Універсальнае асяроддзе — шлях да камфортнага свету

- 10:46Апошнія запісы, Сацыяльны ракурс

І Міжнародны спецыялізаваны форум “Універсальнае асяроддзе — 2018”, які праходзіць у Мінску з 29 лістапада па 1 снежня, на сваёй пляцоўцы прадставіў першую выставу тэхнічных сродкаў рэабілітацыі і адаптыўных тэхналогій для людзей з інваліднасцю розных назалагічных груп “ПараЭкспа” і сёмую выставу-кірмаш для старэйшага пакалення “50 плюс”. Форум ладзіцца пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкама на базе выставачнага ўнітарнага прадпрыемства “Экспафорум”.

Фота да матэрыялу: Універсальнае асяроддзе — шлях да камфортнага свету.У цырымоніі афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Віктаравіч Петрышэнка, міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Анатольеўна Касцевіч, міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерый Анатольевіч Малашка, міністр спорту і турызму Сяргей Міхайлавіч Кавальчук, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Ігар Віктаравіч Юркевіч.

“Мэтанакіраванае вырашэнне праблем асоб з абмежаванымі магчымасцямі з’яўляецца адным з базавых прынцыпаў рэалізацыі сацыяльна арыентаванай палітыкі нашай дзяржавы, — адзначыў Ігар Віктаравіч Петрышэнка. — Сёння ў Беларусі пражывае каля 570 тысяч людзей з інваліднасцю і звыш 340 тысяч грамадзян, старэйшых за 80 гадоў. Гэтыя людзі ў першую чаргу патрабу-юць да сябе асаблівых пільных увагі і адносін. У бягучым пяцігоддзі толькі ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва” на сацыяльную падтрымку гэтай катэгорыі асоб будзе накіравана больш за 2 млрд рублёў. У краіне актыўна ўдасканальваецца заканадаўства, выбудоўваецца сістэма эфектыўнай медыка-псіхалагічнай і сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі, вырашаюцца пытанні лекавага забеспячэння. Дзяржавай створаны паўнацэнныя ўмовы для заняткаў людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі фізкультурай і спортам. Мы ганарымся поспехамі параалімпійцаў, якія праслаўляюць Рэспубліку Беларусь выдатнымі спартыўнымі вынікамі. Усё больш арганічна ў аблічча нашых населеных пунктаў уваходзіць безбар’ерная інфраструктура. Названыя кірункі работы закліканы забяспечыць галоўнае — паўнацэнную інтэграцыю людзей з інваліднасцю ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства. Новае для многіх паняцце “ўніверсальнае асяроддзе” — гэта і ёсць той сістэмны комплексны падыход, які дае магчымасць чалавеку, незалежна ад яго здароўя, функцыянальных абмежаванняў, знаходзіцца ў навакольным асяроддзі без старонняй дапамогі. Гэта сучасны цывілізаваны шлях па стварэнні свету, камфортнага для кожнага. Практычнае ўкараненне прынцыпу “ўніверсальнасці” дае значныя перавагі ўсім без выключэння. Яркі і просты таго прыклад — абсталяваныя пандусамі падземныя пераходы, разлічаныя перш за ўсё на інвалідаў-калясачнікаў, ствараюць адначасова дадатковыя выгоды для бацькоў з дзіцячымі каляскамі, людзей з веласіпедамі, аблягчаюць жыццё пажылых грамадзян. Адным словам, усё тое, што распрацоўваецца і прымяняецца для людзей з інваліднасцю, з’яўляецца камфортным для ўсіх. Сёння важна падтрымліваць актыўны дыялог і пастаяннае ўзаемадзеянне паміж дзяржаўнымі і грамадскімі інстытутамі па сумесным вырашэнні актуальных праблем у гэтай сферы. Куды звяртацца і дзе шукаць прававую падтрымку людзям з інваліднасцю? Як пашырыць кола зносін і ўладкавацца на работу, аздаравіцца і адпачыць? З гэтымі і многімі іншымі актуальнымі пытаннямі штодня сутыкаюцца людзі з інваліднасцю. На сучасным этапе вельмі важна арганізаваць адзіны ўсеагульны падыход да іх вырашэння, пры гэтым максімальна шырока ўкараняць лепшы сусветны вопыт. Але самае галоўнае — карэнным чынам памяняць свядомасць грамадства ў адносінах да людзей з інваліднасцю. Пачынаць фарміраваць яе з дзіцячых гадоў, са школы. Сённяшняе мерапрыемства з’яўляецца для многіх не толькі дэманстрацыйнай, але і камунікатыўнай платформай, месцам канструктыўнага дыялогу і развіцця культуры сацыяльнага партнёрства паміж грамадствам, дзяржаўнымі інстытутамі і бізнесам”.

“Форум “Універсальнае асяроддзе” — гэта пляцоўка для дыскусіі прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, якія рэалізуюць дзяржаўную палітыку, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пажылых людзей і грамадзян, якім сёння неабходна ажыццяўляць догляд сваіх родных і блізкіх,— падкрэсліла міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Анатольеўна Касцевіч. — Мерапрыемства праходзіць напярэдадні 3 снежня — Міжнароднага дня інвалідаў і 5 снежня — Міжнароднага дня валанцёраў. Дэвіз нашага форуму — “Зрабі свет больш зручным, зрабі свет больш камфортным, зрабі свет больш даступным”. Вельмі рада бачыць сярод гасцей мерапрыемства шмат пажылых людзей. Дарэчы, па міжнароднай кваліфікацыі пажылы ўзрост пачынаецца з 65 гадоў, 75 гадоў — гэта ўжо старасць, а 90 гадоў — даўгалецце. Спадзяюся, што на працягу трох дзён работы форуму вы атрымаеце якасныя кансультацыі высокакваліфікаваных спецыялістаў, даведаецеся, дзе можна адпачыць, як паправіць здароўе”.

У дзень адкрыцця форуму адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і грамадскімі аб’яднаннямі, якія прадстаўляюць інтарэсы людзей з інваліднасцю, з мэтай сумеснай рэалізацыі палажэнняў міжнароднай Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. Пагадненне, у прыватнасці, падпісалі прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў, Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў і Беларускага таварыства глухіх.

Гасцей форуму запрасілі наведаць пленарнае пасяджэнне “Грамадства роўных магчымасцей” і круглы стол “Інклюзіўнае грамадства — праз роўны ўдзел”, дыскусійныя пляцоўкі па актуальных пытаннях дзяржаўнай і грамадскай палітыкі ў галіне сацыяльнай, медыцынскай, культурнай рэабілітацыі і абілітацыі пажылых людзей і асоб з абмежаванымі магчымасцямі, па пытаннях забеспячэння безбар’ернага даступнага асяроддзя і правоў людзей з інваліднасцю. У ходзе мерапрыемства з прэзентацыямі праектаў і вопыту работы выступаюць спецыялісты медыцынскай і сацыяльнай сфер, грамадскіх аб’яднанняў. У праграме форуму — кансультацыі ўрачоў і прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, майстар-класы, культурна-матывацыйная і творчыя праграмы, паказ моднага адзення для людзей з інваліднасцю, міні-кірмаш вакансій. У першы дзень форуму адбылося выступленне матывацыйнага спікера Аляксея Талая, госці маглі сфатаграфавацца і атрымаць аўтограф у адзінаццаціразовага параалімпійскага чэмпіёна па плаванні Ігара Бокія. Акрамя таго, айчынныя і замежныя вытворцы і пастаўшчыкі тавараў і паслуг прадставілі гатовую прадукцыю, перш за ўсё рэабілітацыйныя і дапаможныя сродкі для людзей з абмежаваннямі, напрыклад, электрычнае крэсла-каляску-трансформер “Катэрвіль”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота БелТА.