Універсітэт для бацькоў

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка адбылася ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная падтрымка бацькоўства: вопыт, праблемы, перспектывы”.

Суарганізатарамі канферэнцыі сталі  Расійскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А.І.Герцэна, Джызацкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.Кадыры (Узбекістан) і Карагандзінскі ўніверсітэт імя акадэміка Я.А.Букетава (Казахстан). У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 100 навукоўцаў, педагогаў-практыкаў, іншых спецыялістаў з 8 краін. Адкрылі канферэнцыю рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук і начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Валянцінавіч Тамільчык.

— Каштоўнасць сям’і для беларусаў застаецца прыярытэтнай, пра гэта гавораць сацыялагічныя апытанні моладзі, — падк­рэсліў А.І.Жук. — Сведчаннем гэтага з’яўляецца і тое, што агульны каэфіцыент шлюбнасці ў Беларусі застаецца адным з самых высокіх сярод еўрапейскіх краін. Расце колькасць мнагадзетных сем’яў — у цяперашні час іх у Беларусі больш за 114 тысяч. Аднак існуюць і праблемы, у вырашэнні якіх сем’ям, бацькам неабходна падтрымка. Сярод найбольш вострых — нестабільнасць інстытута шлюбу і сям’і, зніжэнне маральнай адказнасці баць­коў за ўтрыманне і выхаванне дзяцей, а значыць, застаецца актуальнай праб­лема сацыяльнага сіроц­тва. Таксама неабходна адзна­чыць непад­рыхтаванасць баць­коў да выхавання дзяцей.

Рэктар БДПУ нагадаў, што ўніверсітэт удзяляе шмат увагі захаванню пазітыўных тэндэнцый у развіцці інстытута сям’і. Так, сумесна з Беларускім саюзам жанчын БДПУ ў свой час рэалізаваў рэспубліканскі сацыяльна-адукацыйны праект “Здаровая сям’я — здаровая нацыя”. Адзін з вынікаў праекта — увядзенне ў школах нашай краіны факультатыву для старшакласнікаў “Асновы сямейнага жыцця”.

Каштоўнасць сям’і для беларусаў застаецца прыярытэтнай. Агульны каэфіцыент шлюбнасці ў Беларусі — адзін з самых высокіх сярод еўрапейскіх краін.

Э.В.Тамільчык заўважыў, што вырашэнне праблем сям’і шмат у чым залежыць ад псіхолага-педагагічнай дапамогі бацькам, якая павінна быць накіравана на фарміраванне ведаў, уменняў і кампетэнтнасці дарослых. Дзеля гэтага створаны і рэалізуецца рэспубліканскі сацыяльна-адукацыйны праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, праграму якога распрацавалі навукоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. У прыватнасці, спецыялісты падрыхтавалі дапаможнік для кіраўнікоў бацькоўскіх універсітэтаў на першай ступені “Маё дзіця — малодшы школьнік”, які ўжо атрымаў грыф Міністэрства адукацыі і будзе выда­дзены ў найбліжэйшы час. Падрыхтаваны дапаможнікі для другой і трэцяй ступеней баць­коўскага ўніверсітэта.

— Мы бачым наступныя шляхі для эфектыўнай работы бацькоўскіх універсітэтаў: прыцягненне спецыялістаў раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў да суправаджэння гэтых універсітэтаў, прымяненне інавацыйных форм і метадаў у рабоце з законнымі прадстаўнікамі дзяцей, правя­дзенне выязных пасяджэнняў на прадпрыемствах для пашырэння ахопу бацькоў, стварэнне медыякейсаў для пасяджэнняў бацькоўскіх універсітэтаў, — падкрэсліў Эдуард Валянцінавіч.

Старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Фёдар Поўны заўважыў, што, разважаючы на тэму адказнага бацькоўства, ён прыйшоў да высновы: каштоў­насць бацькоўства вызначана ўжо тым, што адносіны бацькоўства і сыноўства закладзены ў асабістых адносінах Святой Тройцы. А адносіны мацярынства вызначаюцца духоўнай вышынёй і чысцінёй Божай Маці.

— Галоўнае, каб вектар развіцця дзіцяці быў адзін як у школе, так і ў сям’і, —падкрэсліў выступоўца. — А вектар гэты задаюць духоўныя традыцыі народа і нацыянальныя погляды.

Падрабязна аб праекце “Бацькоўскі ўніверсітэт” расказала дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ Вера Васільеўна Мартынава.

— Лічым, што бацькоўскі ўніверсітэт павінен стаць сістэмай работы з бацькамі ва ўмовах школы, і распрацавалі адпаведную праграму яго дзейнасці, — расказала В.В.Мартынава. — Як паказала практыка, бацькоўскі ўніверсітэт забяспечвае сацыяльнае партнёрства бацькоў і школы. Ствараецца сістэма сацыяльна-педагагічнага суправаджэння сям’і, адбываецца знаёмства з ладам жыцця шчаслівай сям’і. Мы распрацавалі тры ступені ўніверсітэта: “Маё дзіця — малодшы школьнік”, “Маё дзіця — падлетак” і “Маё дзіця — старшакласнік”. Безумоўна, у аснову праграмы закла­дзены запыты бацькоў, праблемы, якія яны адчуваюць у выхаванні дзяцей, ва ўзаемаадносінах з педагогамі.

Дарэчы, Вера Васільеўна нагадала пра даследаванне сярод бацькоў, якое праводзілася раней. Яно паказала, што самымі важнымі праблемамі выхавання для сучасных мам і татаў з’яўляюцца камп’ютарная і інтэрнэт-залежнасці дзяцей, што адзначылі больш за 40% апытаных. На другім месцы па складанасці вырашэння — праблема ляноты дзяцей.

— Нас радуе, што амаль 87% бацькоў адзначылі: у сям’і ёсць узаемаразуменне, — дадала В.В.Мартынава. — Аднак амаль 40% апытаных адчуваюць цяжкасці ў выхаванні сваіх дзяцей, і кожны пяты адзначыў, што не здольны ўплываць на паводзіны дзіцяці. Амаль 40% бацькоў заўважылі, што іх веды па выхаванні не зусім дастатковыя, 6% — недастатковыя.

Такім чынам, работа бацькоўскіх універсітэтаў уяўляецца вельмі важнай для сістэмнай і комплекснай дапамогі бацькам. Сістэма падтрымкі пры гэтым павінна складацца з трох кірункаў: арганізацыйны, які ўключае стварэнне сайта, рэсурсаў у сацыяльных сетках; інфармацыйна-асветніцкі і зместавы — навукова-метадычнае забеспячэнне і г.д.

На пленарным пасяджэнні таксама былі прадстаўлены міжнародны вопыт сацыяльна-адукацыйнай падтрымкі бацькоўства, аналіз практычнага вопыту работы бацькоўскага ўніверсітэта. Дарэчы, на сайце факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій створана анлайн-платформа для дапамогі педагогам і бацькам. Тут з’явяцца і матэрыялы, прадстаўленыя ўдзельнікамі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі.

Работа міжнароднай канферэнцыі ўключала некалькіх секцый. Так, адна з іх прайшла ў рэжыме дыялогавай пляцоўкі і тычылася сацыяльна-педагагічнай падтрымкі баць­коўства ва ўстановах адукацыі. Другая — “Сям’я ХХІ стагоддзя” — была арганізавана ў фармаце фарсайт-сесіі (сесіі па фарміраванні бачання будучыні праз 15—25 гадоў на падставе трэндаў, якія існуюць сёння). Яшчэ адна сесія была прысвечана інавацыйным тэхналогіям сацыяльнай работы з сям’ёй.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Кацярыны Тамковіч.