Універсальнай формулы не існуе

- 15:16Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Стварыць універсальную формулу выбарчага працэсу для краін сучаснай Еўропы нерэальна. Такое меркаванне карэспандэнту выказаў палітолаг Юрый Шаўцоў, каменціруючы дзейнасць БДІПЧ АБСЕ па паляпшэнні нацыянальных выбарчых заканадаўстваў.

Цяжкасці ў выкананні гэтай задачы, акрамя адрозненняў у электаральных, рэлігійных традыцыях, ментальнасці народаў, надае складаная сітуацыя ў Еўропе. “Амаль ва ўсіх краінах цяпер у трэндзе еўраскептыкі і ў найбліжэйшы час трэба чакаць узмацнення гэтай тэндэнцыі, — лічыць Юрый Шаўцоў. — Хутка павінны адбыцца выбары ў Германіі і Францыі. Напэўна, у гэтых краінах да ўлады прыйдуць еўраскептычна настроеныя правыя палітыкі”. Праблем, у тым ліку фінансавых, дадасць і чаканы выхад з ЕС Вялікабрытаніі, лічыць эксперт.

Гаворачы аб цяперашніх парламенцкіх выбарах у Беларусі, эксперт адзначыў добразычлівы фон, які прысутнічае ў адносінах паміж беларускімі ўладамі і міжнароднымі арганізацыямі па назіранні за выбарамі.

Такую атмасферу, прадоўжыў палітолаг, важна захаваць: выбары пройдуць, наглядальнікі выкажуць сваё меркаванне, беларускія ўлады ўважліва яго вывучаць.