Унікальны праект «Педагагічнай прэсы»: выйшла заключная частка трылогіі «Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны»

- 13:26Новости

Днямі пабачыла свет заключная частка трылогіі “Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны” — унікальнага праекта Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”.

У першай кнізе, выдадзенай у Год гістарычнай памяці, журналісты расказвалі пра сучаснае жыццё ўстаноў адукацыі, якія носяць імёны вядомых асоб, і тое, як настаўнікі і вучні беражліва захоўваюць памяць аб гэтых людзях. Чытачы з цікавасцю і ўдзячнасцю сустрэлі кнігу, таму ў Год міру і стварэння выйшла другое выданне.

Трэцяя кніга прымеркавана да 80-годдзя “Настаўніцкай газеты” — равесніцы Вялікай Перамогі — і падзелена на дзве часткі. У першай — аповед пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія падарылі нам магчымасць жыць на цудоўнай зямлі. У другой частцы — героі мірнага часу. Дзякуючы ім краіна аднаўлялася і развівалася. Яны працавалі дзеля будучых пакаленняў, і гэтымі людзьмі мы па праве ганарымся.

Адметнасць выдання не толькі ў змесце, але і ў афармленні. Зрабіць трылогію пазнавальнай, унікальнай дапамаглі супрацоўнікі выдавецтва РІА “Вячэрні Брэст”.

Кніга складаецца не з прывычных для нас твораў літаратурных жанраў. Замест апавяданняў і аповесцей — публіцыстыка. Прычым класічныя эсэ, нарысы, рэпартажы пра франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, педагогаў, навукоўцаў, пісьменнікаў, ваенных, міліцыянераў, пажарных, работнікаў прамысловасці і аграрнага сектара дапоўнены цікавымі роздумамі аўтараў і настаўнікаў пра галоўныя якасці герояў — працавітасць, самаахвяр­насць, вернасць. А чырвонай ніткай праз усе матэрыялы праходзіць тэма любові да Ра­дзімы.

Імя танкіста Зіновія Калабанава доб­ра вядома не толькі настаўнікам і вучням сярэдняй школы № 26 Мінска. Бессмяротны подзвіг экіпажа танка КВ-1, здзейснены 20 жніўня 1941 года пад Ленінградам, увайшоў у сусветныя падручнікі па ваеннай справе. Перад танкавай ротай, якой камандаваў Зіновій Рыгоравіч, стаяла задача не дапусціць праход ворага да Ленінграда паблізу саўгаса Вайсковіцы. Дзякуючы тактычнаму рашэнню яна была паспяхова выканана. Калі варожая тэхніка праходзіла па забалочанай мясцовасці, савецкія танкісты падбілі дзве галоўныя машыны калоны, загнаўшы гітлераўцаў у пастку. У тым баі экіпаж Калабанава знішчыў 22 танкі, а ўся рота падбіла 43 варожыя машыны. Пра гэты подзвіг, а таксама пра подзвігі сваіх пра­дзедаў з гордасцю расказваюць настаўнікі і вучні 26-й школы Мінска ў матэрыяле Акса­ны Мыцько “Браня памяці”.

Легендарным камбрыгам (камандзірам 2-й партызанскай брыгады асобага прызначэння) Сцяпанам Каплуном ганарацца педагогі сярэдняй школы № 2 Століна. Калектыў установы шмат гадоў займаўся пошукам матэрыялаў пра вядомага партызана. Вялікую дапамогу аказалі яго родныя, ветэраны ваеннай разведкі, кіраўніцтва райвыканкама, неабыякавыя грамадзяне. Як вынік — у мінулым годзе школе нада­дзена яго імя. Цэнтрам патрыятычнага выхавання моладзі з’яўляецца школьны гісторыка-краязнаўчы музей імя С.П.Каплуна. Юныя экскурсаводы цікава, інфармацыйна насычана расказваюць пра змаганне жыхароў Століншчыны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, паказваюць падчас экскурсіі асабістыя рэчы камбрыга, напрыклад,
фотаздымкі з сямейнага архіва, дакументы. Падрабязней пра баявыя подзвігі Сцяпана Паўлавіча, яго асабістыя якасці — у матэ­рыяле Надзеі Церахавай “Легендарны камбрыг”.

Кранальны аповед намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Дзятлава Марыі Шавель пра сувязнога Ленінскай партызанскай брыгады Іосіфа Філідовіча чытаем у матэрыяле “Ліпічанскі Сусанін”. Назва матэрыялу невыпадковая. Менавіта так называ­юць Іосіфа Юр’евіча жыхары Дзятлаўшчыны. 16 снежня 1942 года на яго хутар уварваліся эсэсаўцы. Яны патрабавалі, каб мужчына паказаў дарогу ў партызанскі шпіталь, і пагражалі, калі ён адмовіцца, забіць нявестку і 12-гадовага ўнука. Іосіф Юр’евіч пагадзіўся. Калі пачало цямнець, а падводы са зброяй сталі правальвацца ў дрыгве, немцы зразумелі, што іх падманулі. Толькі вясной 1943 года партызаны знайшлі цела героя з двума кулявымі раненнямі ў патыліцы ў лясных нет­рах удалечыні ад шпіталя…

Першы раздзел кнігі невыпадкова прысвечаны ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны: сёлета мы адзначаем 80-годдзе Перамогі. Другая частка “Героі мірнага часу” стала лагічным дапаўненнем першай. Баявыя подзвігі землякоў знайшлі свой працяг у мірнай і стваральнай працы пасляваенных пакаленняў.

“Усё пачынаецца з зямлі” — так назвала матэрыял пра сярэднюю школу № 40 Гродна Кацярына Мацевіч. Менавіта гэтыя словы любіў паўтараць Герой Беларусі Віталій Крамко, пад кіраўніцтвам якога СВК “Кастрычнік-Гродна” (з 2017 года — вытворчы кааператыў імя В.І.Крамко) стаў гордасцю аграпрамысловага комплексу Беларусі, адным з флагманаў развіцця аграрнай галіны. Словы вельмі трапныя, бо, сапраўды, з працы на зямлі пачынаецца любоў да Ра­дзімы. Асабліва актуальна яны гучаць у Год добраўпарадкавання. Дарэчы, з вытворчым кааператывам імя В.І.Крамко гродзенская школа падтрымлівае цеснае ўзаема­дзеянне. Вучні прыходзяць у гаспадарку на экскурсіі, знаёмяцца з асаблівасцямі працы аграрыяў. Тыя ў сваю чаргу таксама нярэдкія госці ва ўстанове адукацыі.

Кожны з герояў кнігі быў прыкладам для сучаснікаў. Такім жа прыкладам яны застаюцца для кожнага з нас. Для сённяшняга калектыву сярэдняй школы № 3 Міёраў гэта афіцэр-падводнік Герой Савецкага Саюза Ягор Томка. Пад яго непасрэдным кіраўніц­твам упершыню ў гісторыі ВМФ СССР быў здзейснены трансарктычны пераход з Паўночнага Ледавітага ў Ціхі акіян дзвюх атамных падлодак у складзе тактычнай групы. За той подзвіг камдыў Томка і быў удастоены высокага звання. Але не толькі пра гэтую старонку з біяграфіі земляка з гордасцю расказваюць міёрскія настаўнікі. Не менш цікавы і аповед пра Ягора Андрэевіча як чалавека веруючага, які з надзеяй на Бога пераадольваў жыццёвыя цяжкасці. Невыпадковая і назва матэрыялу Івана Ждановіча — “Ягор Томка, які служыў і верыў”.

Наша традыцыйная рубрыка “Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны” будзе і далей выходзіць на старонках “Настаўніцкай”. Чытач ужо мог азнаёміцца з некаторымі матэрыяламі кнігі, астатнія будуць абавязкова надрукаваны ў газеце. Што тычыцца трэцяй часткі трылогіі, то яе ў хуткім часе атрымаюць усе ўстановы адукацыі, пра якія вядзецца гаворка ў выданні.

Ігар ГРЭЧКА