Універсальны “памочнік” настаўніка-дэфектолага

- 11:59Спецыяльная адукацыя

Настаўнікі-дэфектолагі пастаянна знаходзяцца ў пошуку новых эфектыўных сродкаў і матэрыялаў для правядзення карэкцыйнай работы з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення. У продажы спецыяльных дапаможнікаў недастаткова. Выхад з гэтай сітуацыі я знайшла ў стварэнні ўніверсальнага дапаможніка, які можна выкарыстоўваць у рабоце з дашкольнікамі з ЦПМ.

Мой універсальны “памочнік” — гэта гульнявы дыванок (на дываналінавай аснове), які можна набыць у магазінах “Тавары для дома”, з адлюстраванымі на ім рознымі аб’ектамі: стадыён, паркоўка, дзіцячы сад, дрэвы, кусты, возера, дамы, дарожкі. Дадаткова я вырабіла гульнявыя комплексы (у адпаведнасці з лексічнымі тэмамі або гукамі, якія аўтаматызуюцца) з рознымі гульнявымі элементамі — кардоннымі сілуэтнымі выявамі прадметаў на ліпучках, якія сваёй формай і колерам нагадваюць рэальныя прадметы, і карцінкі-сімвалы, якія ўмоўна адлюстроўваюць назву гульні або гульнявое заданне. На аснове гэтых комплексаў распрацавала гульні па розных напрамках карэкцыйнай работы. Так, напрыклад, пры фарміраванні правільнага гукавымаўлення на этапе развіцця артыкуляцыйнай маторыкі выкарыстоўваю гульнявы комплекс “Зарадка для язычка” з агульнапрынятымі зрокавымі сімваламі артыкуляцыйных практыкаванняў “Конік”, “Смачнае варэнне”, “Кубачак”, “Грыбок” і г.д.
На этапе аўтаматызацыі ізаляванага гука — гульнявы комплекс “Гукавыя карцінкі” з сімваламі гукаў, сфарміраванымі на аснове слыхавых асацыяцый (“К” — “Кропелькі”, “С” — “Помпа”; “Ш” — “Змяя”, “Шарык”; “Р” — “Машына” і інш.). Выконваючы практыкаванне, дзіця вымаўляе гук, які аўтаматызуецца, імітуючы рух аб’екта па дарозе, траўцы, рэчцы, у паветры. На этапе аўтаматызацыі гука ў складах у гэтым жа комплексе я выкарыстоўваю практыкаванне “Песенькі”. Напрыклад, пры аўтаматызацыі гука [л] дзіцяці прапаноўваецца “падплываць” на лодачцы да розных пунктаў і на прыпынку вымаўляць склады: ЛА-ЛА-ЛА, ЛЭ-ЛЭ-ЛЭ, ЛЫ-ЛЫ-ЛЫ (прамыя і зваротныя) у залежнасці ад гука, які аўтаматызуецца.
Калі работа па аўтаматызацыі дасягае этапу фарміравання правільнага вымаўлення гука ў словах, можна зрабіць значна больш разнастайнымі заняткі, выкарыстоўваючы комплекс “Назаві правільна”. Напрыклад, у гульні “Паляцелі шарыкі” выкарыстоўваюцца сілуэтныя выявы паветраных шароў, на адваротным баку якіх прымацаваны прадметныя карцінкі з гукам [ш], які аўтаматызуецца, у назве (шапка, машына, нож і г.д. у залежнасці ад этапу работы). Дзецям даецца выява клоўна, у якога адляцелі шарыкі. Прапаноўваецца дапамагчы клоўну злавіць шарыкі. “Ловячы” шар, дзіця знімае яго з дыванка і называе прадмет, адлюстраваны на адваротным баку, стараючыся правільна вымавіць гук, які аўтаматызуецца. Калі гук вымаўлены правільна, карцінка дастаецца герою, калі няправільна — вяртаецца на дыванок.
Пры арганізацыі работы па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы прымяняецца гульнявы комплекс “Новыя словы”, які складаецца з такіх гульняў, як “Я ведаю 5 назваў…”, “Ану, назаві”, “Ану, падбяры” (па ўзбагачэнні слоўніка) з сімваламі “слова-прадмет/прымета/дзеянне/сінонім/антонім/”, “Назаві агульным словам” (на знаходжанне абагульняльнага слова для групы аднародных прадметаў) з сімвалам “абагульняльнае паняцце”. Для авалодання заканамернасцямі словазмянення, словаўтварэння, дапасавання выкарыстоўваю такія гульні, як “Назаві ласкава”, “Адзін/многа”, “Ану, падлічы”, “Скнара”, “Назаві дзіцяня”, “Чаго не стала?”, “Чые рэчы?”, “Чый хвост, галава, лапы?”, “Які сок?”, “З чаго/які прадмет?” з адпаведнымі карцінкамі-сімваламі і сілуэтнымі карцінкамі па ўсіх лексічных тэмах.
Для развіцця звязнага маўлення выкарыстоўваецца комплекс “Ану, раскажы”. Ён уключае гульні, накіраваныя на фарміраванне ўмення складаць простыя і складаныя сказы: “Без чаго?”, “Ану, дадай”, “Чамучкі”, “Жылі-былі”, “Што робім?”, а таксама гульні “Падзьмём” з сілуэтнымі карцінкамі па ўсіх лексічных тэмах і дэталямі з цэлафану, якія варушацца (з дадатковай задачай — фарміраванне накіраванага паветранага струменя). Пры фарміраванні ўмення складаць апавяданне-апісанне выкарыстоўваецца гульня “Ану, апішы” з сілуэтнымі выявамі па ўсіх лексічных тэмах і схемай апавядання-апісання. Пры пераказе кароткіх казак (напрыклад, “Рэпка”, пры вывучэнні тэмы “Сям’я”) у гульні “Ану, паўтары” фарміруецца ўменне пераказваць тэкст з апорай на сілуэтныя выявы герояў, а таксама ўменне арыентавацца ва ўзаемаразмяшчэнні аб’ектаў у шэрагу з адпрацоўкай прыназоўнікаў ЗА, ПЕРАД, ПАМІЖ. Пры рабоце над складаннем апавяданняў па апорных карцінках, творчых апавяданняў я выкарыстоўваю гульні “Ажыві карцінку”, “Ану, прыдумляй” з апорнымі карцінкамі па тэксце апавядання, а таксама адвольнымі сілуэтнымі выявамі жывёл, раслін, людзей, прыродных з’яў (на выбар дзіцяці).
Выкарыстанне гульнявога дыванка з гульнявымі комплексамі ў рабоце па навучанні пісьму таксама апраўдана. Так, пры азнаямленні з тэрмінам “гук” можна праводзіць гульні “Які гук?”, “Хто ў якім доміку жыве?”, “Знайдзі домік для гука”, “Цвёрды-мяккі”, “Раскажы пра гук” з гукавымі домікамі, схемай-характарыстыкай гука і са зрокавымі сімваламі гукаў. Пры вызначэнні пазіцыі гука ў слове дзеці мадэлююць яе на карцінках-схемах у гульнях (“Ліса/птушка ў клетцы, “Паравозік”), вызначаюць колькасць складоў у слове (“Караблі ля прычалаў”, “Кветкі ў вазах”, “Грыбы ў кошыках”).
Маніторынг маўленчага развіцця выпускнікоў спецыяльнай групы для дзяцей з ЦПМ паказаў, што сярэдні бал па параметрах, якія дыягнастуюцца, пры выкарыстанні гульнявога дыванка павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам работы без выкарыстання гэтага дапаможніка. Так, у прыватнасці, пры даследаванні гукавымаўлення сярэдні бал дынамікі навучання за навучальны год без выкарыстання гэтага дапаможніка склаў 0,8, а пры выкарыстанні гульнявога дыванка — 1,3 бала. У даследаванні слоўнікавага запасу адпаведна 0,9 і 1,2 бала, граматычнага ладу — 0,8 і 1,0 бал, звязнага маўлення — 0,9 і 1,2 бала.
Вядома, што шматразовае паўтарэнне аднаго і таго ж маўленчага матэрыялу хутка стамляе дзіця, рэзка зніжае яго ўвагу і працаздольнасць. У дзіцяці можа страціцца цікавасць да заняткаў настаўніка-дэфектолага. Комплекснае выкарыстанне гульнявога дыванка, наадварот, абуджае ў дзіцяці жаданне актыўна ўдзельнічаць у працэсе выпраўлення маўленчых парушэнняў, дазваляе ажыццяўляць індывідуальна-дыферэнцыраваны падыход да яго, а значыць, павышаецца эфектыўнасць і працаздольнасць дзіцяці, актывізуецца яго ўвага, памяць, развіваецца дробная маторыка, пашыраецца і ўзбагачаецца дыяпазон гульнявых уменняў і навыкаў.
Гэты вопыт можна выкарыстаць у карэкцыйнай рабоце з рознымі катэгорыямі дашкольнікаў з АПФР і ў розных умовах (спецыяльныя і інтэграваныя групы, пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі), можна апрабаваць гульнявы дыванок у іншых напрамках карэкцыйнай работы, папаўняць новымі гульнямі.

Наталля БУЛАЎКІНА,
настаўнік-дэфектолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Салігорска Мінскай вобласці.