца фота- і відэаздымкамі. Стварыў у сацыяльных сетках групу «Лельчыцы ў колеры», дзе дзеліцца сваімі фатаграфіямі прыгожых мясцовых краявідаў у розны час года.

Ёсць у мяне яшчэ адно незвычайнае хобі, — расказвае педагог. — Я калекцыянірую гукапрайгравальную тэхніку часоў СССР, збіраю і аднаўляю гэтую апаратуру. Паслухаць «галасы» рарытэтных устройстваў і даведацца пра іх падрабязней можна на маім YouTube-канале «Магнітафоны СССР».

Аднойчы ў дзіцячым садзе арганізаваў выставу «Тэхніка з СССР», дзе прадставіў касетныя і катушачныя магнітафоны, магнітолы, электрафоны, магнітарадыёлы і іншую тэхніку, вырабленую ў асноўным у 70—80-х гадах мінулага стагоддзя ў Савецкім Саюзе. Некаторым экзэмплярам каля 50 гадоў. 90 % устройстваў знаходзіцца ў рабочым стане. Вялікую цікавасць выстава выклікала і ў дзяцей, і ў іх бацькоў. Тым больш, што незвычайныя экспанаты можна было не толькі ўбачыць, але і пачуць, дакрануцца да іх. У Дзень народнага адзінства ў мінулым годзе выстава аўдыятэхнікі СССР прайшла на раённай пляцоўцы. Буду ўдзячны, калі знойдуцца жадаючыя папоўніць маю ўнікальную калекцыю або зробяць прапановы па яе рамонце.

Асабліва паспяхова ў Шпакоўскіх ладзіцца работа па прывіцці выхаванцам патрыятычных пачуццяў. Іх яркія народныя святы, забавы, заняткі вызначаюцца цікавымі ідэямі. Ірына Анатольеўна ўдзяляе асаблівую ўвагу навучанню малышоў гульні на дзіцячых музычных інструментах, а Уладзімір Рыгоравіч — пастаноўцы музычных і танцавальных нумароў, знаёмству дзяцей з гучаннем ужывую музычных інструментаў, на якіх сам іграе.

Нядаўна ў раёне праходзіў фестываль творчасці дзяцей дашкольнага ўзросту «Как прекрасен этот мир». Лельчыцкі дзіцячы сад № 5 быў арганізатарам мерапрыемства, а выхаванцы Шпакоўскіх выступілі на ім з шасцю танцавальнымі нумарамі. Ярка ва ўстанове праходзяць віншаванні са святамі, адрасаваныя супрацоўнікам калектыву. Ірына і Уладзімір рыхтуюць для калег творчыя нумары.

Шпакоўскія выхавалі чацвёра дзяцей. Цягу да творчасці прывілі дачцэ Аляксандры Хамутоўскай, якая працуе ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці кіраўніком дзіцячага гуртка эстрадных спеваў. Ні адна канцэртная праграма ў цэнтры не абыходзіцца без яе выступлення. Аляксандра з’яўляецца ўдзельніцай і салісткай народнага вакальнага ансамбля «Вербніца», у якім у свой час спявала яе мама.

Надзея ЦЕРАХАВА