UNISTAR­-2021 вызначыла пераможцаў

У Мінску падведзены вынікі адкрытай міжпрадметнай алімпіяды UNISTAR, якая прайшла сёлета ў дыстанцыйнай форме. Навучэнцы заваявалі 87 дыпломаў рознай вартасці. Па агульнай суме набраных балаў у камандным этапе першае месца заваявала каманда сярэдняй школы № 121 Мінска. Навучэнцам будзе ўручаны пераходзячы кубак пераможцы гэтых спаборніцтваў.

—Ужо шосты год запар у сталіцы праводзіцца адкрытая міжпрадметная алімпіяда UNISTAR, — расказвае метадыст гімназіі № 38 Таццяна Шчэрба. — Менавіта наша ўстанова стала ініцыятарам яе правядзення. Яшчэ ў 2016 годзе педагогі распрацавалі праект, які прадставілі на гарадскі конкурс “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” і атрымалі грант Мінгарвыканкама. І зараз мы яго рэалізуем. 

Унікальнасць алімпіяды ў тым, што заданні распрацоўваюцца з улікам міждысцыплінарнай інтэграцыі вучэбных прадметаў і для іх выканання неабходна прымяніць веды з розных адукацыйных галін. Вучні 8—9 класаў спаборніча­юць па трох напрамках: гуманітарным (аб’ядноўвае беларускую мову і літаратуру, рускую мову і літаратуру, сусветную гісторыю), фізіка-матэматычным (матэматыка і фізіка), прыродазнаўчанавуковым (біялогія, хімія і геаграфія). 

— Удзел у алімпіядзе садзейнічае дапрофільнай падрыхтоўцы:  удзельнікам гэтых спаборніцтваў намнога прасцей вызначыцца, на чым зрабіць акцэнт у старшых класах, — падкрэслівае Таццяна Яўгенаўна. — Алімпіяда UNISTAR — гэта яшчэ і першы крок да незалежнай ацэнкі адукацыйных дасягненняў па міжнароднай праграме PISA, асноўная мэта якой — ацэнка здольнасці школьнікаў выкарыстоўваць набытыя веды і вопыт для шырокага дыяпазону жыццёвых задач у розных сферах чалавечай дзейнасці.

Навучэнцам прапаноўваліся заданні рознага ўзроўню складанасці ў залежнасці ад выбранага напрамку, каб кожны з іх мог праявіць сябе.

Сёлета алімпіяда аб’яднала рэкордную колькасць удзельнікаў — 189 навучэнцаў, з якіх 109 васьмікласнікаў і 80 дзевяцікласнікаў. Спаборніцтвы пашырылі сваю геаграфію: калі летась яны право­дзіліся для мінскіх навучэнцаў, то сёлета паспраба­ваць свае сілы выказалі жаданне навучэнцы з Мінскага раёна (са школ Самахвалавіч, Ждановіч, Бараўлян, Астрашыцкага Гарадка і інш.). У сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй алімпіяда праводзілася другі год запар у рэжыме анлайн. Сёлета боль­шасць навучэнцаў праявілі цікавасць да гуманітарнага напрамку, менш цікавіць дзяцей прыродазнаўчанавуковы напрамак.

На працягу тыдня на асенніх канікулах навучэнец па спасылцы мог зайсці на старонку алімпіяды, выканаць заданні і даслаць адказы. Дарэчы, у распрацоўцы заданняў прымалі ўдзел выкладчыкі БДУ і педагогі гімназіі. Навучэнцам прапаноўваліся заданні рознага ўзроўню складанасці ў залежнасці ад выбранага напрамку, каб кожны з іх мог праявіць сябе. Напрыклад, па прыродазнаўчанавуковым напрамку школьнікам давалася наступнае заданне: “Калі вам спатрэбіцца ў лесе знайсці папа­раць, то вы будзеце звяртаць увагу на расліны, у якіх: 1) буйныя лісты; 2) няма каранёў; 3) кветкі дробныя, несамавітыя; 4) у глебе знаходзіцца магутнае карэнішча; 5) спарангіі размешчаны на ніжнім баку ліста?”

Цікавыя творчыя заданні сёлета прапаноўваліся і па гуманітарным напрамку. Так, напрыклад, вучням неабходна было ўжыцца ў вобраз і напісаць невялікія выказванні ад імя вядомых лю­дзей Беларусі: “Уявіце, вас называ­юць і асветнікам, і вучоным, і гуманістам, і філосафам. Што гэта была за эпоха, у якой вы жылі і тварылі?”, “Полацк, Кракаў, Падуя, Вільня. Дайце кароткую характарыстыку (2—3 сказы) і раскажыце пра значнасць кожнага з гэтых гарадоў у вашым жыцці”. Дарэчы, заданні былі прадстаўлены на ­дзвюх мовах: рускай і беларускай, і школьнікам неабходна было паказаць веды і здольнасць хутка пераключацца з адной на другую.

Вучні добра справіліся з заданнямі, прадэманстраваўшы прадметныя і міжпрадметныя веды, эрудыцыю, кругагляд. Па выніках алімпіяды яны заваявалі 87 дыпломаў: І ступені — 17, ІІ ступені — 28, ІІІ ступені — 42. Абсалютнымі пераможцамі спаборніцтваў сталі навучэнец сярэдняй школы № 73 Мінска Іван Сакалоў (9 клас, прыродазнаўчанавуковы напрамак), навучэнец сярэдняй школы № 19 імя Янкі Купалы Мінска Леў Галамызда (8 клас, прыродазнаўчанавуковы напрамак), дзевяцікласніца сярэдняй школы № 132 Мінска Аліна Меду­шэўская (гуманітарны напрамак), васьмікласніца гімназіі № 38 Мінска Ева Далінкіна (гуманітарны напрамак), навучэнка сярэдняй школы № 178 Мінска імя Т.Лук’яновіча Ганна Кляшчэўская (9 клас, фізіка-матэматычны напрамак) і навучэнец сярэдняй школы № 84 Мінска Аляксандр Слабадняк (8 клас, фізіка-матэматычны напрамак).

Віншуем пераможцаў!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.